Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што ня так з прызначэньнем ураду ў Беларусі


Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас
Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас

Зацьвярджэньне Палатай прадстаўнікоў Сяргея Румаса ў якасьці прэм’ер-міністра адбылося з шэрагам працэдурных парушэньняў, нелягічнасьцяў і недарэчнасьцяў.

Прэзыдэнцкі ўказ аб прызначэньні Румаса кіраўніком ураду зьявіўся 18 жніўня 2018 году. А ніжняя палата Нацыянальнага сходу зацьвердзіла яго толькі 5 кастрычніка.

У артыкуле 106 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі запісана: «Прэм’ер-міністар назначаецца Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусі са згоды Палаты прадстаўнікоў. Рашэньне па гэтым пытаньні прымаецца Палатай прадстаўнікоў не пазьней як у двухтыднёвы тэрмін з дня ўнясеньня прапановы па кандыдатуры Прэм’ер-міністра».

То бок пакуль Палата прадстаўнікоў не зацьвердзіць кандыдатуру прэмʼера, той ня мае права выконваць свае абавязкі. На мой погляд, ніякай іншай інтэрпрэтацыі гэты артыкул Канстытуцыі не дапускае. З моманту выданьня ўказу да дня зацьвярджэньня яго Палатай прадстаўнікоў прайшло 48 дзён (чатыры тыдні), а ня два тыдні, як прадугледжана Канстытуцыяй.

Як вядома, урад у Беларусі — тэхнічны. У тым сэнсе, што ён не вызначае эканамічнай палітыкі. Хоць паводле Канстытуцыі Савет Міністраў «распрацоўвае асноўныя кірункі ўнутранай і замежнай палітыкі», насамрэч ён працуе ў вузкіх рамках, пастаўленых Лукашэнкам. Але каму ў Беларусі цікавая Канстытуцыя?

Калі вызначана кандыдатура прэмʼера, то лягічна, каб ён падбіраў намесьнікаў, міністраў, то бок фармаваў сваю каманду, зь якой зможа рэалізоўваць пастаўленыя задачы. Аднак — не: увесь склад ураду вызначае прэзыдэнт, кіраўнік Савету Міністраў ня мае ў гэтым пытаньні права голасу.

У Канстытуцыі не прапісана, хто канкрэтна прадстаўляе кандыдатуру прэмʼера парлямэнту. У іншых дзяржавах, нават з прэзыдэнцкай формай кіраваньня, новага кіраўніка ўраду звычайна прапануе дэпутатам прэзыдэнт. Гэтым ён паказвае сваю павагу да парлямэнту як да асобнай галіны ўлады. І ў Беларусі бывалі выпадкі, калі Лукашэнка прыходзіў у Палату прадстаўнікоў, каб асабіста рэкамэндаваць кандыдатуру прэмʼера. Гэтым разам Сяргея Румаса прадставіла дэпутатам кіраўніца адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава. Які парлямэнт, такая і «павага».

Зноў жа, паводле нармальнай лёгікі, прэмʼер-міністар у момант зацьвярджэньня меў бы прадставіць на разгляд дэпутатаў праграму дзейнасьці ўраду. І парлямэнтары, залежна ад якасьці гэтай праграмы, прымалі б рашэньне, галасаваць «за» ці «супраць».

Але ў Канстытуцыі Беларусі насуперак гэтай лёгіцы запісана, што прэмʼер «у двухмесячны тэрмін пасьля свайго прызначэньня прадстаўляе Парлямэнту праграму дзейнасьці Ўраду». Сяргей Румас паабяцаў унесьці гэты дакумэнт у Палату прадстаўнікоў не пазьней за 18 кастрычніка. Тады за што цяпер галасавалі дэпутаты? Выступаючы перад дэпутатамі, новы прэмʼер заявіў: «Мы маем намер кіравацца праграмай сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця да 2020 году, прапісаныя ў якой падыходы і задачы адпавядаюць патрабаваньням часу». Нагадаю, што гэтая праграма прынятая неканстытуцыйным органам — V Усебеларускім народным сходам 23 чэрвеня 2016 году.

Маю падазрэньне, што Сяргей Мікалаевіч ня вельмі дэталёва знаёмы са згаданай праграмай. Бо, напрыклад, яна прадугледжвае рост сярэдняга заробку за пяцігодку толькі на 9,5-11,6%. Аднак Лукашэнка загадаў давесьці сярэдні заробак да 1 тыс. рублёў. У выніку толькі з пачатку гэтага году па ліпень рэальныя заробкі ў краіне вырасьлі на 12,9%. І што зьбіраецца выконваць урад?

Таксама, выступаючы ў Палаце прадстаўнікоў, Румас як прыярытэты ўраду назваў стварэньне спрыяльнага бізнэс-асяродзьдзя і падвышэньне якасьці кіраваньня дзяржаўнымі актывамі, якія пакуль генэруюць фіскальныя рызыкі. «Пакуль ёсьць адчувальныя перакосы ў правільнай матывацыі кіраўнікоў, скіраваныя на што заўгодна, толькі не на эканамічны вынік. Адсюль памылковыя ініцыятывы і непралічаныя інвэстыцыйныя праекты. Гэта вынік многіх гадоў дзяржаўнай падтрымкі», — прызнаў Румас. Аднак ёсьць сумневы, ці дазволіць Лукашэнка рэфармаваць дзяржаўны сэктар.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG