Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці 328» пікетуюць Дом ураду, патрабуюць сустрэчы з кіраўніком Палаты прадстаўнікоў

абноўлена

Cваякі асуджаных па «антынаркатычным» ля Дому ўраду. 2 красавіка 2019 году
Cваякі асуджаных па «антынаркатычным» ля Дому ўраду. 2 красавіка 2019 году

Каля дваццаці сваякоў асуджаных паводле «антынаркатычнага» артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу Беларусі раніцай 2 красавіка прыйшлі да Дома ўраду ў Менску і патрабуюць сустрэчы са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімерам Андрэйчанкам, паведамляе БелаПАН.

Да прысутных выйшаў загадчык аддзелу працы са зваротамі грамадзян Палаты прадстаўнікоў Віктар Сазон. Цяпер ён абмяркоўвае зь імі магчымасьць арганізацыі такой сустрэчы.

Віктар Сазон (у цэнтры)
Віктар Сазон (у цэнтры)

2 красавіка адкрываецца шостая сэсія Палаты прадстаўнікоў, і сваякі асуджаных хочуць абмеркаваць з Андрэйчанкам тэрміны, у якія законапраект па зьмяненьні 328-га артыкулу будзе ўнесены на разгляд дэпутатаў.

За прысутнымі назіралі каля дзясятка «людзей у цывільным» і супрацоўнікаў праваахоўных органаў у форме. Некаторыя вядуць відэазапіс таго, што адбываецца.

Загадчык аддзелу падрыхтоўкі законапраектаў Андрэй Броньнікаў выйшаў да жанчынаў і сказаў, каб яны прыклалі да заявы копіі прысудаў. Тыя абурыліся: навошта?

«Маці-328» патрабуюць выхаду да іх старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Андрэйчанкі, але яго няма. Прыйшоў толькі начальнік аддзелу працы са зваротамі грамадзянаў Віктар Сазон і сказаў, што ў канцы дня выйдзе старшыня камісіі па нацыянальнай бясьпецы Палаты прадстаўнікоў Валянцін Міхневіч і пагаворыць з жанчынамі. Выхаду Андрэйчанкі цяпер нават у канцы дня не абяцаюць.

Праз 20-30 хвілінаў пасьля пачатку акцыі дзесяць жанчын прайшлі ў вэстыбюль Дому ўраду, пачалі праходзіць кантроль, ды неўзабаве выйшлі назад на двор.

Валянцін Міхневіч выйшаў да прысутных і сказаў, што ў яго цяпер няма часу, бо ідзе сэсія Палаты прадстаўнікоў. Замест яго на да прысутных выйшаў намесьнік старшыні Васіль Чэкан і паведаміў актывісткам руху «Маці 328», што законапраект аб зьменах у «наркатычны» артыкул 328 КК знаходзіцца на ўзгадненьні ў Савеце міністраў, у тым ліку ў МУС.

Ён адмовіўся пры актывістках пазваніць у МУС і спытаць, калі прапановы ўзгодняць. Сказаў пэўна, што калі гэтага не адбудзецца, дык законапраект на разгляд сэсіі не патрапіць. Васіль Чэкан паведаміў актывісткам, што за 3 гады свайго дэпутацтва толькі аднойчы накіроўваў дэпутацкі запыт, але гэта ня тычылася праблемы артыкулу 328.

Тацяна Канеўская заўважыла, што нікога з прадстаўніц руху «Маці 328» не ўключылі ў рабочую групу па падрыхтоўцы зьменаў у артыкул 328. У выніку актывісткам нічога невядома пра тое, дзе цяпер знаходзяцца падрыхтаваныя зьмены.

Актывісткі руху «Маці 328» вырашаюць, хто зь іх пойдзе ва ўрад, каб даведацца, дзе законапраект аб зьменах у артыкул 328. Зьбіраюцца спачатку пайсьці ў сакратарыят.

«І вы ня ведаеце, дзе ён?» — «Галоўнае, каб яго ня зьелі», — жартуюць пра законапраект.

Актывісткі даведаліся, што праект зьменаў у артыкул 328 знаходзіцца на подпісе ў аднаго з віцэ-прам'ераў, але калі будзе падпісаны, ім не сказалі. Калі ўрад узгодніць прапанаваныя зьмены, паводле дэпутата Чэкана, яшчэ спатрэбіцца ўзгадненьне з Вярхоўным судом, які раней быў супраць прапанаваных зьменаў.

Васіль Чэкан адказвае на пытаньні прысутных
Васіль Чэкан адказвае на пытаньні прысутных

Актывістка «Маці-328» Тацяна Канеўская сказала, што іхная мэта – дамагчыся, каб законапраект аб папраўках у артыкул 328 быў прыняты ўжо ў пачатку сэсіі, каб да канца сэсіі ён трапіў у Верхнюю палату і пайшоў на подпіс Лукашэнку, каб не паўтарылася тое, «як было на восеньскай сэсіі» летась.

Цяпер усе актывісты — каля 30 жанчын і некалькі мужчын — сабраліся на плошчы. Кажуць, што будуць стаяць да канца дня разам і чакаць, што да іх выйдуць іншыя афіцыйныя асобы.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG