Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заява аб невінаватасьці «Бурага» ня мае юрыдычнай сілы, — польскі пракурор


Ромуальд Райс «Буры», фота ваеннага часу

Пракурор Анджэй Пазорскі, кіраўнік сьледчага аддзелу Інстытуту нацыянальнай памяці, сказаў Gazecie Wyborczej, што пра апублікаванае на гэтым тыдні паведамленьне ў справе сьледзтва 2005 году аб злачынствах Ромуальда Райса у адносінах да беларусаў Падляшша ягоны аддзел нічога ня ведаў.

«Наконт паведамленьня з намі не кансультаваліся. Я ня ведаў, што яно будзе апублікаванае. Нас пра гэта ніхто не інфармаваў. Заява ня мае юрыдычнай сілы», — цытуе Пазорскага польская газэта.

11 сакавіка на сайце Інстытуту нацыянальнай памяці (ІНП) Польшчы зьявілася паведамленьне, якое апраўдвае Ромуальда Райса «Бурага», сьцьвярджаючы, што ранейшыя высновы Інстытуту аб яго ўдзеле ў генацыдзе этнічна беларускага насельніцтва на Падляшшы былі «хібнымі». Паводле паведамленьня, у сьвятле цяперашняга польскага заканадаўства за Ромуальдам Райсам няма ніякай віны.

У паведамленьні цытаваўся, сярод іншага, гісторык Казімеж Краеўскі, артыкулы якога нібыта спрычыніліся да таго, што Інстытут зьмяніў сваю выснову ад 2005 году і больш ня лічыць, што забойствы ў беларускіх вёсках на Падляшшы мелі «прыкметы генацыду».

У інтэрвію Свабодзе Казімеж Краеўскі сказаў, што «ў „Бурага“ была магчымасьць спаліць ня пяць вёсак, а значна больш, але ён гэтага не зрабіў». Гэта, на думку гісторыка, адзін з чыньнікаў, які сьведчыць у карысьць «Бурага» і адпрэчвае ранейшую выснову ІНП, што «Буры» насамрэч зьдзейсьніў генацыд.

У выніку крывавага рэйду аддзелу Ромуальда Райса ў студзені-лютым 1946 году згарэлі, часткова або цалкам, вёскі Залешаны, Волька, Шпакі, Зані, Канцавізна. Загінулі тады ад куль або ў полымі 79 чалавек, у тым ліку жанчыны і дзеці ды 30 беларускіх фурманаў, якіх «Буры» перахапіў на шляху свайго крывавага рэйду. У 2005 годзе сьледчыя Інстытуту нацыянальнай памяці зрабілі выснову, што гэтыя дзеяньні Ромуальда Райса «мелі прыкметы генацыду» ў адносінах да праваслаўных беларусаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG