Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі праходзіць «тыдзень супраць расізму, дыскрымінацыі і нянавісьці»


Праваабаронцы арганізацыі Human Constanta і актывісты яе партнэрскіх групаў зладзілі ў Беларусі тыдзень асьветніцкіх захадаў.

Каардынатар акцыі Валдзіс Фугаш адзначае, што праблемы расізму, дыскрымінацыі і нянавісьці актуальныя для Беларусі.

«Паводле „індэксу расізму“ ў выніку дасьледаваньняў, якія праводзілі ў 2017 годзе, беларусы ў тройцы лідэраў у Эўропе. Тут назіраецца дыскрымінацыя і па полавай прыкмеце, і паводле нацыянальнасьці. У асобных людзей ёсьць выразная нянавісьць да ЛГБТ-супольнасьці, што ўжо прыводзіла да гучных злачынстваў. Вось чаму мы кажам, што патрэбны моцныя намаганьні, каб вярнуць у Беларусь традыцыі талерантнасьці, і робім свой унёсак у агульную справу».

Паводле прагнозаў Валдзіса Фугаша, імпрэзы тыдня наведае каля 600 чалавек.

Тыдзень супраць расізму, дыскрымінацыі і нянавісьці пачаўся ў панядзелак зь лекцыі «Гары Потэр: чароўны сьвет і правы меншасьцяў». У аўторак прайшлі дэбаты наконт дыскрымінацыі. У сераду — сэмінар на тэму антыфашызму.

У пятніцу ў прасторы «Другі паверх» (пр. Машэрава, 9/8) будзе прагляд і абмеркаваньне дакумэнтальнага фільму «Гуляй як дзяўчынка» пра дыскрымінацыю жанчын у футболе. Стужку зьняў малады спартовы журналіст Ягор Калесьнік са Слуцку.

Завершыцца праграма тыдня 23 сакавіка ў Берасьці праглядам мастацкай стужкі «Сэльма» пра дзейнасьць Мартына Лютэра Кінга.

Падрабязнасьці «Тыдня супраць расізму, дыскрымінацыі і нянавісьці» можна даведацца на адмысловых старонках у «Фэйсбуку» і «Ўкантакце».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG