Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэра Рыгі адправілі ў адстаўку праз карупцыйны скандал


Ніл Ушакоў
Ніл Ушакоў

Міністар аховы навакольнага асяродзьдзя і рэгіянальнага разьвіцьця Латвіі Юрыс Пуцэ адправіў у адстаўку мэра Рыгі Ніла Ушакова ў сувязі са справай аб карупцыі ў муніцыпальнай транспартнай кампаніі.

Адпаведнае распараджэньне апублікаванае ў афіцыйным весьніку латвійскага ўраду. Яно можа быць абскарджанае ў судзе на працягу 30 дзён. Ушакоў назваў рашэньне міністра адправіць яго ў адстаўку не прававым, а палітычным.

Ушакова, у прыватнасьці, западозрылі ў нямэтавым выдаткоўваньні сродкаў кампаніі «Рыгас сатыксмэ», а таксама невыкананьні абавязкаў у кантролі яе закупак. «Рыгас сатыксмэ» і яе структуры адказваюць за ўвесь грамадзкі транспарт у Рызе, усе маршруткі і амаль усе паркоўкі ў горадзе.

Раней у лютым Рыская дума чарговы раз не падтрымала патрабаваньне апазыцыі аб адстаўцы Ушакова. Падставай для вынясеньня гэтага пытаньня на галасаваньне сталі ператрусы, якія супрацоўнікі Бюро прадухіленьня і барацьбы з карупцыяй Латвіі правялі ў доме мэра Рыгі і ў ягоным кабінэце ў будынку Рыскай думы. Яны былі зьвязаныя з расьсьледаваньнем справы аб карупцыі ў «Рыгас сатыксмэ» пры закупцы тралейбусаў і трамваяў у чэскай кампаніі «Шкода» і польскай «Салярыс».

Агульная сума падазроных угодаў дасягае 270 мільёнаў эўра. Гэта прыкладна чвэрць гадавога бюджэту Рыгі.

Самога Ушакова не абвінавачваюць у карупцыі, а толькі ў неналежным выкананьні абавязкаў мэра.

Ніл Ушакоў заняў пасаду мэра Рыгі ў 2009 годзе, у 2017 годзе яго перавыбралі на трэці тэрмін. Ушакоў узначальвае прарасейскую партыю «Згода», якая ў 2018 годзе заняла першае месца на парлямэнцкіх выбарах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG