Лінкі ўнівэрсальнага доступу

6 нечаканых беларускіх віншаваньняў з Днём жанчын


Ратавальнікі Віцебску павіншавалі маладых маці з 8 сакавіка

Паштоўкі, прэс-сьняданак, калготы ды шкарпэткі, параўнаньне з жывёлай і мужчына ў вакне. Свабода сабрала 6 нечаканых віншаваньняў зь Міжнародным жаночым днём.

Што ў артыкуле?

  1. Праваабаронцы выпусьцілі паштоўкі за жаночыя правы.
  2. Ратавальнікі-высотнікі падняліся з кветкамі да вокнаў радзільнага дому.
  3. Банкіркі распавялі журналісткам, як дапамагаюць бізнэсоўкам.
  4. Conte падаруе калготы жанчынам, якія будуць ляцець «Белавіяй» 8 сакавіка.
  5. Фабрыка ў Берасьці вырашыла, што жанчынам таксама трэба «Сьвята шкарпэтак».
  6. Менскі заапарк прапанаваў параўнаць жанчын з жывёламі.

Паштоўкі супраць дыскрымінацыі

Паштоўкі праваабарончага цэнтру «Вясна» да 8 сакавіка
Паштоўкі праваабарончага цэнтру «Вясна» да 8 сакавіка

Праваабаронцы «Вясны» выпусьцілі альтэрнатыўныя паштоўкі да Міжнароднага жаночага дня. Сэрыя #FLOWERPOWER (моц кветак) ставіць сваёй мэтай нагадаць, што першапачаткова 8 сакавіка жанчыны выходзілі на дэманстрацыі і пікеты, каб дамагчыся сваіх правоў.

Паводле «Вясны», цяпер сьвята страціла сваю прававую афарбоўку і стала днём «дарэньня жанчынам кветак і іншых падарункаў». А жанчыны ў віншаваньнях чуюць пра сябе як пра «ўпрыгожваньне працоўных калектываў», пра сваю «пяшчоту і слабасьць».

Паштоўкі праваабарончага цэнтру «Вясна» да 8 сакавіка
Паштоўкі праваабарончага цэнтру «Вясна» да 8 сакавіка

Праваабаронцы прапаноўвалі браць паштоўкі задарма. На момант публікацыі яны атрымалі калі 300 замоваў. Паштоўкі стварыла прадстаўніца «Вясны» Дзіяна Пінчук, ілюстратарка Стася Сакалоўская, крэатар Алег Давыдчык і крэатарка Дарʼя Герасіменка.

Ратавальнік у вакне

Супрацоўнікі віцебскага ўпраўленьня Міністэрства надзвычайных сытуацый 7 сакавіка наведалі абласны радзільны дом. Два ратавальнікі з дапамогай альпінісцкага рыштунку падняліся з кветкамі да вокнаў палат, «выкарыстоўваючы акрабатычныя элемэнты».

«Віншаваньне суправаджалася воднай фэерыяй», — сьцьвярджае МНС Віцебскай вобласьці.

Акрамя кветак, ратавальнікі перадалі жанчынам даведкі пра бясьпеку, а таксама правялі ў радзільным доме канцэрт.

«Кава з экспэртам»

Жаночае прадпрымальніцтва, карʼера ў прыватнай ці дзяржаўнай структуры — пра падтрымку мерапрыемстваў у гэтай галіне журналісткам і блогеркам распавялі ў межах Карпаратыўнага ўнівэрсытэту Белівэстбанку. Напярэдадні 8 сакавіка банк запрасіў на прэс-сьняданак журналістак і блогерак. Сустрэча ў межах праекту «Кава з экспэртам» была прысьвечаная працоўнай і бізнэс-камунікацыі і пытаньню выбару паміж працай і сямʼёй.

Жанчынам у самалётах «Белавіі» падораць калготы

Брэнд Conte падрыхтаваў 4000 калготаў для пасажырак рэйсаў «Белавіі», піша Marketing.by. Гэтым жанчынам абяцаюць зьніжку 30% у інтэрнэт-краме брэнду, калі яны выкладуць здымак падараваных калготаў у інстаграм з хэтштэгам #летаюэлегантно.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Берасьці зрабілі «шкарпэткі для аргазму»

Брэсцкі панчошны камбінат вырашыў прадаваць жаночыя шкарпэткі разам з духамі.

Паводле прадпрыемства, апошнімі гадамі ў інтэрнэце зьяўляюцца дасьледаваньні, што жанчына атрымлівае аргазм, калі займаецца сэксам у шкарпэтках. Парфума ж у гэтай сытуацыі павінна дапоўніць «прастору каханьня».

Напярэдадні 23 лютага камбінат атрымаў розгалас у мэдыя і сацсетках праз падарункавы набор «прэзэрватыў + мужчынскія шкарпэткі».

Заапарк прапанаваў параўнаць жанчын з жывёламі

Сьледам за забаўляльна-спартовай праграмай «Зімовы прызыў» да 23 лютага Менскі заапарк абвясьціў «жартаўлівы» конкурс: ​

  • Падпісацца на старонку Менскага заапарку ў сацыяльных сетках «Укантакце» або Instagram.
  • Зрабіць фота жонкі, сяброўкі, сваячкі або проста знаёмай і выкласьці ў гэтыя сеткі з хэштэгам #zookrasa.
  • Напісаць у камэнтарах, да якога гадаванца Менскага заапарку яна падобная і чаму.

На момант публікацыі ў конкурсе праз Instagram паўдзельнічалі пяць карыстальнікаў, «УКантакце» — ніводны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG