Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распасы сочынскага прэфэрансу


Якія вынікі мела сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна ў Сочы? Ці пагадзілася Масква адмовіцца ад інтэграцыйных прапановаў, а Менск – ад патрабаваньняў наконт дадатковых субсыдыяў?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць выкладчык Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных зносінаў Кірыл Коктыш і палітычны аглядальнік парталу TUT.BY Арцём Шрайбман.

Сьцісла

  • У Сочы абмяркоўваліся і стратэгічныя рэчы. Гэта мог быць, скажам, Шаўковы шлях
  • Адзіны рэальны варыянт – гэта разысьціся і застацца пры сваіх. Гэта варыянт Б Мядзьведзева і гэта тое самае, што і не дамовіліся
  • Бакі прыйшлі да высновы, што яны не дамогуцца таго, чаго кожны хацеў. Таму варта было неяк залагодзіць эмацыйныя страты ад гэтага ўзаемнага разуменьня
  • Прыязная атмасфэра сустрэчы – дадатковае сьведчаньне таго, што нейкая ўгода была ўсё ж дасягнутая
  • Інтэграцыйная тэма адгуляла ўжо ў студзені

Пра што дамовіліся Лукашэнка і Пуцін?

Дракахруст: Якія вынікі трохдзённай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзіміра Пуціна? Напярэдадні сустрэчы і беларускія і расейскія афіцыйныя прадстаўнікі даволі выразна фармулявалі парадак дня сустрэчы двух лідэраў – падатковы манэўр і далейшая інтэграцыя. У пятніцу Лукашэнка паведаміў, што і слова такога – манэўр – не ўжывалі за тры дні. І пра сувэрэнітэт не гаварылі, паводле яго, «гэта сьвятое».

Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш

Коктыш: Мяркую, што быў падрабязны аналіз адносінаў – што працуе, што не працуе. Гэтым разам ацанілі стан гуманітарнай сфэры, наступны раз – нешта іншае будзе.

Ніякіх прарыўных рашэньняў у Сочы не было, але пэўныя стратэгічныя рэчы абмяркоўваліся. Магчыма, тыя пакетныя рэчы, пра якія ішла гаворка, можа закрануць і пытаньне падатковага манэўру.

Тры дні прэзыдэнты ня будуць бавіць час проста так.

Шрайбман: Тое, што казаў Лукашэнка ў Сочы, у тым ліку і заява наконт таго, што мы гатовыя інтэгравацца настолькі глыбока, наколькі глыбока гатовыя інтэгравацца народы – усё гэта дзяжурныя фразы, якія Лукашэнка паўтараў шматкроць.

Гэта азначае, што нічога канкрэтнага журналістам, публіцы, немагчыма было прад'явіць. Калі б было хоць нешта канкрэтнае, скажам, стварэньне камісіі, якая адсочвала б фэйкі ў Тэлеграм-каналах (Лукашэнка казаў, што хоча ўзьняць у размове з Пуціным тэму інфармацыйных «наездаў»), хоць роўмінг скасаваць, хоць візавае пагадненьне падпісаць – калі б было зроблена хоць нешта, я ўпэўнены, яны б пра гэта сказалі.

Тое, што яны абмежаваліся агульнымі фразамі, сьведчыла, што не было ня толькі ніякага пагадненьня, але і ніякай згоды.

Паводле Лукашэнкі яны дамовіліся прааналізаваць стан саюзных дамоўленасьцяў, роўна пра гэта яны дамовіліся, паводле іх словаў, яшчэ ў сьнежні.

Я ня веру, што падатковы манэўр не абмяркоўваўся. Гэтую тэму афіцыйна анансаваў беларускі бок. Пра гэта казаў пасол Сямашка.

Ці пагадзіліся бакі на варыянт Б прэмʼера РФ Мядзьведзева?

Дракахруст: У мяне ёсьць свая вэрсія вынікаў сочынскіх перамоваў. Варта прыгадаць, што ў сярэдзіне сьнежня прэм’ер Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў прапанаваў насамрэч два шляхі – або больш шчыльная інтэграцыя, з агульнай валютай і мытняй і шчодрай падтрымкай Беларусі, або кансэрватыўны варыянт, з захаваньнем цяперашняга ўзроўню інтэграцыі і цяперашняга ўзроўню расейскай дапамогі. Ня выключана, што бакі проста выбралі кансэрватыўны варыянт.

Гэтая вэрсія тлумачыць шэраг заяваў, якія прагучалі ў Сочы. Пуцін падчас ціхіх спартовых радасьцяў патлумачыў журналістам, што пытаньні інтэграцыі не цярпяць тлуму. На працягу студзеня Мядзьведзеў, Лаўроў, Сілуанаў, іншыя расейскія чыноўнікі дэманстравалі жаданьне паглыбіць інтэграцыю. Цяпер было сказана, што сьпяшацца няма куды.

У сваю чаргу Лукашэнка заўважыў, што не адным манэўрам людзі жывыя. Ці не азначае гэта, што ён зьмірыўся з тым, што грошай за манэўр ня будзе?

Коктыш: Рацыя ў вашай думцы ёсьць. Але мне здаецца, што гэта ня ўсё, пра што дамовіліся ў Сочы. Я думаю, што там абмяркоўваліся і стратэгічныя рэчы. Гэта мог быць, скажам, Шаўковы шлях. Гэты праект павінен пачаць працаваць і ў Беларусі, і ў Расеі. Беларусь спадзяецца на працягу 10 гадоў падвоіць свой ВУП дзякуючы гэтаму праекту.

Магчыма, размова ішла пра іншыя праекты. Усё ж рашэньне Беларусі не патрабаваць кампэнсацыі за манэўр, а Расеі – не даваць гэтай кампэнсацыі, не патрабавала трох дзён перамоваў.

Абодва прэзыдэнты выглядалі задаволенымі, значыць, яны бачаць стратэгічныя пэрспэктывы. Неаднойчы ў мінулым было, што пазыцыі бакоў здаваліся несумяшчальнымі. Але праблемы вырашаліся такім чынам, што абодва бакі былі задаволеныя. І грошы, якія атрымлівала Беларусь, былі прыблізна такія самыя, як і пры прамой схеме, на якой настойваў Менск.

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

Шрайбман: Я ў прынцыпе згодны з вашай лёгікай, Юры. Я яе выкладаў у сваіх прагнозах на працягу апошніх месяцаў – што бакі паспрачаюцца і зразумеюць, што іх пазыцыі запыту недасягальныя. Адзіны рэальны варыянт – гэта разысьціся і застацца пры сваіх. Гэта варыянт Б Мядзьведзева, і гэта тое самае, што і не дамовіліся.

Ня думаю, што Лукашэнка паехаў у Сочы проста для таго, каб пагадзіцца на варыянт Б. Для гэтага дастаткова было проста патэлефанаваць, а ня ладзіць сустрэчу на 3 дні.

Мяркую, што ён зрабіў апошнюю спробу ўсё ж дамагчыся нейкай кампэнсацыі, магчыма, альтэрнатыўны варыянт кампэнсацыі. Я ня ўпэўнены, што ў яго гэта атрымалася.

Мяркую, што беларускі бок зразумее, што такія сочынскія «засады» ўжо не працуюць. І робіцца ўсё больш непазьбежным мядзьведзеўскі варыянт Б, пры якім Беларусь проста зьмірыцца з тым, што Расея падатковы манэўр кампэнсаваць ня будзе.

Нашто былі хакей і лыжы?

Дракахруст: Летась падчас сустрэчы ў Сочы Лукашэнка дэманстратыўна адмовіўся пайсьці з Пуціным на хакей. Цяпер яны разам каталіся на лыжах, гулялі ў хакей, сьнедалі. Атмасфэра, прынамсі, для вонкавага назіральніка, была вельмі прыязная. Пуцін запрасіў Лукашэнку на сустрэчу зь лідэрамі Ірану і Турэччыны, якія прыехалі весьці перамовы з Пуціным. А зусім не з Лукашэнкам. Але і Лукашэнка зь імі пачаставаўся гарбаткай. А Лукашэнка, у сваю чаргу, таксама дэманстратыўна, адмовіўся ад паездкі на Мюнхэнскую канфэрэнцыю па бясьпецы, маўляў, мне Пуцін бліжэйшы, лепш мы зь ім яшчэ на лыжах пакатаемся. Гэта неяк паўплывала на хаду перамоваў?​

Шрайбман: Калі б Лукашэнка паехаў у Мюнхэн, гэта было б адназначна расцэнена як дэмарш: паездка адразу пасьля сустрэчы з Пуціным туды, дзе ўсе будуць Пуціна лаяць.

Але мне здаецца, што сустрэча і сапраўды была неканфліктнай. Бакі прыйшлі да высновы, што яны не дамогуцца таго, чаго кожны хацеў. Таму варта было неяк залагодзіць эмацыйныя страты ад гэтага ўзаемнага разуменьня.

Коктыш: Для мяне гэтая прыязная атмасфэра сустрэчы – дадатковае сьведчаньне таго, што нейкая зьдзелка была ўсё ж дасягнутая. Лукашэнка ня можа дазволіць сабе вярнуцца на радзіму безь фінансавых вынікаў. Сучасная Беларусь так збудаваная, што прэзыдэнт павінен здабываць рэсурсы.

Зацішша пасьля буры

Дракахруст: Калегі, які ваш прагноз на бліжэйшы месяц? Вы, Арцём, пэўны час таму апублікавалі артыкул з дасьціпнай назвай – «Бура перад зацішшам». Дык будзе зацішша? Масква, расейскія чыноўнікі, сьцішаць сваю інтэграцыйную рыторыку, беларускі бок перастане прыгадваць, што Расея абавязаная Беларусі кампэнсаваць падатковы манэўр. І жарсьці сьнежня-студзеня як бы рассмокчуцца?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Шрайбман: Так, я мяркую, што так і будзе. Пакуль мой прагноз спраўджваецца. Гэта бачна і па гэтай сустрэчы, і па тым, што гаварылася да яе. Былі прымірэнчыя заявы з абодвух бакоў. Прынамсі, зь беларускага. З расейскага боку заявы былі розныя. Але ў апошні месяц была толькі крытыка ад Мядзьведзева, але яна тычылася толькі санкцыйнай палітыкі.

Інтэграцыйная тэма адгуляла ўжо ў студзені. Цікава, што Лукашэнка напачатку сустрэчы з Пуціным адказаў на закіды Мядзьведзева, што Беларусь мусіць быць удзячнай Расеі за дапамогу. Лукашэнка сказаў – мы ўдзячныя.

Бакі, прынамсі, Менск, зразумелі, што пікіроўка ні да чаго добрага не вядзе, што рэсурс «дыпляматыі скандалу» вычарпаны.

Я мяркую, што гэтае зацішша можа працягнуцца паўгода. Але да восені зайграюць новымі фарбамі перамовы па газе. Кантракт канчаецца сёлета. Калі Расея будзе практыкаваць у газавых перамовах той самы падыход, што і ў нафтавых, калі субсыдыі будуць пераводзіцца ў больш празрыстую плоскасьць – то будзе новы раўнд скандалу.

Коктыш: Мне здаецца, што ўзаемныя папрокі ўжо сьцішыліся. Сваркі – гэта кепска для двухбаковых адносінаў, асабліва кепскае іх рэха ў мэдыях. У Расеі вельмі непапулярнае псаваньне адносінаў зь Беларусьсю. Дый у Беларусі Расея разглядаецца як важны партнэр, зь якім варта мець добрыя стасункі, а яшчэ лепш – выгадныя справы.

Так што зацішша сапраўды будзе. Але мне здаецца, што ёсьць і іншая гульня, якая дасьць бонусы і Расеі, і Беларусі.

Я думаю, што Лукашэнка наўрад ці быў проста госьцем на сустрэчы з прэзыдэнтамі Ірану і Турэччыны. Там маглі быць абмеркаваныя і адмысловыя беларускія праекты. З Іранам у Беларусі даўнія і сяброўскія стасункі. Яны могуць аднавіцца. А з Турэччынай – стартаваць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG