Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі затрымалі двух мармонаў з ЗША


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Двое грамадзян ЗША, прадстаўнікі мармонской Царквы Ісуса Хрыста Сьвятых апошніх дзён, затрыманыя ў Наварасійску 1 сакавіка. Паводле сваякоў, іх, як мяркуецца, затрымалі за тое, што ў іх не было дазволу на працу, паведамляе «Настоящее время».

Дзярждэпартамэнт ЗША ўпершыню пацьвердзіў гэтую інфармацыю толькі 6 сакавіка ў лісьце амэрыканскаму тэлеканалу CNN. Тады ж затрыманьне амэрыканцаў пацьвердзіла і афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расеі Марыя Захарава.

Журналіст тэлеканалу ў Солт-Лэйк-Сіці ўзяла інтэрвію ў бацькі аднаго з затрыманых. Паводле яго, абодва амэрыканцы былі валянтэрамі царквы, а затрымалі іх у царкоўным доме сходаў. Маладых людзей абвінавацілі ў тым, што яны навучалі ангельскай мове безь ліцэнзіі.

«Мне здаецца, што ў гэтым ёсьць нейкі палітычны мэсыдж, — сказаў бацька затрыманага. — Але я ня ведаю, які менавіта. Я знаходжуся занадта далёка, каб ведаць ці сапраўды разумець нешта».

Царква Ісуса Хрыста Сьвятых апошніх дзён — найбольш буйная галіна марманізму. Налічвае больш за 58 тысяч чалавек па ўсім сьвеце, лічыць сябе адноўленай раннехрысьціянскай царквой, створанай асабіста Ісусам Хрыстом, якая зьнікла ў выніку вялікага адступніцтва, што рушыла неўзабаве пасьля сьмерці апосталаў Хрыста. Сябры арганізацыі лічаць веру ў Ісуса Хрыста і адкупленьне краевугольным каменем сваёй рэлігіі. Вучэньне арганізацыі мае некаторае падабенства, але сваімі догмамі пра прыроду Бога і патэнцыял чалавечага разьвіцьця кардынальным чынам адрозьніваецца ад хрысьціянскіх канфэсій.

Замежных місіянэраў Царквы з ЗША неаднаразова затрымлівалі ў Расеі па падазрэньні ў шпіянажы і ў парушэньні правілаў знаходжаньня ў краіне.

Зь лета 2016 году ў Расеі місіянэрская дзейнасьць рэгулюецца законам «Аб свабодзе сумленьня і аб рэлігійных аб’яднаньнях» дзякуючы «антытэрарыстычнаму пакету паправак» дэпутата Дзярждумы ад «Адзінай Расеі» Ірыны Яравой і сэнатара Віктара Озерава.

Місіянэрствам па законе лічыцца, у прыватнасьці, «публічнае правядзеньне богаслужэньняў, іншых рэлігійных абрадаў і цырымоній», «прапаведніцкая дзейнасьць» і «правядзеньне малітоўных і рэлігійных сходаў». Закон забараняе пропаведзі ў жылых памяшканьнях, місіянэрскую дзейнасьць, накіраваную на парушэньне грамадзкай бясьпекі, заклікі да экстрэмізму і разбурэньня сям’і. Прадстаўнікі шэрагу рэлігійных канфэсій крытыкавалі папраўкі з «пакету Яравой».

У 2017 годзе Вярхоўны суд Расеі прызнаў Сьведак Іеговы экстрэмісцкай арганізацыяй і забараніў іх дзейнасьць у Расеі. У 2018 годзе пасьлядоўнікі руху пачалі падвяргацца крымінальнаму перасьледу ў розных рэгіёнах Расеі, многія зь іх вырашылі зьехаць з краіны і атрымаць прытулак за мяжой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG