Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не кідайце камяні ў Трусава і Голубева


Алесь Краўцэвіч
Алесь Краўцэвіч

Пасьля «вялікай размовы» Лукашэнкі неадназначную рэакцыю выклікалі выказваньні пра яе вядомых у Беларусі асобаў Алега Трусава і Валянціна Голубева. Нехта прамаўчаў, але ў сацсетках, прыватных размовах чытаў і чуў галасы недаўменьня і асуджэньня. Маўляў, здрадзілі, падлізваюцца, прыніжаюцца, услых захапляюцца дыктатарам. Прызнаюся, і ў мяне магла быць падобная рэакцыя, калі б не адна акалічнасьць.

Алега Трусава і Валянціна Голубева ведаю больш сарака гадоў, яшчэ са студэнцтва. Знаёміўся з імі не на пагулянках-танцульках, а ў палявых умовах, дзе характар і вартасьці чалавека выяўляюцца вельмі хутка. З Трусавым паўтара дзясятка гадоў ў археалягічных экспэдыцыях, з Голубевым кіркамі рука ў руку дзяўбалі якуцкую вечную мерзлату ў будатрадах.

Гэтыя людзі давялі сваю вартасьць як дэпутаты апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце, калі змагаліся за незалежнасьць Беларусі. Гэта яны, нягледзячы на праблемы са здароўем у абодвух, былі сярод тых, зьбітых дубінкамі дэпутатаў, якія галадавалі ў залі паседжаньняў.

Яны нікуды ня зьехалі з краіны і рабілі ўсё, што маглі для яе. І робяць далей. Дзякуючы Трусаву, ня згас агеньчык беларускасьці ў доме на вул. Румянцава, 13, адкуль рознымі спосабамі дзясяткамі гадоў спрабавалі выкурыць галоўную сядзібу ТБМ, найперш праз рэгулярнае і істотнае падвышэньне арэндных і камунальных плацяжоў.

Гэта дзякуючы Голубеву, дыктатар нехаця і скрозь зубы, але публічна прызнаў Вялікае Княства Літоўскае беларускай дзяржавай, што дало карт-блянш выкладнікам вучыць студэнтаў сапраўднай гісторыі Беларусі.

Трусаў і Голубеў нікуды з краіны ня зьедуць і будуць рабіць сваю справу так як могуць і ўмеюць ва ўмовах аўтарытарнай дзяржавы, чапляцца за кожную самую малую магчымасьць зрабіць яе хоць трохі больш беларускай. І гэта нашмат цяжэй і складаней, чым бэсьціць рэжым з-за мяжы ці крытыкаваць, не будучы занятым у дзяржаўных структурах, вось як у маім выпадку.

І Трусаў з Голубевым лепш за нас ведаюць, чаго гэта каштуе і якіх ахвяраў вымагае. У тым ліку прайсьці праз прыніжэньне ад дыктатара, які публічна ўпіваецца асалодай перамогі і помсты над сваімі былымі калегамі-дэпутатамі, якія калісьці лічылі яго клоўнам.

У тым ліку стаць пад камяні ад незалежных блогераў. Хоць Трусаў і Голубеў нікога не здавалі і не прадавалі, каб прыкрыць сваю шкуру, як чалавек, ператвораны тымі ж блогерамі і журналістамі ў «героя» таго ж мерапрыемства — былы кандыдат у прэзыдэнты ад АГП на выбарах 2010 г.

Перш чым кінуць камень у Трусава і Голубева варта задаць сабе галоўнае пытаньне, ці на сустрэчы з Лукашэнкам яны дамагаліся, прасілі нечага асабіста для сябе, сваёй кар’еры, пасады? Адказ будзе кароткі і адназначны — не. Таму, мяркую, гэта той выпадак калі чалавека трэба судзіць не за словы, а па справах.

«Хай аддасца кожнаму па справах яго» (Мацьвея 16: 27)

Аляксандр Краўцэвіч

***

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG