Украінскі актор і бізнэсовец Уладзімір Зяленскі па-ранейшаму, паводле сацыялягічных апытаньняў, застаецца лідэрам у прэзыдэнцкай гонцы, але ягоны рэйтынг трохі скараціўся.
Паводле апытаньня сацыялягічнай групы «Рэйтынг», пра намер прагаласаваць за Ўладзіміра Зяленскага заявілі 17% рэспандэнтаў (у папярэдніх, што праводзіліся двума тыднямі раней, было 17,5%).
Рэйтынг дзейнага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі і лідэркі партыі «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі зблізіўся максымальна за ўвесь час выбарчай кампаніі — 11,3% і 11,0% адпаведна (раней 13,1% — у Пятра Парашэнкі, а ў Юліі Цімашэнкі — 11,5%).
Замер грамадзкай думкі праводзіўся 19–28 лютага, то бок апытаньне захапіла тры дні пасьля выкрыцьця журналістамі карупцыйнай схемы раскраданьня бюджэтных сродкаў, прызначаных для абароннай прамысловасьці. У іх арганізацыі падазраюць сына Алега Гладкоўскага, які да сёньняшняга звальненьня займаў пасаду першага намесьніка сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны і лічыцца бізнэс-партнэрам Пятра Парашэнкі.
Згодна з дасьледаваньнямі групы «Рэйтынг», адначасова істотна павялічылася колькасьць грамадзян, які абавязкова прыйдуць на выбарчыя ўчасткі — толькі 7% рэспандэнтаў заявілі, што ня будуць браць удзел у выбарах (двума тыднямі раней пра гэта заяўлялі 10,2% грамадзян).
Наступныя тры месцы ў прэзыдэнцкім рэйтынгу займаюць вылучэнец партыі «За жыцьцё» Юры Бойка (7,4%), лідэр партыі «Грамадзянская пазыцыя» Анатоль Грыцэнка (5,4%) і лідэр Радыкальнай партыі Алег Ляшко (4%).
На сёньняшні дзень свой удзел у выбарчай кампаніі працягваюць 42 з 44 зарэгістраваных Цэнтральнай выбарчай камісіяй кандыдатаў на прэзыдэнта. Два зь іх (мэр Львова Андрэй Садавы і былы журналіст Дзьмітры Гнап) адмовіліся ад удзелу ў выбарах на карысьць Анатоля Грыцэнкі. Згодна з заканадаўствам, кандыдаты на прэзыдэнта могуць адмовіцца ад удзелу ў кампаніі не пазьней як 7 сакавіка. Экспэрты прагназуюць, што ў выбарчы бюлетэнь будуць уключаныя прозьвішчы ня больш як 35 кандыдатаў.
Прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне адбудуцца 31 сакавіка 2019 году.