Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВАСІЛЬ СЁМУХА: “БЕЛАРУСКУЮ БІБЛІЮ ХОЧУЦЬ ЧЫТАЦЬ НАВАТ АТЭІСТЫ”


Міхась Скобла, Менск

Беларуская рэчаіснасьць апошнім часам ставіць больш пытаньняў, чым дае на іх адказаў. Мы жывем у эпоху, калі старыя мары не збываюцца, а новыя не зьяўляюцца. І ўсё ж адна беларуская мара спраўдзілася на нашых вачах — мы нарэшце атрымалі поўную беларускую Біблію на сучаснай беларускай мове. Сёньня з намі ў “Вольнай студыі” чалавек, які гэтую мару ажыцьцявіў, — перакладчык Васіль Сёмуха.

(Міхась Скобла: ) “Спадар Васіль, я віншую вас з выхадам у сьвет Бібліі, над якой, я ведаю, вы працавалі больш за дзясятак гадоў. Што вы адчувалі, калі паставілі апошнюю кропку ў апошняй кнізе Старога Запавету, кнізе прарока Малахіі?”

(Васіль Сёмуха: ) “Вы ведаеце, нейкую спустошанасьць. Я сядзеў за сталом і ня ведаў, за што ўзяцца, да чаго рукі прыкласьці. Я разумеў, што другой такой працы ня будзе. Усе чатырнаццаць гадоў, цягам якіх я перакладаў Біблію, прайшлі ў адзіным запале, калі я ня ведаў, дзе пачатак, дзе канец. Я меў надзвычайную асалоду ад гэтай працы й не задумваўся: многа ці мала прайшло часу. Мабыць, столькі, колькі было адпушчана Богам на гэтую справу”.

(Скобла: ) “Пачуцьці, падобныя на вашыя, за ўсю гісторыю перажылі толькі два беларусы — Францішак Скарына і Янка Станкевіч, якія ў свой час зрабілі поўныя пераклады Бібліі. Але ні пераклад Скарыны ў XVI стагодзьдзі, ні пераклад Станкевіча ў стагодзьдзі XX не былі афіцыйна прызнаныя царквой. Як вы лічыце, ці будзе прызнаны ваш пераклад у XXI стагодзьдзі?”

(Сёмуха: ) “Я ня ведаю, ці будзе ён прызнаны цэрквамі. Мяне гэта мала хвалюе. Я зьвяртаўся ва ўсе беларускія канфэсіі з прапановаю супрацоўніцтва, каб мне дапамаглі ў выданьні Бібліі. Кожная з канфэсіяў лічыць сябе адзіна правільнай, і кожная ставіла мне ўмовы, каб тэкст выдаваўся пад іх кантролем. Гэта ішло ўразрэз з маімі пажаданьнямі. Я хацеў, каб беларуская Біблія была патрэбная й даступная для ўсіх, а ня толькі для той ці іншай канфэсіі. Для мяне яны ўсе роўныя”.

(Скобла: ) “Вось я трымаю ў руках гэты важкі том на 1500 старонках. Яго наклад немалы — 10 000 асобнікаў. Колькі словаў пра распаўсюд — дзе можна будзе набыць беларускую Біблію?”

(Сёмуха: ) “Распаўсюдам будзе займацца мой сын Сяргей, ён выдавец кнігі. Ён і мая дачка Алеся (Сяргей — тут, а Алеся ў Амэрыцы) арганізавалі збор грошай на выданьне, паколькі асабіста ў мяне такой сумы ніколі не было.

Я думаю, што кніга зьявіцца ў кнігарнях, у грамадзкіх арганізацыях, частку накладу возьмуць некаторыя цэрквы, біблійныя таварыствы — ужо цяпер ёсьць такія вялікія заказы.

Мяркую, вялікіх праблемаў з распаўсюдам ня будзе, Біблію будуць купляць. Цікава, што да мяне зьвяртаецца маса людзей, якія ў сваім жыцьці ніколі ня тое што не чыталі Бібліі, ніколі яе ў руках не трымалі! Гэта і атэісты, і нават модныя цяпер атэісты праваслаўнай арыентацыі. Яны хочуць чытаць гэтую Біблію! У мяне нават зьмяніўся погляд на сваю працу. Чым больш атэістаў, бязбожнікаў прачытаюць Біблію беларускую — тым лепш”.

(Скобла: ) “З паўгоду таму госьцем “Вольнай студыі” быў Іван Чарота — сакратар Біблійнай камісіі і аўтар кнігі “Беларуская мова й царква”. Дык вось, ён даводзіў, што пераклад Сьвятога Пісьма мусіць быць саборным. Паводле найноўшага энцыкляпэдычнага даведніка “Рэлігія й царква на Беларусі”, “саборнасьць” — гэта супрацьлеглы панятак як індывідуалізму, які разбурае чалавечую прыроду, так і калектывізму, які нівэлюе асобу”.

Прызнаюся шчыра: ні са словаў спадара Чароты, ні з прыведзенай цытаты я так і не дацяміў, што ёсьць саборнасьць увогуле і саборны пераклад, у прыватнасьці? А як вы разумееце “саборны пераклад”, якога трымаюцца, я так разумею, вашыя апанэнты?”

(Сёмуха: ) “Я меў досьвед працы саборнай у згаданай Біблійнай камісіі. Нехта адзін сядзіць і перакладае. Гэтым адным быў у свой час Сёмуха, перакладаў ён Эвангельле ад Мацьвея.

Пасьля сабралася кампанія хлопцаў, сьвятых і ня вельмі сьвятых — філёлягаў, царкоўнікаў, і давай чытаць тое, што перакладзена, зьвяраючыся і са Скарынам, і са Станкевічам, і з расейскім перакладам, выбіраючы лепшае — вось так трэба, вось гэтак. А перакладчык ня згодны, ці нехта з камісіі ня згодны з тым ці іншым варыянтам. Ну, то давайце вырашаць галасаваньнем — хто за тое, каб пакінуць тое ці іншае слова. Як можна падобныя пытаньні вырашаць галасаваньнем? Гэта немагчыма! Але ў выніку прымаецца нейкі агульны варыянт.

Згадзіцеся, што ніякага стылёвага адзінства, ніякай індывідуальнасьці ў перакладзе, прынятым галасаваньнем, быць ня можа. Гэта будзе абсалютна бясстрасны, неэмацыйны тэкст. А ўжо што там правільна, а што няправільна — пытаньне вельмі спрэчнае. Ну, мабыць, правільна, калі большасьцю прынята. Вось гэтая большасьць — і ёсьць саборнасьць.

Так працаваў Інстытут марксізму-ленінізму, які перакладаў творы Леніна й Сталіна. Я памятаю, як у перакладзе зь Леніна нейкі фразэалягізм пераклалі правільна, але, натуральна, другімі словамі. Дык запатрабавалі, каб было слова ў слова. Няхай гэта гучала дзіка па-беларуску, але па сутнасьці гэта мела быць правільным, як у Леніна. Вось вам прыклад саборнага перакладу.

Натуральна, што ў такой саборнасьці я працаваць ня мог і выйшаў з камісіі. Мой пераклад камісія адрэдагавала, што палічыла патрэбным — пакінула, што — выкінула, прагаласавалі й выдалі, не згадаўшы нават імя перакладчыка. Гэта называецца — украсьці. Вось гэта і ёсць саборнасьць, шчыра кажучы.

Мае апанэнты закідаюць мне, што мой пераклад нясе адбітак асобы перакладчыка. Дык жа і кожнае Эвангельле нясе адбітак асобы свайго аўтара, ніякай саборнасьці там не было. Марк пісаў сваё Эвангельле, Павал пісаў свае пасланьні. І ніхто не галасаваў! Так і перакладацца павінна Біблія, каб пераклад меў адзінства стылю ад пачатку да канца, і пры гэтым каб аўтар кожнай часткі быў прадстаўлены як асоба сваім адметным, сваім непаўторным стылем. А гэта можа зрабіць толькі адзін перакладчык”.

(Скобла: ) “Рыхтуючыся да нашай гутаркі, я нечакана для сябе выявіў, што спробаў перакласьці на беларускую мову тую ці іншую частку Бібліі было вялікае мноства. І амаль усе гэтыя пераклады выдадзеныя, я пералічу, дзе: у Нью-Ёрку, Таронта, Лёндане, Гельсынках, Вільні, Рыме, Менску, Стакгольме, Чыкага, Кліўлендзе, Варшаве, Мельбурне, Лодзі...

Пераклады рабіліся рознымі людзьмі з рознай тэалягічнай ды філялягічнай падрыхтоўкай. І калі іх параўнаць, абавязкова ўзьнікаюць пытаньні. Я разумею, калі сустракаюцца варыянты напісаньня, прыкладам “Галгофа — Гальгота”. Але як патлумачыць, што адна й тая расьліна з Эвангельля ад Лукі ў перакладчыка Чарняўскага названая шыпшыньнікам, у Станкевіча — чупчыньнікам, у Міцкевіча — асотам, у Клышкі — ажынай, а ў Сёмухі — хмызьняком?”

(Сёмуха: ) “Тут няма нічога дзіўнага. Калі вы пачытаеце батанічныя слоўнікі, вы ня ўбачыце там адзінства. Адзінства ў батанічных тэрмінах існуе толькі на лаціне. А народ і народы ўсе расьліны называюць па-рознаму. Для кожнай расьліны ў розных мясцовасьцях ёсьць дзясяткі назваў, і дайсьці тут да нейкага адзінства проста немагчыма. Лаціна для навукі — выйсьце. А перакладаць лацінскімі тэрмінамі біблійныя тэксты ня варта.

Так што можа быць і шыпшыньнік, і хмызьняк. Я прывяду вам такі прыклад. Старажытныя грэкі пісалі, чытаем у Эвангельлі ад Яна: “Спачатку быў логас...” І пачынаюць перакладаць “логас” як “слова”, “дело”, “сіла”, “подвиг”, “учынак”... І кожны з варыянтаў правільны, але недастатковы.

Бо ў старажытнагрэцкай мове слова “логас” мела 27 асноўных значэньняў! У сучасных мовах яму проста няма ўнівэрсальнага адпаведніка. А таму кожны перакладчык, кіруючыся сваёй інтуіцыяй, выбірае слова, якое ён лічыць найбольш адпаведным. Таму на месцы слова “логас” у перакладзе можа паявіцца 27 розных словаў.

Для навукі гэта непрымальна, але для нашага з вамі разуменьня тэксту падыходзіць. Для навукі ёсьць арыгінал — старажытнагрэцкі й старажытнагабрэйскі. І ніводзін тэоляг ня будзе дасьледаваць Біблію па перакладах, бо гэта ўжо другасныя тэксты. Пераклад — гэта людзкая спроба перадаць ісьціну людзям, каб ім яна была зразумелая. Бо арыгінал жа недаступны”.

(Скобла: ) “Вашыя тэксты заўсёды натуральна гучаць па-беларуску...”

(Сёмуха: ) “Дзякуй на добрым слове”.

(Скобла: ) “...А таму хацелася б пачуць думку адмыслоўца-філёляга ў пытаньні, якое сёньня хвалюе ўсё беларускае грамадзтва — маю на ўвазе дзяржаўны гімн Беларусі. Вы ў свой час перакладалі адзін з гімнаў, гімн каханьню — “Найвышэйшую песьню Салямонаву”.

На гэтым тыдні адмысловая камісія выбрала нарэшце самы ўдалы на яе гледзішча варыянт і будзе прадстаўляць яго на зацьвярджэньне. Музыка старая, Несьцера Сакалоўскага, тэкст — пераніцаваны са старога, Клімковіча–Карызны. Як вы ацанілі б гэты твор, ці варты ён быць дзяржаўным гімнам?”

(Сёмуха: ) “Я прачытаў усе варыянты, выбраны самы горшы, які павінен служыць палітыцы сёньняшняга дня, славіць саюз, прэзыдэнта, інтэграцыю, панславянства і г.д. У ім усё старое, і музыка старая, хоць і прыгожая, і словы старыя, хоць і напісаныя сёньня. Гэта ўсё такая старызна спрахлая, пра якую й гаварыць ня варта. Ну, хай граюць, хай людзі пад гімн гэты ўстаюць, ці не ўстаюць. Прыйдзе час, і ўсё гэта зьменіцца, бо яно відавочна часовае. Кароткі век будзе ў гэтага гімну”.

(Скобла: ) “І на заканчэньне нашае гутаркі такое рэлігійна-палітычнае пытаньне. Адзін мой знаёмец, які належыць да эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў, расказаў мне, што яны на сваіх сходах моляцца за дзейнага прэзыдэнта Беларусі. На маё зьдзіўленьне, ён прывёў гэткі прыклад. Нямецкі навуковец Лютэр Бэрбанк, аўтар кнігі “Расьліны нас слухаюць”, выгадаваў кактус бяз голак і белую лілею, якая пахла, штодзённа зьвяртаючыся да іх — як да жывых, з адпаведнымі просьбамі. Як вы лічыце, ці можа мець плён згаданая ініцыятыва хрысьціянаў-баптыстаў?”

(Сёмуха: ) “Сьцяг ім у рукі! Калі нашыя баптысты моляцца за тое, каб беларускі прэзыдэнт прыйшоў да розуму, то я ўхваляю іх малітву. Яны правільна робяць, што моляцца за “вразумление” Лукашэнкі, яму гэта патрэбна. Асабліва сёньня патрэбна.

Вось я чытаю ў газэтах тых, хто прызначаны кіраваць літаратурнымі часопісамі, і мне ўпершыню робіцца шкада прэзыдэнта. Яму няма на каго абаперціся ў культуры. Божа мой, на каго ты абапёрся?! Яны цябе кампрамэтуюць перад усім белым сьветам! Ніна Чайка ў інтэрвію “Белорусской газете” за 10 чэрвеня заяўляе, што культура нацыі заключаецца ў тым, каб паважаць свайго прэзыдэнта. Ну што за ідыятызм!?

Дык правільна робяць баптысты, калі моляцца за яго. Тыя калялітаратурныя дзеячы, на якіх Лукашэнка абапіраецца, яны добрага слова ня вартыя. Але што паробіш — другіх у яго няма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG