Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў у Канстытуцыйны суд сэнатарку, якая была пад санкцыямі Эўразьвязу


Ала Бодак, архіўнае фота
Ала Бодак, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб прызначэньні і звальненьні судзьдзяў Канстытуцыйнага суду, паведаміла ягоная прэс-служба. Тэкст указу не апублікаваны.

Вядома, што ў адстаўку сышла Валянціна Падгруша. Паводле беларускіх законаў, максымальны ўзрост судзьдзі Канстытуцыйнага суду — 70 гадоў, а Падгруша якраз дасягае гэтага ўзросту. Яна працавала ў Канстытуцыйным судзе ад 1994 году.

Паводле ўказу, Лукашэнкам прызначаныя чатыры судзьдзі, але тры зь іх — Лілія Козырава, Вольга Сяргеева і старшыня Канстытуцыйнага суду Пётар Міклашэвіч — ужо працавалі там з 2008 году.

Тэрмін паўнамоцтваў судзьдзяў Вярхоўнага суду — 11 гадоў. Палову з 12 судзьдзяў выбірае Савет Рэспублікі, палову (і старшыню) прызначае са згоды Савету Рэспублікі прэзыдэнт. Першы старшыня Канстытуцыйнага суду Валер Ціхіня ў 1996 годзе падаў у адстаўку празь нязгоду з палітыкай кіраўніцтва краіны (звальненьня старшыні ЦВК і правядзеньня рэфэрэндуму-96).

Новая судзьдзя — 51-гадовая Ала Бодак. Яна нарадзілася ў Роўне, што ва Ўкраіне, але вышэйшую адукацыю атрымала ўжо ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Кандытатка юрыдычных навук большую частку кар’еры правяла ў Міністэрстве юстыцыі, у тым ліку была намесьніцай міністра. У 2016 годзе была выбраная ў Савет Рэспублікі ад Менску. Старшыньствавала ў камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве. Уваходзіць у «групу Румаса» па інтэграцыі Расеі і Беларусі.

Увесну 2011 году была дададзеная ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу разам зь іншымі намесьнікамі міністра юстыцыі. Сьпіс тады пашыралі ў сувязі з масавымі судамі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году і акцыяў пратэсу.

У канцы лета 2011-га ў сувязі з санкцыямі адносна яе здарыўся кур’ёз: яе не прапусьцілі празь мяжу, калі яна ехала ў камандзіроўку ў Вільню на заданьне ўраду, нягледзячы на наяўнасьць візы. Аказалася, візу ёй не павінны былі даваць праз санкцыі, але далі празь няправільную трансьлітарацыю прозьвішча.

Большасьць санкцыяў Эўразьвязу была спыненая ў 2016 годзе, засталіся нешматлікія абмежавальныя меры.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG