Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі на 6 гадоў асудзілі грамадзяніна Даніі за «экстрэмісцкія» набажэнствы


Дэніс Крыстэнсэн у судзе
Дэніс Крыстэнсэн у судзе

Сёньня ў расейскім горадзе Арол на шэсьць гадоў зьняволеньня быў асуджаны грамадзянін Даніі Дэніс Крыстэнсэн. Суд прызнаў яго экстрэмістам, бо ён ладзіў набажэнствы рэгіянальнай рэлігійнай абшчыны «Сьведак Яговы». Паводле суду, Крыстэнсэн ведаў, што дзейнасьць арганізацыі забароненая, але працягваў праводзіць набажэнствы і прапаведаваць.

Прадстаўнікі Эўрапейскай асацыяцыі «Сьведак Яговы» заявілі, што на прысуд цягам 10 дзён будзе пададзена апэляцыя. «Сумна, што чытаньне Бібліі, прапаведаваньне і вядзеньне праведнага жыцьця зноў стала ў Расеі крымінальным злачынствам», — кажа прадстаўнік асацыяцыі Яраслаў Сівульскі.

Дэніс Крыстэнсэн быў арыштаваны ў траўні 2017 году пасьля ператрусаў у малітоўным доме «Сьведак Яговы» ў Арле. Наступныя паўтара года Крыстэнсэн правёў у сьледчым ізалятары. Расейская праваабарончая арганізацыя «Мэмарыял» прызнала яго палітычным вязьнем.

Вярхоўны суд Расеі ў красавіку 2017 году прызнаў экстрэмісцкай галоўную арганізацыю гэтай рэлігійнай супольнасьці ў Расеі — «Кіраўнічы цэнтар Сьведак Яговы». Асобныя мясцовыя суполкі, у тым ліку і Арлоўская абўчына, прызнаваліся экстрэмісцкімі яшчэ раней.

Крыстэнсэн не размаўляе па-расейску. У ходзе ўсяго працэсу ён меў зносіны з судом з дапамогай перакладчыка. У сваім апошнім слове ён адзначыў, што не разумее, за што яго судзяць, і папрасіў апраўдаць яго. «Я шчыра спадзяюся, што суд абароніць права на свабоду веравызнаньня, якое прапісана ў Канстытуцыі Расеі», — сказаў Крыстэнсэн.

Прыхільнікі рэлігійнай плыні «Сьведкі Яговы» вераць у адзінага бога Ягову і адмаўляюць вучэньне пра Тройцу ды бесьсьмяротнасьць душы. Асаблівую ўвагу сьведкі Яговы аддаюць умацаваньню сям’і, адмаўляюцца ваяваць і захоўваюць палітычны нэўтралітэт.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG