Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Сёмуха на Свабодзе. 10 выказваньняў пра мовы, немцаў і Біблію


Васіль Сёмуха
Васіль Сёмуха

Перакладчык Васіль Сёмуха, які памёр 3 лютага на 84-м годзе жыцьця, у мінулым быў частым госьцем перадач Радыё Свабода.

Прапануем вам дзесяць выказваньняў Васіля Сёмухі на Свабодзе.

Пра любоў як крытэр выбару літаратуры

«Тое, што я люблю, падабаецца і другім людзям. Падабаецца мой „Фаўст“, падабаюцца мой Рыльке і мая Візма Бэлшавіца. Так што я не памыляўся ў сваім выбары, арыентуючыся толькі на сваю любоў, грунтуючыся на ёй».

Як адказаў на пытаньне пра мовы ў перапісе

«Пыталіся — якая родная мова, якая засвоена першая, я ім адказаў, што заходнепалескі дыялект. Яны запісалі са зьдзіўленьнем. Хто па нацыянальнасьці — беларус, на якой мове размаўляем дома — на беларускай. Былі такія дзьве дзяўчыны ня вельмі зубастыя, ціхія, але калі ўжо сыходзілі, то запыталіся: а праўда, што вы пераклалі Біблію?»

Якая карысьць ад перакладаў

«У маім разуменьні пераклад быў і ёсьць высокім літаратурным майстэрствам. Я ніколі, колькі жыву, ня жыў за адныя пераклады. Ад перакладу я меў і маю да гэтага часу вялікую насалоду. Я пляваць хацеў на тое, заплацяць мне ганарар ці не, закажуць пераклад ці не закажуць. Калі мне кніга падабаецца, калі мне твор замежны падабаецца, я яго перакладаю, і маю ад гэтага вялікую насалоду. І гэта мяне заўсёды цешыла і цешыць».

Пра мову-пасярэдніцу ў перакладзе

«Мова-пасярэдніца для перакладу паэзіі не падыходзіць, таму што перакладчык павінен імправізаваць на тэму верша — інакш не перакладзеш. Прозу перакладаць можа і машына, а паэзію — не».

Пра «дзьве вялікія мовы»

«Калі нам сёньня ўбіваюць у галовы надта разумныя палітыкі, што ў сьвеце існуе толькі дзьве вялікія мовы — ангельская і расейская, і толькі на іх можна выказаць нешта разумнае і мудрае, то я дазволю сабе ў гэта не паверыць. Таму што той, хто так гаворыць, ні па-расейску, ні па-ангельску ніводнай мудрай думкі пакуль ня выказаў. А перакладчыкі могуць даваць нам усе вялікія мудрасьці сьвету. Можна выказаць разумныя думкі на нашай мове. І трэба. І чым больш будзе выказана разумных думак, у тым ліку замежных творцаў, тым большая ганьба будзе для тых, хто лічыць, што гэта немагчыма».

Чаму не перакладаў з рускай?

«Хай чытаюць людзі па-руску. Што ж я буду зь яе перакладаць?»

Пра зацікаўленасьць нямецкай мовай

«Калі гэтая трагедыя здарылася [расстрэл бацькоў перакладчыка немцамі ў 1942 г.], 6 гадоў мне было. І пасьля вайны як раз гэтыя пытаньні „Што?“ „За што?“ „Чаму?“ паўставалі перад усімі дзецьмі, якія страцілі сваіх родных. Адказаць на гэтыя пытаньні было немагчыма. А яны заселі, як кажуць, у сьвядомасьці дзіцяці і далей перарасьлі ўжо ў цікавасьць да мовы. Толькі, мабыць, празь нямецкую мову можна даведацца, што адбылося і чаму, за што забілі маіх бацькоў. Я ня ведаў гэтага. Зацікавіўся мовай, стаў яе вывучаць і адкрыў для сябе незвычайна вялікай прыгажосьці скарб. Мова нікога не забівала. Мова — гэта носьбіт культуры цэлага народу, і калі я гэта зразумеў, то, натуральна, і прыкіпеў душою да нямецкай мовы».

Пра інтэрнэт

«Гэта вялікая дапамога для літаратуры. З таго часу, як я ўлез у гэты інтэрнэт і займеў свой кампутар, я зрабіў, можа, больш чым, да таго за ўвесь час. Гэта вялікая дапамога, цяпер, дарэчы, я маю яшчэ магчымасьць выстаўляць свае пераклады ў інтэрнэт».

Пра пераклад Бібліі

«Усе чатырнаццаць гадоў, цягам якіх я перакладаў Біблію, прайшлі ў адзіным запале, калі я ня ведаў, дзе пачатак, дзе канец. Я меў надзвычайную асалоду ад гэтай працы й не задумваўся: многа ці мала прайшло часу. Мабыць, столькі, колькі было адпушчана Богам на гэтую справу. (…) Я зьвяртаўся ва ўсе беларускія канфэсіі з прапановаю супрацоўніцтва, каб мне дапамаглі ў выданьні Бібліі. Кожная з канфэсіяў лічыць сябе адзіна правільнай, і кожная ставіла мне ўмовы, каб тэкст выдаваўся пад іх кантролем. Гэта ішло ўразрэз з маімі пажаданьнямі. Я хацеў, каб беларуская Біблія была патрэбная й даступная для ўсіх, а ня толькі для той ці іншай канфэсіі. Для мяне яны ўсе роўныя».

Пра Васіля Быкава і парадокс гісторыі

«Сёньня нямецкі народ дае прыстанішча сусьветна вядомаму пісьменьніку, гонару й сумленьню нашай нацыі Васілю Быкаву. Парадокс гісторыі — чалавек, які так шмат у сваёй сфэры зрабіў для змаганьня з фашызмам, якога беларуская ўлада абвінавачвае ў фашысцкіх поглядах, — гэтаму чалавеку дае прыстанішча менавіта нямецкі народ. Гэта ганьба для нашай краіны, для нашай улады, для нас усіх, што Васіль Быкаў вымушаны шукаць даху над галавой у Нямеччыне. Але гэта гаворыць і за немцаў».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG