Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі «адна краіна» супраць пагадненьняў Беларусі з Эўразьвязам, — Макей


Уладзімер Макей, архіўнае фота
Уладзімер Макей, архіўнае фота

Каб не яна, дык «хоць заўтра» можна было бы падпісаць пагадненьне, ад якога шэнгенскія візы патаньнелі б да 35 эўра. Што за краіна, міністар не сказаў.

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей расказаў БелТА аб выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і згадаў аб гатоўнасьці краіны падпісаць дакумэнты аб прыярытэтах партнэрства з Эўрапейскім зьвязам, аб спрашчэньні візавых працэдураў і аб рэадмісіі.

«Мы бачым магчымасьць хуткага завяршэньня працы над гэтымі дакумэнтамі, але нашы партнэры таксама павінны трошкі паварушыцца ў гэтым пляне і праявіць гатоўнасьць да іх падпісаньня, — заявіў Макей. — Гэтыя дакумэнты, з нашага пункту гледжаньня, можна было б падпісаць хоць заўтра.

Але, на жаль, так атрымліваецца, што праз пазыцыю адной краіны Эўрасаюз становіцца закладнікам палітыкі гэтай краіны. Таму што адна краіна пераносіць нейкія праблемныя нюансы ў двухбаковых стасункаў на ўсю палітыку Эўразьвязу».

Калі Беларусь падпіша гэтыя пагадненьні, то шэнгенскія візы для яе грамадзян патаньнеюць да 35 эўра.

Пра «адну краіну», якая супраць пагадненьня зь Беларусьсю, казаў таксама прэс-сакратар МЗС у сьнежні — і тады таксама не называлася, што гэта за краіна. Гэта можа быць як Польшча (якая сьцьвярджала, што беларускі бок не пагаджаецца на павелічэньне штату консульскіх супрацоўнікаў у амбасадах краінаў Эўразьвязу ў Беларусі), так і любая іншая з 28 дзяржаваў Эўразьвязу.

Спрашчэньне візавага рэжыму, дадаў Макей, эўрапейскія партнэры зьвязваюць з дамовай аб рэадмісіі. Беларусь чакае фінансавай кампэнсацыі за рэадмісію нелегальных мігрантаў, якія трапілі ў Эўразьвяз празь Беларусь з трэціх краінаў і чакае заключэньня дамоваў «адпаведна нацыянальным інтарэсам Беларусі». Макей дадаў, што такія дакумэнты не павінны несьці шкоду Беларусі, беларускаму грамадзтву, стабільнасьці і міру ў рэгіёне.

Макей таксама заявіў, што цяперашняя прапанова прыярытэтаў партнэрства з Эўразьвязам да 2020 году ўтрымлівае «непрымальныя для нас на цяперашнім этапе патрабаваньні», а адказу на контрпрапановы Беларусі пакуль не паступіла.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG