Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэмнік: «Шчасьлівы чалавек ты, Бяляцкі. Cам сядзіш, а лісты і прэміі так і сыплюцца!»


Зьлева направа: Алесь Бяляцкі, Паліна Сьцепаненка, Уладзімер Някляеў, Зьміцер Дрозд
Зьлева направа: Алесь Бяляцкі, Паліна Сьцепаненка, Уладзімер Някляеў, Зьміцер Дрозд

Больш за 200 чалавек у Беларусі былі зьняволеныя з палітычных матываў. Рэпартаж Свабоды з адкрыцьця выставы лістоў беларускіх палітвязьняў 1996–2019 гадоў.

У Менску на пляцоўцы «Тэрыторыя правоў» адкрылася выстаўка «Лісты палітвязьняў: з 1996 году да нашых дзён». Яна складаецца з 11 стэндаў, на якіх лісты палітвязьняў з-за кратаў, лісты ў падтрымку палітвязьняў, архіўныя фатаздымкі. Таксама была прэзэнтаваная новая кніга Алеся Бяляцкага «Турэмны сшытак».

Былы палітвязень, анархіст Мікола Дзядок на адкрыцьці выставы
Былы палітвязень, анархіст Мікола Дзядок на адкрыцьці выставы

Першыя палітвязьні зьявіся ў 1996-м

Тады для грамадзтва гэта быў сапраўдны шок. Адзін зь першых палітвязьняў — паэт Славамір Адамовіч, які трапіў за краты за верш «Убей президента». З таго часу празь беларускія турмы прайшлі больш за 200 палітвязьняў, і ўвесь час ішла перапіска з турмаў на волю і наадварот. Бо лісты палітвязьняў былі, ёсьць і будуць сувязьзю з вольным сьветам, расказала праваабаронца і пісьменьніца Паліна Сьцепаненка.

Паліна Сьцепаненка
Паліна Сьцепаненка

Таму было вырашана сабраць лісты палітзьняволеных, каб паказаць салідарнасьць беларускага грамадзтва.

На прэзэнтацыю грамадзкая актывістка Вольга Нікалайчык, якая адседзела нямала сутак за абарону Курапатаў ды іншыя акцыі, прынесла лісты палітвязьняў 2018 году. Гэта стракатыя паштоўкі, малюнкі, аплікацыі зь бел-чырвона-белым сьцягам, з кветачкамі, кранальнымі малюнкамі жывёлаў.

Тры літаратары, ляўрэаты прэміі турэмнай літаратуры імя Францішка Аляхновіча, заснаванай Радыё Свабода і беларускім ПЭН-цэнтрам, — Алесь Бяляцкі, Уладзімер Някляеў і Зьміцер Дрозд — падзяліліся сваімі ўражаньнямі пра самы першы дзень зьняволеньня, пра турэмнае асяродзьдзе — сядзельцаў і ахоўнікаў, а таксама расказалі, што іх натхняла за кратамі на творчасьць.

Бяляцкі: «На Валадарцы побач спаў генэрал, а ў Бабруйскай калёніі — два забойцы і гвалтаўнік»

Алесь Бяляцкі з гумарам прыгадаў, як у жніўні 2011 года на яго палявалі, рабілі ператрусы ў кватэры, у офісе, на лецішчы. Кажа, што да арышту маральна быў гатовы, бо падатковая інспэкцыя ўжо пару месяцаў яго «трэсла». А затрымлівалі Бяляцкага вельмі інтэлігентныя супрацоўнікі дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў. Першую ноч правёў ён у пастарунку Першамайскага РУУС. А назаўтра павезьлі на Валадарку.

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

«У камэры было 18 чалавек. Выклікаў „старшой“, запытаўся, за што пасадзілі, вызначыў шконку на другім ярусе. Аказалася, што ў камэры спрэс будаўнікі, сярод іх некалькі знаёмых, адзін — сусед па лецішчы ў Ракаве.

Праз 3 дні перавілі ў іншую камэру, дзе сядзела 6 чалавек, у тым ліку і генэрал, былы галоўнакамандуючы вайскова-паветранымі сіламі. Далі шконку, дзе спаў „прэзыдэнт“ — Дзьмітры Вус, які „дастаў“ сукамэрнікаў, бо пастаянна хадзіў з Канстытуцыяй і тлумачыў, што выбары былі сфальшаваныя».

Алесь Бяляцкі жартуе: на Валадарцы на шконцы пад ім спаў генэрал, а ў Бабруйскай калёніі зьлева і справа — забойцы, зьверху — гвалтаўнік, бо са 100 чалавек 40-50 сядзелі за забойствы. Але да палітвязьняў яны ставіліся з павагай.

Някляеў: «У „Амэрыканцы“ начальнікі панікавалі больш за палітвязьняў»

Моцна зьбітага паэта і кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева забралі сярод ночы з рэанімацыі, літаральна вырвалі зь венаў дзьве кропельніцы. Доўга вазілі па горадзе, кінуўшы на падлогу машыны.

Завезьлі ў «Амэрыканку» — сьледчы ізалятар КДБ. І адразу пачалі «ламаць» — паказваць фота пісталетаў, аўтаматаў, нібыта знойдзеных у офісе кампаніі «Гавары праўду», быццам ён рыхтаваў узброены пераварот.

Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў

«Раскажаце, адкуль фінансаваньне, — перавядзём пад іншы артыкул, „нерасстрэльны“. Было балюча фізычна, а на другі дзень сталі паказваць змантаваныя кадры з Плошчы і ціснуць: праз вас загінулі людзі, кроў. І тут я ледзьве не паплыў... Мне і ў галаву не прыйшло, што гэта гульня. І толькі калі прыйшла мая адвакатка і сказала, што нікога не забілі, мне стала лягчэй», — распавёў Уладзімер Някляеў.

Першыя пару тыдняў у «Амэрыканцы» начальнікі панікавалі больш за палітвязьняў. Быў у камэры падсадны, які спрабаваў уцерціся ў давер да былога кандыдата ў прэзыдэнты і казаў: «Я таксама супраць улады: ты зь ёй змагаесься, а я яе абкрадаю».

А начальнік па прозьвішчы Зайцаў выклікаў на допыты на начах — відаць, кіно пра Бэрыю наглядзеўся«, — з гумарам распавядае Някляеў.

Дрозд: «У турме шмат інтэлігентных людзей, якія гуляюць у шахматы»

Гісторык-архівіст Зьміцер Дрозд успамінае, што ён быў для спэцслужбаў абсалютна незразумелай асобай — не палітык, не кандыдат у прэзыдэнты, не публічная асоба. Павезьлі ва ўпраўленьне Сьледчага камітэту на вуліцу Сапёраў, паказалі кадры, дзе чалавек, падобны да яго, ударыў міліцыянта. Зьміцер усё адмаўляў.

Зьміцер Дрозд
Зьміцер Дрозд

«Турма — сумнае месца, дзе сядзіць шмат інтэлігентных людзей. Таму там напісана шмат кніг. „Эканамічныя“ гулялі ў шахматы, нават ня ў карты. Калі зьяўляюцца палітычныя, ператрусы адбываюцца кожны дзень», — прыгадвае Зьміцер Дрозд.

Бяляцкі: «А што ў турме рабіць, як не пісаць?»

Алесь Бяляцкі ўзгадвае, што за кратамі былі забароненыя дзьве тэмы:

пра Лукашэнку і пра турму. Пасьля выхаду кнігі «Справа Бяляцкага» журналіста Валера Каліноўскага ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе», якая трапіла ў бабруйскую калёнію, праваабаронцу выклікаў начальнік і загадаў: «Больш пра зону не пішы».

Таму Алесь Бяляцкі вырашыў напісаць рэальную гісторыю пра птушак. У калёніі іх было вельмі шмат, яны весела гаманілі, арыштанты шчодра дзяліліся зь імі хлебам. І літаральна сотні вераб’ёў прыляталі ў сталоўку. Туды панадзіўся і каршун, які пачаў іх зьнішчаць дзясяткамі. Запалоханыя вераб’і перасталі ціўкаць, лёталі пад лаўкамі. А потым гэты каршун разьбіўся насьмерць аб шкло. Бяляцкі напісаў ліст пра каршуна, але яго цэнзура «завярнула»: маўляў, што падумаюць пра антысанітарыю ў сталоўцы.

Новая кніга Алеся Бяляцкага
Новая кніга Алеся Бяляцкага

У зьняволеньні Бяляцкі напісаў некалькі кніг: «Асьвечаныя беларушчынай», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Халоднае крыло Радзімы». А цяпер, праз чатыры гады пасьля вызваленьня, выйшлі «Турэмныя сшыткі».

Яшчэ ў турме адзін з начальнікаў пазайздросьціў: «Шчасьлівы чалавек ты, Бяляцкі. Cам сядзіш, а лісты і прэміі так і сыплюцца!»

«Мая новая кніга „Турэмныя сшыткі“ — прыватны дзёньнік, які я вёў для сябе; гэта, так бы мовіць, пункцірныя нататкі. Але там ёсьць і літаратуразнаўчыя тэксты. Калі б я прасядзеў амаль 5 гадоў, якія мне прысудзілі, кніжак было б удвая больш», — пажартаваў праваабаронца.

Лісты
Лісты

Уся кніга прасякнутая гумарам, у ёй ёсьць і турэмная «феня», і трапныя выразы, сьмешныя цытаты зь лексыкі зьняволеных. Паэтка Галіна Дубянецкая прыгадала некалькі прыколаў.

26 красавіка 2012 году па радыё «Магілёў-1», якое гучыць у турме па радыёсетцы, перадаюць:

«Віншуем Аляксандра Віктаравіча з Бабруйску з 16-годзьдзем ягонага любімага дзіцяці і просім паставіць песьню пра вясну» — так калегі павіншавалі Бяляцкага з 16-годзьдзем праваабарончага цэнтру «Вясна». Потым шмат разоў па радыё «Магілёў-1» гучалі віншаваньні для Аляксандра Віктаравіча, і аднойчы радыёвядоўца ня вытрымала:

«Я ня ведаю, хто такі Аляксандар Віктаравіч, але калі яго так часта згадваюць сябры, значыць, чалавек ён добры, і я далучаюся да віншаваньняў».

Някляеў: «У прыбіральні ўбачыў абрывак газэты зь лістом Еўтушэнкі ў маю абарону»

Паэт Уладзімер Някляеў у «Амэрыканцы» напісаў толькі адну кнігу — «Лісты да Волі» — 30 вершаў, прысьвечаных жонцы. За гэта атрымаў прэмію імя Аляхновіча.

«Спачатку ў вязьніцы я жыў у напружаньні, ніякія тэксты ў галаву ня лезьлі — пакуль я дазнаўся, што я не забойца. Аднойчы, як выносіў сьмецьце, убачыў у прыбіральні парваныя газэты, якія выкарыстоўваліся, прабачце, замест туалетнай паперы, і там быў абрывак з „Камсамолкі“ зь лістом славутага Яўгена Еўтушэнкі ў маю абарону. Гэта цалкам мяне разьняволіла і натхніла. І ні дня не прапускаў, каб штосьці не напісаць. Напісаў толькі адну кніжку — „Лісты да Волі“. Але пісалася з такой энэргетыкай, быццам я быў не ў „Амэрыканцы“, а адпачываў на Мальдзівах», — успамінае Ўладзімер Някляеў.

Дрозд: «Лісты і напісаньне кнігі — гэта спроба ўцёкаў ад рэальнасьці»

Зьміцер Дрозд, які сядзеў у той самай Бабруйскай калёніі, дзе і Алесь Бяляцкі, кажа, што яму раілі ў лістах пісаць, як ён пакутуе ў турме, як яму там цяжка.

«Усё можна выкарыстаць на карысьць сябе, у тым ліку і адседку.

Лісты і пісаньне кнігі — гэта спроба ўцёкаў ад рэальнасьці. У мяне было шмат вольнага часу. Я працаваў у зоне, мы займаліся перацягваньнем бярвеньня. Літаральна за гадзіну пераносілі ўсё бярвеньне, а потым народ сядзеў і піў гарбату. На месячны заробак, дарэчы, можна было купіць адзін пачак гарбаты. Але ў мяне была магчымасьць пісаць. У зьняволеньні напісаў кнігу „Бунт батанікаў“ і атрымаў за яе прэмію імя Францішка Аляхновіча», — расказаў Зьміцер Дрозд.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG