Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэр гурту «Ноль» Фёдар Чысьцякоў зьехаў з Расеі празь перасьлед «Сьведкаў Яговы»


Фёдар Чысьцякоў на канцэрце ў Кіеве ў 2010

Вядомы музыкант, лідэр гуртоў «Ноль» і «Федор Чистяков Бэнд» Фёдар Чысьцякоў эміграваў з Расеі ў ЗША.

Чысьцякоў зьяўляецца вернікам рэлігійнай арганізацыі «Сьведкі Яговы». У пачатку 2017 году, напярэдадні гастроляў Чысьцякова па ЗША, у Расеі адбыўся судовы працэс, вынікам якога стала забарона «Сьведкаў Яговы». Музыкант, паводле яго словаў, прыняў канчатковае рашэньне аб эміграцыі 17 ліпеня, калі адхілілі апэляцыю.

«Я не змагу адкрыта вызнаваць сваю рэлігію, — Чысьцякоў сказаў „Новой газете“. — Гэта само па сабе траўма, нават калі цябе ня садзяць, але ёсьць ужо і пасадкі… Апошні год да маіх таварышаў наведваліся зь ператрусамі спэцслужбы. Забіралі ноўтбукі, кампутары, жорсткія дыскі з мэтай знайсьці доказы экстрэмізму. Я вельмі перажываў за сваю хатнюю студыю. Так што мой пераезд — гэта вымушаная мера, накіраваная на тое, каб я ня зьнік як творчая адзінка».

Пры гэтым Чысьцякоў пацьвердзіў, што па-ранейшаму будзе прыяжджаць у Расею на гастролі.

Гурт «Ноль» набыў папулярнасьць у канцы 1980-х і пачатку 1990-х гадоў. Да «Сьведкаў Яговы» Фёдар Чысцякоў далучыўся ў 1995 годзе.

У 2009 годзе па НТВ быў паказаны фільм «Асьцярожна: Сьведкі Яговы», стваральнікі якога імкнуліся паказаць музыканта ў вобразе «абалваненага сэктанта».

XS
SM
MD
LG