Кібэрпадразьдзяленьні войска ЗША правялі апэрацыю супраць кампаніі «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў».
Пра гэта паведаміла ўчора газэта Washington Post. Паводле выданьня амэрыканскія вайскоўцы пазбавілі расейскую «фабрыку троляў» доступу да Інтэрнэту ў дзень прамежкавых выбараў 6 лістапада 2018 году.
Па словах уладаў ЗША, супрацоўнікі кампаніі «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў», якая карыстаецца падтрымкай Крамля, прыкідваліся амэрыканцамі і распаўсюджвалі дэзінфармацыю ў Інтэрнэце, спрабуючы паўплываць на выбары, у тым ліку выбары 2016 году.
Кібэркамандваньне пакуль ніяк не пракамэнтавала гэтыя паведамленьні.
«Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў» патрапіла ў лік расейскіх грамадзян і арганізацый, якім спэцпракурор Роберт Мюлер ў лютым 2018 году прад’явіў абвінавачваньні ў шпіянажы і злачыннай змове з мэтай паўплываць на вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША, умацаваўшы шанцы Дональда Трампа і сапсаваўшы рэпутацыю яго суперніцы-дэмакраткі Гілары Клінтан.
Па словах пракурораў, кампанія «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў» знаходзіцца пад кантролем расейскага бізнэсоўца Яўгена Прыгожына, які, як лічыцца, шчыльна зьвязаны з расейскім вайсковым і палітычным істэблішмэнтам.
Сёньня публікацыю ў Washington Post пракамэнтаваў прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Дзьмітры Пяскоў.
Ён заявіў, што ня ведае, наколькі дакладнай была публікацыя ў Washington Post, аднак дадаў, што «у цэлым можна сказаць, што з тэрыторыі ЗША арганізуецца велізарная колькасьць кібэратакаў на розныя расейскія арганізацыі, юрыдычных і фізычных асоб. Гэта дадзенасьць, у якой мы жывем» — сказаў Пяскоў.