Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі Беларусь уступіць у Эўразьвяз?


Выдатнікі і двоечнікі Ўсходняга партнэрства
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:35:17 0:00

Выдатнікі і двоечнікі Ўсходняга партнэрства

Дзесяць гадоў таму Беларусь запрасілі ў праграму «Усходняе партнэрства». Што яна дала Беларусі, і як скарысталіся праграмай іншыя чальцы партнэрства? І ці ўступіць Беларусь калі-небудзь у Эўразьвяз?

​У праграме ўдзельнічаюць аналітыкі з розных рэдакцыяў Радыё Свабода: азэрбайджанскай — Ількін Мамадаў, армянскай — Грайр Тамразян, беларускай — Юры Дракахруст, грузінскай — Вадзім Дубноў, малдоўскай — Раду Беня, украінскай — Расьціслаў Хоцін. Вядучая Ганна Соўсь.

Прапануем фрагмэнты дыскусіі.

Сьцісла:

  • Калі браць асноўныя прапановы «Усходняга партнэрства» — зону свабоднага гандлю і бязьвіз, то ў гэтых пазыцыях Беларусь не прасунулася ніяк.
  • Што б не казалі, але праграма за 10 гадоў у любым разе эканамічна пераарыентоўвае гэтыя краіны на Захад.
  • «Усходняе партнэрства» было задуманае як альтэрнатыва паўнавартаснаму сяброўству ў ЭЗ.

Беларусь: «Усходняе партнэрства» зьмяніла атмасфэру

Ганна Соўсь: 10 гадоў таму Беларусь афіцыйна запрасілі ўзяць удзел у праекце Эўразьвязу «Усходняе партнэрства», скіраваным на паглыбленьне адносінаў з краінамі Ўсходняй Эўропы. У Беларусі і тады ўжо была рэпутацыя «апошняй дыктатуры Эўропы». Чаму яе тады ўсё ж запрасілі ў Партнэрства?

Юры Дракахруст: Для Эўропы гэта была пэўная рызыка. Сапраўды, ведалі, зь кім маюць справу ў Менску, але былі некаторыя спадзяваньні, што само ўзаемадзеяньне з Эўразьвязам паспрыяе нейкім зрухам у дэмакратычны бок. Тым больш, што пэўныя морквачкі былі прапанаваныя ў межах гэтага ўзаемадзеяньня. Акрамя таго, быў спадзеў, што сярод шасьці запрошаных краінаў больш дэмакратычныя будуць «выхоўваць» менш дэмакратычныя. Была стратэгічная думка, а як бы і Беларусь нейкім акуратным, асьцярожным чынам хаця б крышачку вывесьці з зоны расейскага ўплыву ці прынамсі зьменшыць гэты ўплыў, паказаць Беларусі, што ёсьць акрамя шашы «Менск-Масква» і іншыя шляхі.

Ганна Соўсь: Эўразьвяз праз праграму «Усходняе партнэрства» прапаноўваў краінам партнэрам фактычна дзьве рэчы — зону свабоднага гандлю з ЭЗ і бязьвізавы рэжым. Ці хоць неяк прасунулася Беларусь у дасягненьні гэтых мэтаў?

Юры Дракахруст: Калі браць асноўныя прапановы «Усходняга партнэрства» — зону свабоднага гандлю і бязьвіз, то ў гэтых пазыцыях Беларусь не прасунулася ніяк. Больш таго нават перамовы пра так званы спрошчаны візавы рэжым Беларусь пачала толькі ў 2013 годзе, яны працягваюцца 6 гадоў і дагэтуль не завершаныя. А зьніжэньня коштаў віз дамаглася і Армэнія, і нават ня надта дэмакратычны Азэрбайджан. Яны ў 2014 гэта ўжо мелі. А ў Беларусі няма з Эўразьвязам нават рамачнага пагадненьня аб прынцыпах супрацоўніцтва. Таксама вакол гэтага ідуць перамовы.

Калі казаць пра інстытуцыйныя рэчы, то адказ — нічога. Але ў пэўным сэнсе атмасфэра гэтага супрацоўніцтва, нейкія сустрэчы пэўнаму збліжэньню бакоў спрыялі. Пэўны час былі санкцыі, потым санкцыі зьнялі. І цяжка сказаць, гэта адбывалася ў межах «Усходняга партнэрства» ці проста двухбаковых адносінаў Эўразьвязу і Беларусі. Ёсьць розныя праекты памежнага супрацоўніцтва, падтрымкі мясцовага самакіраваньня, якія рэалізоўваліся і ў межах «Усходняга партнэрства», а таксама былі наўпроставыя гаранты ад ЭЗ. Для Беларусі «Ўсходняе партнэрства» зьмяніла атмасфэру.

Украіна: Дзякуючы высокім патрабаваньням ЭЗ адбываецца мадэрнізацыя ўкраінскай эканомікі

Ганна Соўсь: Украіна, у адрозьненьні ад Беларусі, першапачатковых мэтаў Партнэрства дасягнула. І вядома, якую вялікую цану давялося за гэта заплаціць. Людзі на Майдане патрабавалі, каб Януковіч падпісаў з ЭЗ дамову аб асацыяцыі і зоне свабоднага гандлю. Цяпер гэтыя дамовы падпісаныя. Што дала Ўкраіне зона свабоднага гандлю з ЭЗ? Як гэта паўплывала на эканоміку краіны?

Расьціслаў Хоцін: Паглыбленая зона вольнага гандлю паміж ЭЗ і Ўкраінай дзейнічае ўжо тры гады. Зараз ЭЗ — найвялікшы гандлёвы партнэр Украіны. На яго прыпадае 43% зьнешняга тавараабароту Ўкраіны. Расея — каля 10%. Адбылася вялікая пераарыентацыя ўкраінскай эканомікі на Захад, на Эўразьвяз. З «Усходняга партнэрства» акрамя Беларусі практычна ва ўсіх — Украіны, Малдовы, Грузіі, Армэніі, Азэрбайджане гандлёвым партнэрам нумар адзін ёсьць Эўразьвяз. У Беларусі — пакуль Расея, Эўразьвяз — на другім месцы. Што б не казалі, але «Ўсходняе партнэрства» за 10 гадоў эканамічна пераарыентоўвае і іншыя краіны на Захад.

Галоўнае — нават ня лічбы, а тое, што адбываецца мадэрнізацыя ўкраінскай эканомікі дзякуючы высокім патрабаваньням з боку ЭЗ. Высокі санітарныя, экалягічныя ды іншыя стандарты ЭЗ змушаюць украінскіх вытворцаў мадэрнізаваць сваю вытворчасьць. Хочаш прадаваць у Эўропу — мусіш прадэманстраваць якасьць. Гэта адбылося з такім прадуктам як масла. ЭЗ адкрыў рынак для ўкраінскага масла, і Ўкраіна змагла так палепшыць якасьць малочнай прадукцыі, што ўвайшла ў топ экспарцёраў гэтага прадукту ва ўсім сьвеце.

Ганна Соўсь: А ці ёсьць у Эўразьвяза для Ўкраіны плян «Усходняе партнэрства +»? Калі разглядаць партнэрства як школу, то Украіна скончыла яе на выдатна. А што наконт далейшых ступеняў? Ці прапаноўвае Эўразьвяз нейкі шлях ва " унівэрсытэт«, а дакладней сяброўства ў ЭЗ?

Расьціслаў Хоцін: Угода пра асацыяцыю ёсьць, зона свабоднага гандлю ёсьць, бязьвіз ёсьць. Зараз адбываецца працэс транспартнай інтэграцыі Ўкраіны з ЭЗ. Лаўкосты — авіяцыйны транспарт, аўтамабільны транспарт — цяпер будуюцца аўтастрады з Польшчай і Славаччынай. Неўзабаве можна будзе з правага ўзьбярэжжа Ўкраіны з ранку выехаўшы, у той самы дзень прыехаць у Эўразьвяз. Усё болей людзей езьдзіць да ЭЗ больш, чым да Расеі. Упершыню з 19 стагодзьдзя новыя чыгуначныя дарогі збудаваныя на тэрыторыі Ўкраіны. Наступны этап — магчыма будзе скасаваная аплата за роўмінг з ЭЗ. Украіна хоча інтэгравацца ў лічбавы, мытны і энэргетычны саюз і гаворыць пра тое, каб уступіць у Шэнгенскую зону. Гэта ўсё яшчэ да сяброўства ў ЭЗ.

Адбываецца частковая інтэграцыя. Калі такая вялікая, праблемная краіна як Украіна прыйдзе да дзьвярэй ЭЗ і пазвоніць, то імя ня будзе страшна: «Як вы ўзяліся? Што з вамі рабіць?» Дык мы ўжо там — адна рука, адна нага, палову корпусу ўжо ў Эўразьвязе, мы інтэграваныя ў тое і тое. І гэта будзе дэ-факта інтэграцыя, і толькі трэба будзе зацьвердзіць сяброўства дэ-юрэ.

Малдова: Прэфэрэнцыямі ЭЗ інтэнсіўна карыстаюцца і жыхары прарасейскага Прыднястроўя

Раду Беня: Для большасьці грамадзянаў Малдовы «Ўсходняе партнэрства» — гэта найперш бязьвізавы рэжым. Шмат грамадзянаў Малдовы жывуць у краінах ЭЗ і для многіх было вельмі радасным рашэньне 24 красавіка 2014 году аб бязьвізавым рэжыме. І эканамічная асацыяцыя з ЭЗ прынесла Малдове шмат выгады. Малдова пэрыядычна сутыкаецца з разнастайнымі эмбарга з боку Расеі, і тыя прэфэрэнцыі, якія атрымала Малдова ад ЭЗ, вельмі ёй дапамаглі. Цікава, што гэтымі прэфэрэнцыямі вельмі інтэнсіўна карыстаюцца і жыхары прарасейскага Прыднястроўя.

Азэрбайджан: Азэрбайджанскія ўлады ў сфэры энэргетыкі атрымалі тое, на што разьлічвалі

Ількін Мамадаў: З «Усходнім партнэрствам» у Азэрбайджане адбылося тое ж, што і зь іншымі праграмамі супрацоўніцтва, якія прапаноўваў ЭЗ. Азэрбайджанскія ўлады спадзяваліся найперш на супрацу ў сфэры энэргетыкі. І ў гэтым пытаньні і ЭЗ, і Азэрбайджан атрымалі тое, на што разьлічвалі. Але ў сфэры рэформаў, правоў чалавека, сытуацыя ў Азэрбайджане за апошнія 10 гадоў толькі пагоршылася. Калі казаць пра далёкую пэрспэктыву, то ў Азэрбайджане няшмат надзеяў на тое, каб уступіць у ЭЗ. У нас на поўначы Расея, якая мае мяжу з Азэрбайджанам. Азэрбайджанскія ўлады, пачынаючы з Гейдара Аліева, ня надта імкнуцца ў ЭЗ і спрабуюць весьці палітыку балянсаваньня паміж Захадам і Расеяй.

Армэнія: Эканамічная дапамога была магчымай толькі ў выпадку прагрэсу ў рэформах

Грайр Тамразян: У 2017 годзе Армэнія падпісала з ЭЗ пагадненьне аб пашыраным партнэрстве. ЭЗ доўга вёў перамовы з Армэніяй, спадзеючыся, што яна падпіша пагадненьне аб свабоднай эканамічнай зоне. Але гэтага не адбылося. Расея ў апошні момант выклікала «на дыван» Сэржа Саргсьяна, які тады быў прэзыдэнтам. Адбыўся зьнешнепалітычны пераварот, замест дамовы аб асацыяцыі з ЭЗ Саргсьян падпісаў дамову аб уступленьні Армэніі ў Мытны саюз Беларусі, Казахстану і Расеі. Пазьней Армэніі пагадзілася падпісаць з ЭЗ дамову, якая менш абавязвала бакі. Новае пагадненьне ўсё ж захавала важны інструмэнт узьдзеяньня на ўлады Армэніі. Эканамічная дапамога была магчымай толькі ў выпадку прагрэсу ў рэформах, у тым ліку і палітычных, пашырэньня свабоды для грамадзянскай супольнасьці.

Грузія: У Партнэрстве сабраліся краіны, якія ў абсяжнай будучыні ня стануць ні чальцамі ЭЗ, ні чальцамі NATO

Вадзім Дубноў: Усходняе партнэрства — гэта своеасаблівы клюб, чальцам якога дазволена ўдзельнічаць у нейкіх акцыях. Гэты клюб не дапамагае гэтыя акцыі выйграць, проста без сяброўства ў клюбе ў гэтых акцыях нельга ўзяць удзел. Грузія гэтым скарысталася, атрымала бязьвізавы рэжым. «Усходняе партнэрства» было задуманае як альтэрнатыва паўнавартаснаму сяброўству ў ЭЗ. У ім сабраліся краіны, якія ў абсяжнай будучыні ня стануць ні чальцамі ЭЗ, ні чальцамі NATO. І гэта вызваляе ўсе гэтыя краіны, у тым ліку і Грузію, ад таго, каб надта ўжо напружвацца па ўпарадкаваньні ўнутранага жыцьця.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG