Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-старшыню прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча затрымалі ў ягонай кватэры

абноўлена

Генадзь Фядыніч

Лідэр прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Генадзь Фядыніч, які адбывае 4-гадовае пакараньне «хатняй хіміяй», паведаміў, што да яго ў кватэру прыйшлі супрацоўнікі міліцыі і затрымалі, западозрыўшы, што ён у нецвярозым стане.

— Я цьвярозы і не парушаў умоваў «хатняй хіміі», — пасьпеў паведаміць Генадзь Фядыніч рэдакцыі praca-by.info падчас затрыманьня.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, былога старшыню прафсаюзу РЭП даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску для агляду.

Згодна з умовамі «хатняй хіміі», Генадзь Фядыніч ня можа знаходзіцца па-за домам пазней за 19:00 у буднія дні і ня мае права пакідаць кватэру ў выходныя. Таксама забаронена ўжываць алькаголь на ўвесь тэрмін пакараньня — 4 гады. Супрацоўнікі міліцыі кантралююць выкананьне гэтых умоваў, г.зн. могуць прыйсьці да яго дахаты ў любы час дня і ночы.

Як стала вядома пазьней, ужо ўвечары Генадзя Фядыніча адпусьцілі. Па інфармацыі сайту незалежнага прафсаюзу РЭП, ён вярнуўся дахаты на мэтро.

Летась суд Савецкага раёну Менску прызнаў лідэраў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка вінаватымі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і прысудзіў чатыры гады абмежаваньня волі без накіраваньня ва ўстанову адкрытага тыпу зь пяцігадовай забаронай займаць кіраўнічыя пасады.

Суд прызнаў прафсаюзных дзеячаў вінаватымі ў тым, што яны «выкарыстоўвалі асоб, якія ня ведалі аб злачынным характары дзеяньняў, для перавозкі грошай з-за мяжы, якія не рэгістраваліся ў дэпартамэнце па гуманітарнай дзейнасьці Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта». Наўмысна скажаючы дадзеныя ў бухгалтарскім уліку, лідэры прафсаюза РЭП, як палічыў суд, ухіляліся ад выплаты падаткаў.

«Справа РЭП». Што важна ведаць

  • Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка затрымалі 2 жніўня 2017 году. Комлік заставаўся пад вартай да пачатку кастрычніка 2017 году. Паводле сьледзтва, на літоўскі рахунак Фядыніча і Комліка ў 2011 годзе паступіла больш за 140 тысяч эўра, якія не праходзілі ў фінансавых справаздачах.
  • Прафсаюзных актывістаў абвінавацілі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў на 23 тысячы рублёў.
  • У межах справы сьледчыя апыталі больш за 800 актывістаў прафсаюзу РЭП па ўсёй краіне.
  • 24 жніўня лідэраў незалежнага прафсаюзу РЭП Фядыніча і Комліка асудзілі на 4 гады «хатняй хіміі».
  • Фігуранты справы называюць яе «цалкам сфабрыкаванай».
  • Праваабаронцы, якія сачылі за судовым працэсам, адзначалі, што многія доказы здабытыя ў межах «таямнічых працэдураў».
  • З заявамі пра неабходнасьць адмены абвінаваўчага прысуду Фядынічу і Комліку выступаюць беларускія праваабарончыя і міжнародныя арганізацыі. Так, на думку міжнароднай праваабарончай арганізацыі Front Line Defenders, перасьлед прафсаюзных лідэраў зьвязаны выключна зь іхнай мірнай і законнай працай у галіне абароны правоў чалавека.
  • З патрабаваньнем адмяніць пакараньне лідэрам РЭП зьвярнуліся да прэзыдэнта Беларусі Глябальны саюз IndustriALL і Міжнародная канфэдэрацыя прафсаюзаў.

Што такое прафсаюз РЭП і чаму яго перасьледуюць

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG