Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе найбольш бягуць з турмаў і як з гэтым у Беларусі


Радыё Свабода сабрала даступныя дадзеныя з эўрапейскіх краінаў пра ўцёкі з турмаў.

Як зьбягалі з турмы ў Беларусі

2013 год

З Ваўкавыскай калёніі ўцяклі тры «расканваіраваныя» вязьні. Гэта вязьні, якім утрыманьне пад вартай замянілі на рэжым, паводле якога дазваляецца працаваць на волі, але ў пэўны час трэба вяртацца ў калёнію. Уцекачоў хутка знайшлі.

2003 год

З ізалятару часовага ўтрыманьня ў Чашніках (Віцебская вобласьць) зьбеглі тры падазраваныя ў злачынствах. Уцекачам ўдалося выбрацца з камэры праз адтуліну памерам 18 на 43 сантымэтры, зробленую пад вакном з жалезнымі кратамі.

Пазьней высьветлілася, што жалезныя заточкі, з дапамогай якіх вязьні зрабілі дзірку ў сьцяне, пранёс адзін з уцекачоў, крымінальнік з Расеі Галавачоў, на рахунку якога ўжо былі ўцёкі з турмы ў Расеі.

Галавачова да Чашнікаў трымалі ў Віцебскім СІЗА, дзе ён парэзаў сабе вены на руках. У Чашнікі крымінальніка прывезьлі зь бінтамі на руках, пад бінтамі ён здолеў схаваць заточкі, якія не ўгледзела ахова.

Цікава і тое, як уцекачы нэўтралізавалі вартавога сабаку. Да ўцёкаў яны пачалі прыкормліваць аўчарку мяснымі ласункамі, якія ім перадавалі сваякі. У выніку калі уцекачы апынуліся ва ўнутраным дворыку ізалятара і адтуль перабіраліся праз плот, вартавы сабака нават не загаўкаў. Празь некалькі дзён зьбеглых злавілі ў вёсцы Лыскі, дзе яны хаваліся ў нежылым доме.

2001 год

Са сьледчага ізалятару ў Менску на вуліцы Валадарскага, гэтак званай «Валадаркі», уцяклі двое падсьледных. Яны зрабілі лаз у муры, выбраліся на цагляную агароджу вакол турмы і адтуль па вяроўках перабраліся на вуліцу. Пры гэтым вартаўнік параніў аднаго з уцекачоў. Празь некалькі гадзін уцекачоў затрымалі, прычым паранены памёр пры затрыманьні.

Пачатак 2000-х гадоў

У пачатку 2000-х гадоў з калёніі ў Івацэвічах вязень уцёк, атрымаўшы падробленыя дакумэнты. Ён быў вызвалены ахоўнікамі, бо ў яго нібыта скончыўся тэрмін зьняволеньня праз амністыю. Падробку неўзабаве выявілі, уцекача вярнулі ў калёнію, а за падробку дакумэнтаў быў асуджаны начальнік спэцчасткі. Гэтую гісторыю Свабодзе распавёў былы вязень Ігар Міхнавец.

1997 год

Са сьледчага ізалятару ў Берасьці, разабраўшы цагляную сьцяну СІЗА, зьбеглі адразу 10 чалавек. Пра ўцёкі першай паведаміла вахцёрка фабрыкі «Дынама», што знаходзіцца побач з ізалятарам. 9 з 10 уцекачоў знайшлі і затрымалі празь некалькі дзён на мясцовых могілках, дзе яны хаваліся. Апошняга ўцекача, Станіслава Салавейчыка, затрымалі ажно праз 5 год.

1992 ці 1993 год

Паводле былога вязьня Ігара Міхнаўца, у 1992 ці 1993 годзе з папраўчай калёніі № 12 ў Воршы быў зроблены ўдалы пабег. Некалькі вязьняў выцягнулі на дах вытворчага корпусу даўгую дошку, перакінулі яе на плот і гэтак выбраліся з калёніі. Паводле Міхнаўца, які распавядаў гэтую гісторыю Свабодзе ў 2013 годзе, гэтак уцяклі некалькі вязьняў, сярод іх быў вязень па прозьвішчы Кот зь Пінску, якога гэтак і не злавілі.

1992 год

Паводле былога начальніка менскага сьледчага ізалятару № 1 Алега Алкаева, у 1992 годзе падсьледны СІЗА па прозьвішчы Коўзун здолеў уцячы з «Валадаркі» на волю. Выбраўшыся на дах установы ён скокнуў на вуліцу. Уцекача злавілі праз 2 месяцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG