Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяз права на сэкс


У мэдыях усё часьцей зьяўляюцца матэрыялы пра жыцьцё людзей з інваліднасьцю, а нашыя гарады робяцца больш інклюзіўнымі. Мы нібыта становімся больш чульлівымі да чужых праблем, але часам за «клопатам» хаваецца сапраўднае людажэрства.

Часопіс «Имена» апублікаваў інтэрвію з грамадзкім актывістам Сашам Аўдзевічам — у ім мужчына расказвае, як зьмянілася ягонае сэксуальнае жыцьцё пасьля траўмы (у яго страчана адчувальнасьць у ніжняй палове цела) і кажа, што ўвёў бы «сацыяльную прастытуцыю». Людзям (маюцца на ўвазе толькі мужчыны) з інваліднасьцю, кажа ён, часам цяжка зацікавіць дзяўчыну і атрымаць сэкс. І прапаноўвае Саша не рабіць больш папулярнымі сэкс-шопы ці ствараць адмысловыя курсы, дзе людзей будуць вучыць атрымоўваць задавальненьне ў новых умовах. Ён прапануе набываць жанчын для сэксу часткова ці цалкам за кошт дзяржавы.

Ён прапануе набываць жанчын для сэксу часткова ці цалкам за кошт дзяржавы.

Увогуле, гэта ня новая ідэя: у тых жа Нідэрляндах існуе такая форма прастытуцыі, якую часам называюць эўфэмізмам «сэкс-дапамога». Каб прыхаваць сутнасьць зьявы, яе апісваюць як высакародную паслугу з вобласьці сацыяльнай абароны: аказваецца, у людзей (зноўку ж традыцыйна маюцца на ўвазе мужчыны) ёсьць «права на сэкс», і праз сваю хваробу яны ня могуць яго рэалізоўваць, а добрая дзяржава дапамагае ім у гэтай справе.

Так званую «сацыяльную прастытуцыю» называюць праявай гуманнасьці і міласэрнасьці. На жанчын, праўда, гэта не распаўсюджваецца. Гуманнай і міласэрнай можна было б назваць ініцыятыву па выдачы бясплатных сэкс-цацак людзям з пэўнымі формамі інваліднасьці, але ніяк не эксплюатацыю жанчын для задавальненьня мужчынскіх сэксуальных жаданьняў.

Няма аніякага права на сэкс. Гэтае мітычнае права — проста спэкуляцыя, якая добра ўпісваецца ў парадыгму «сэкс — гэта нешта, што ёсьць у жанчыны, і чым яна павінна дзяліцца».

Няма аніякага права на сэкс.

Абсалютная большасьць людзей, уцягнутых у прастытуцыю, — гэта жанчыны, і абсалютная большасьць людзей, якія будуць карыстацца «сэкс-дапамогай», — мужчыны. Я ўвогуле ні разу ня бачыла, каб жанчыны з інваліднасьцю патрабавалі для сябе дзяржаўнай дапамогі ў набываньні мужчын, якія будуць задавальняць іх сэксуальныя жаданьні. Верагодна, такія жанчыны таксама існуюць (і іх запыт выглядае ня менш людажэрскім), але на слыху аказваюцца толькі мужчынскія патрабаваньні такога кшталту.

Праблема «сацыяльнай прастытуцыі» — гэта не сацыяльная праблема інклюзіі людзей з інваліднасьцю, а яшчэ адна праява гендэрнай няроўнасьці.

Гэта ўсё, вядома ж, не выпадкова. Праблема «сацыяльнай прастытуцыі» — гэта не сацыяльная праблема інклюзіі людзей з інваліднасьцю, а яшчэ адна праява гендэрнай няроўнасьці. Дагэтуль распаўсюджана меркаваньне, што ў сьвеце існуюць нейкія адмысловыя людзі, якія не пакутуюць ад таго, ад чаго пакутуюць людзі «нармальныя». Так апраўдваюць практыку «жаночага абразаньня» і дзіцячыя шлюбы (кажуць, што нам не зразумець чужых традыцый). Вельмі падобна кажуць і пра сацыяльную прастытуцыю (недзе там нібыта існуюць жанчыны, якім прыемна, што сэкс — гэта іх абавязак).

У Беларусі (прынамсі, у бліжэйшыя гады) «сацыяльная прастытуцыя»дакладна не зьявіцца. Хочацца верыць, што і ў далёкай пэрспэктыве ў паняцьце сацыяльнай абароны ў нас не будзе ўваходзіць сэксуальная эксплюатацыя. А пра бясплатныя сэкс-цацкі я ўсё ж прапаную задумацца.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG