Гэта яшчэ не фізычны запуск энэргаблёку. Увод у эксплюатацыю першага энэргаблёку заплянаваны на сьнежань.
Інжынірынгавае падразьдзяленьне кампаніі «Росатом», якая будуе Беларускую АЭС у Астраўцы, паведаміла 5 красавіка пра пачатак першага з чатырох этапаў запуску першага энэргаблёку БелАЭС.
Агулам плянуюцца чатыры этапы:
- Перадпускавыя наладачныя працы (пачаўся цяпер);
- Фізычны пуск;
- Энэргетычны пуск;
- Досьледна-прамысловая эксплюатацыя.
Графік этапаў не публікуецца, але пачатак эксплюатацыі першага энэргаблёку раней быў заплянаваны на сьнежань 2019 году (другога – на ліпень 2020-га). У канцы сакавіка паведамлялася, што першы энэргаблёк БелАЭС гатовы на 87%.
Падчас цяперашняга этапу спэцыялісты будуць правяраць працаздольнасьць сыстэмаў і абсталяваньня рэактарнай устаноўкі і гермэтычнай агароджы будынку рэактара — і гэта будзе адбывацца яшчэ да загрузкі паліва.
Беларуская АЭС узводзіцца пад Астраўцом (Горадзенская вобласьць) за кошт крэдыту Расеі. Крэдытная лінія на суму да 10 млрд даляраў на будаўніцтва БелАЭС адкрытая да 2035 году.