Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Эўрапейскіх гульнях у Менску цыгарэты будуць мяняць на сувэніры


Ілюстрацыйнае фота

Падчас ІІ Эўрапейскіх гульняў, якія пройдуць 21-30 чэрвеня ў Менску, арганізуюць спэцыяльныя пункты, дзе кожны зможа бясплатна памяняць пачак цыгарэт на сувэнір з эмблемай гэтага спартовага форуму.

Пра такую магчымасьць 12 лютага паведаміў журналістам намесьнік кіраўніка дырэкцыі ІІ Эўрапейскіх гульняў Анатоль Котаў.

Паводле яго, у Менску будуць аформленыя спэцыяльныя стэнды, дзе кожны, хто захоча пазбавіцца ад цыгарэт, цыгараў і тытуню, зможа іх здаць,а ўзамен атрымаць сувэнір з эмблемай Эўрапейскіх гульняў.

Таксама дырэкцыя гульняў прадугледзела прызы для тых, хто кіне паліць не пазьней, чым за два месяцы да пачатку гульняў.

Арганізатары гульняў зьбіраюцца паказальна зьнішчыць сабраныя цыгарэты.

Акцыя праходзіць у рамках праграмы «Гульні без тытуню». Кожнае спартовае спаборніцтва, на задумку арганізатара, будзе свабодным ад курэньня. Будуць вызначаныя спэцыяльныя месцы па-за межамі спартовых зонаў, дзе той, хто яшчэ ня кінуў гэтай шкоднай звычкі, зможа курыць.

Сёньня ж арганізатары гульняў адкрылі спэцыяльны праект «Зорныя амбасадары ІІ Эўрапейскіх спартовых гульняў». Першыя два сэртыфікаты амбасадараў атрымалі алімпійскі чэмпіён у фэхтаваньні Аляксандар Раманькоў і Міс Беларусь-2018 Марыя Васілевіч.

Эўрапейскія гульні — 2019. Што важна ведаць

Другія Эўрапейскія гульні пройдуць у Менску з 21 па 30 чэрвеня 2019 году.

  • На падрыхтоўку II Эўрапейскіх гульняў Беларусь патраціла 540 мільёнаў рублёў (каля 265 мільёнаў даляраў). Першапачаткова Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 мільёнаў даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры.
  • З квітком на гульні можна было бязь візы трапіць у Беларусь празь любы памежны пункт.
  • На Эўрапейскія гульні ў Менск чакалі 30 тысяч замежных турыстаў, але на 27 чэрвеня памежнікі прапусьцілі 12,2 тысячы замежных грамадзянаў па «спартовым бязьвізе», сярод іх 4 тысячы спартоўцаў і невядомая колькасьць спартовых функцыянэраў. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.​
  • Нямецкі алімпійскі камітэт прыгразіў байкатаваць Эўрапейскія гульні ў Менску праз затрыманьні беларускіх журналістаў.
  • Падчас гульняў у Беларусі працавалі супрацоўнікі МУС Расеі.
  • Адкрыцьцё гульняў прысьвяцілі гісторыі Беларусі, закрыцьцё — сучаснасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG