Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі папрасіў у Расеі «крэдыт на выплату крэдыту» — 600 млн даляраў


Расейскі рубель, ілюстрацыйнае фота

Міністар фінансаў Беларусі расказаў ТАСС, што ўрад Беларусі зьвярнуўся да Расеі з просьбай даць крэдыт на 600 млн даляраў дзеля рэфінансаваньня ранейшых пазык ад Расеі.

Менавіта 600 млн даляраў Беларусь мела сплаціць па расейскіх крэдытах у 2019 годзе, і выдача крэдыту на рэфінансаваньне прадугледжвалася ў расейскім фэдэральным бюджэце, адзначыў Ермаловіч. Агулам у 2019 годзе Беларусь мае выплаціць 5 млрд даляраў запазычанасьці (каля 516 даляраў на жыхара).

Паводле беларускага міністра, рашэньне яшчэ не прынята ўрадам Расеі, але прапрацоўка праекту крэдытнага пагадненьня ішла супольна з расейскімі калегамі, праект ужо гатовы, засталося дачакацца канчатковай згоды расейскага ўраду.

Вонкавая дзяржаўная запазычанасьць Беларусі, без уліку ўнутранай, вырасла на 1% за 2018 год і складала на 1 студзеня 2019-га 16,9 млрд даляраў. Але тэмпы росту запазычанасьці зьнізіліся — бывала, Беларусь дадаткова пазычала дзьве траціны ранейшай запазычанасьці за год.

Цягам 2018 году урад Беларусі пазычыў грошай на 2,35 млрд даляраў (871 млн у Расеі, 600 млн праз эўрааблігацыі, 509 млн у Кітая, 200 млн у Эўразійскага фонду стабілізацыі, 148 млн у Міжнароднага банку разьвіцьця), сплаціў па пазыках траха не 2 млрд (800 млн па эўрааблігацыях, 400 млн Расеі, 375 млн Кітаю, 353 млн Эўразійскаму фонду стабілізацыі, 65 млн Міжнароднаму банку разьвіцьця).

У плянах беларускага ўраду было «скарачэньне пазыковай нагрузкі» і «прыцягненьне беспазыковых крыніц фінансаваньня». Ці ўваходзіць цяперашні крэдыт у тыя пляны, невядома.

Паводле незалежных эканамістаў, дзяржаўны доўг Беларусі ўжо больш за 50% валавога ўнутранага прадукту (дзяржава прызнае толькі 38,5%), сытуацыю называюць крытычнай.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG