Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З дыскрымінацыяй на рынку працы сутыкаліся 85% беларусаў, — дасьледаваньне


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Жанчыны часьцей сутыкаюцца з дыскрымінацыяй у сувязі са сваёй роляй жонкі і маці, мужчыны — у сувязі з узростам.

З дыскрымінацыяй на рынку працы сутыкаліся 85% апытаных беларусаў, паведаміла на прэс-канфэрэнцыі ў Менску спэцыяліст міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Гендэрныя пэрспэктывы» Алена Арцёменка. Яна прадставіла вынікі сацыялягічнага дасьледаваньня аб гендэрнай дыскрымінацыі на рынку працы, піша БелаПАН.

Паводле яе слоў, з дыскрымінацыяй сутыкаліся 89,6% жанчын і 80,4% мужчын. Пры гэтым жанчыны часьцей сутыкаюцца з дыскрымінацыяй у сувязі са сваёй роляй жонкі і маці, мужчыны — у сувязі з узростам.

Самыя ўразьлівыя на рынку працы групы, паводле сацыёлягаў:

  • замужнія і незамужнія жанчыны да 35 гадоў безь дзяцей,
  • жанчыны зь дзецьмі да 10 гадоў,
  • жанчыны ў адпачынку па доглядзе за дзіцем.

Як адзначыла Арцёменка, разрыў паміж заработнай платай мужчын і жанчын складае 25%.

Рызыка дыскрымінацыі таксама павышаецца сярод людзей ва ўзросьце 35-44 гадоў і з вышэйшай адукацыяй.

Самы распаўсюджаны від дыскрымінацыі — пры прыёме на працу

З дыскрымінацыяй пры прыёме на працу сутыкаюцца 69,3% беларусаў (73,8% жанчын і 64,7% мужчын).

Найчасьцей — тыя, хто працуе ў сфэры гандлю (84,3%), з уразьлівых групаў — замужнія жанчыны да 35 гадоў без дзяцей (84%).

«Чаму такая высокая лічба менавіта ў гандлёвай сфэры — пытаньне для асобнага дасьледаваньня, — сказала старшыня праўленьня „Гендэрных пэрспэктыў“ Ірына Альхоўка. — Магчыма, тут грае ролю зьнешнасьць і ўзрост работнікаў».

Дыскрымінацыя на працоўным месцы

Дыскрымінацыя на працоўным месцы крыху меншая, чым пры прыёме на працу: ад яе калі-небудзь цярпелі 64,1% эканамічна актыўнага насельніцтва (68% жанчын і 60,3% мужчын).

Сярод прычынаў дыскрымінацыі на працоўным месцы:

  • узрост, у першую чаргу малады — з 16 да 24 гадоў (самая распаўсюджаная прычына),
  • цяжарнасьць або адпачынак па догляду за дзіцем (сутыкаліся 26,2% жанчын),
  • неабгрунтаваныя патрабаваньні да вонкавага выгляду на працоўным месцы (сутыкаліся 28,6% мужчын і 27,1% жанчын),

З парушэньнем сэксуальнай недатыкальнасьці на працоўным месцы сутыкаліся 18,8% рэспандэнтаў (23% жанчын і 14,6% мужчын).

Асноўнае выйсьце — звольніцца

Ірына Альхоўка кажа, што людзі часта не ўсьведамляюць, калі іх правы парушаюцца.

«Траплялі ў сытуацыі дыскрымінацыі, але не лічылі іх такімі, 26,6% пры прыёме на працу і 17,6% — на працоўным месцы. І гэта значная праблема», — падкрэсьліла яна.

Як адзначыла Ірына Арцёменка, асноўным выйсьцем з сытуацыі дыскрымінацыі на працоўным месцы беларусы лічаць звальненьне. Паводле яе, з працы звальняюцца 30% тых, хто рэагуе на ўціск правоў на працоўным месцы.

Гатоўнасьць адстойваць свае правы ў выпадку іх парушэньня не высокая:

  • Пры прыёме на працу што-небудзь робяць 12,7% людзей, хочуць, але ня робяць — 40,1%.
  • У сытуацыях на працоўным месцы адстойваюць свае правы 22,7% работнікаў, хацелі б адстаяць, але ня робяць гэтага — 40,5%.

У кожным выпадку дыскрымінацыі 10-20% рэспандэнтаў ня ведае, куды зьвярнуцца і што зрабіць.

«Гэта сьведчыць аб тым, што канструктыўных мэханізмаў вырашэньня праблемы не існуе, або работнікі не разглядаюць іншыя спосабы, ці не валодаюць імі. Такім чынам, яны з сытуацыі парушэньня правоў трапляюць у яшчэ больш ўразьлівую сытуацыю, губляючы працу», — адзначыла Арцёменка.

Дасьледаваньне праводзіла кампанія SATIO & CIVITTA ў рамках інфармацыйнай кампаніі «Пол ня столь», якую рэалізуе ў Беларусі МГА «Гендарныя пэрспэктывы».

Дасьледаваньне праводзілі мэтадам панэльнага інтэрнэт-апытаньня ў жніўні 2018 году сярод эканамічна актыўнага насельніцтва працаздольнага ўзросту — ад 16 да 63 гадоў. Было апытана 1.298 чалавек з розных рэгіёнаў Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG