Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы ведаем, хто гэта ўчыніў», — сваякі зьніклых апанэнтаў Лукашэнкі камэнтуюць прыпыненьне спраў


Зьніклыя Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Дзьмітры Завадзкі, Анатоль Красоўскі
Зьніклыя Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Дзьмітры Завадзкі, Анатоль Красоўскі

Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў аб прыпыненьні папярэдняга расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

У афіцыйных лістах, якія атрымалі са Сьледчага камітэту сваякі зьніклых і іх прадстаўнікі, сказана, што ў выпадку «высьвятленьня вінаватай асобы» «расьсьледаваньне будзе адразу адноўленае». Свабода распытала, што думаюць сваякі зьніклых палітыкаў пра рашэньне Сьледчага камітэту.

«Прыйдзе час, калі скажуць, што адбылося, і назавуць, хто вінаваты»

Зінаіда Ганчар, жонка намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Віктара Ганчара (зьнік у верасьні 1999 году):

Зінаіда Ганчар, архіўнае фота 2009 году
Зінаіда Ганчар, архіўнае фота 2009 году

«Дарэчы, гэта ня першае прыпыненьне. Такое ўжо было ў сярэдзіне 2018 году, потым зноў аднавілі. Якое маё стаўленьне? Натуральна, мне нічога не зразумела, бо мяне ні з чым не азнаёмілі, справу ж не паказваюць. Але ўсё роўна я не ўспрымаю гэтае рашэньне як тое, што зьнікла апошняя надзея знайсьці праўду. Для мяне такая надзея ніколі ня зьнікне, хоць відавочна, што ўсё адкладаецца яшчэ далей.

І ўсё ж веру, што прыйдзе час, калі справу давядуць да лягічнага выніку і скажуць, што адбылося, ды назавуць, хто вінаваты. Але вось цяпер — ня час, справу прыпынілі. Чаму? У мяне наконт прычыны вэрсій няма. Магчыма, каб потым зноў адкрыць справу і паказаць бурлівую дзейнасьць».

«Справу сьпісваюць у архіў»

Алег Воўчак, юрыдычны прадстаўнік сям’і экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі (зьнік у траўні 1999 г.):

Алег Воўчак. Фота 2012 году
Алег Воўчак. Фота 2012 году

«Фактычна гэта азначае, што сьледзтва спыненае, згорнутае цалкам. Начальнік аддзелу юстыцыі Сьледчага камітэту Вараўка, які падпісаў уведамленьне аб прыпыненьні справы Юрыя Захаранкі, запэўнівае, што будуць прымацца захады для знаходжаньня вінаватых, але насамрэч справу сьпісваюць у архіў.

20 гадоў нічога не рабілася, калі фармальна справа падаўжалася, а тут, калі прыпынілі, нешта будуць рабіць? Гэтак не бывае. Вунь справу Зьмітра Завадзкага гэтаксама прыпынілі — і што, аднавілі? Не. То бок для мяне гэта адназначна азначае, што ўлада канчаткова прызнала: вінаватых у выкраданьні Захаранкі ня знойдзем. І з Ганчаром і Красоўскім тое самае — не хацелі шукаць, а цяпер сказалі, што і ня будуць».

«Будзем пісаць скаргу»

Раіса Міхайлоўская, кіраўніца «Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру», які дапамагае сем’ям зьніклых палітыкаў, у тым ліку Ірыне Красоўскай, жонцы бізнэсоўца Анатоля Красоўскага (зьнік разам зь Віктарам Ганчаром у верасьні 1999 году):

Раіса Міхайлоўская
Раіса Міхайлоўская

«Мы разам з Ірынай Красоўскай зараз займаемся абскарджваньнем гэтага ўведамленьня ад Сьледчага камітэту.

У справе Красоўскага ўвогуле шмат чаго незразумелага. Сваякі ўвесь час атрымлівалі паведамленьні аб падаўжэньні папярэдняга расьсьледаваньня, але ўлетку 2018 году Ірына ўбачыла ў інтэрнэце інтэрвію з адным чалавекам, Забалоцкім, які распавядаў пра некаторыя факты адносна зьнікненьня Анатоля Красоўскага і Віктара Ганчара. Гэта Ірыну зацікавіла, і было пададзена хадайніцтва на імя сьледчага СК Юрыя Вараўкі, каб яны далучылі гэтае інтэрвію да матэрыялаў справы. І вось Вараўка Ірыне ў адказ напісаў, што ўжо прыпыненая справа адноўленая для высьвятленьня гэтага факту.

То бок справа ўжо прыпынялася, хоць Ірыну пра гэта не інфармавалі. А цяпер — як высьветлілася, яшчэ ў лістападзе — справу Ганчара і Красоўскага зноў прыпынілі, а ў канцы сьнежня прыпынілі і справу Захаранкі. Але сваякі зьбіраюцца абскардзіць гэтыя рашэньні. Ірына Красоўская дакладна будзе абскарджваць», — сказала Раіса Міхайлоўская.

Начальнік аддзелу СК Юры Вараўка, які ўведаміў Ірыну Красоўскую пра прыпыненьне расьсьледаваньня справы яе мужа Анатоля Красоўскага, у сваім лісьце напісаў, што «гэтае рашэньне можа быць абскарджана пракурору, які ажыцьцяўляе нагляд за папярэднім расьсьледаваньнем».

Між тым, на думку праваабаронцы Раісы Міхайлоўскай, такое абскарджваньне сьледчымі «фактычны заблякаванае»:

«Бо сваякам даслалі толькі ўведамленьне, а саму пастанову аб прыпыненьні расьсьледаваньня не даслалі, а гэта і ёсьць той асноўны дакумэнт, на які трэба спасылацца ў скарзе ў пракуратуру. Цяпер мы з Ірынай змагаемся за тое, каб даслалі гэтую пастанову».

Чаму напярэдадні 20-годзьдзя зьнікненьня Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара з Анатолем Красоўскім улады вырашылі расьсьледаваньні прыпыніць? У кіраўніцы «Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру» Раісы Міхайлоўскай ёсьць наконт гэтага свая вэрсія.

«Нагадаю, што летась і ў Камітэце супроць катаваньняў ААН, і на сэсіі Камітэту па правах чалавека ААН, калі заслухоўвалася афіцыйная справаздача Беларусі, пытаньне аб прымусовых зьнікненьнях гучала, і ўрад выглядаў вельмі кепска.

Фактычна беларуская дзяржава бясконца крытыкуецца па гэтым пытаньні, а зрухаў няма. Не расьсьледавалі, не знайшлі вінаватых, не пакаралі, не зрабілі высноваў — такія былі прэтэнзіі да дэлегацыі ўраду. Лічу, што каб уратаваць свой імідж, дэлегацыя Беларусі на апошняй сэсіі Камітэту па правах чалавека ААН мусіла займацца падменай: яны ўвогуле адмаўлялі, што ў нас ёсьць зьніклыя палітыкі, а казалі толькі пра зьнікненьні звычайных людзей. І адносна гэтых зьнікненьняў казалі, што 98% іх расьсьледуюцца, бо людзі альбо знаходзяцца жывымі, альбо знаходзяцца целы. А адносна прымусовых зьнікненьняў яшчэ казалі, што ў нашым заканадаўстве такое нават не прадугледжанае.

У выніку Камітэт па правах чалавека ААН рэкамэндаваў Беларусі крыміналізаваць прымусовыя зьнікненьні, а гэта сур’ёзна: трэба дарабіць шмат законаў, а галоўнае, праз пэўны час даваць у ААН справаздачу, што зроблена. А гэтага наша ўлада і ня хоча. Магчыма, таму яны і вырашылі хутчэй справы прыпыніць, дый канец. Няма спраў — няма і адказнасьці. Вось як са справай Зьмітра Завадзкага: 13 гадоў як справу прыпынілі, за зьнікненьне пэўныя людзі нясуць пакараньне, а чаму гэта было зроблена, хто замовіў, дзе цела чалавека — невядома, і сьледчых гэта не цікавіць. Нічога ня робіцца».

«Не было і няма палітычнай волі расьсьледаваць»

Сьвятлана Завадзкая, жонка апэратара расейскага тэлеканалу «ОРТ» Зьмітра Завадзкага (зьнік у ліпені 2000 году):

Сьвятлана Завадзкая, 2016 год
Сьвятлана Завадзкая, 2016 год

«Адразу было відаць, што сьледчыя органы не зьбіраюцца расьсьледаваць нашу справу і справы зьніклых палітыкаў. Не было на гэта палітычнай волі адразу, і яна не зьявілася за амаль 20 гадоў. Таму для мяне няма навіны ў тым, што цяпер і справы Захаранкі ды Ганчара з Красоўскім прыпынілі. Тое, што іх аўтаматычна працягвалі, ні пра што не казала, бо рабілася фармальна. Мы ўсё роўна ведаем, хто гэта ўчыніў, але спадзяёмся на нейкі іншы суд».

На пытаньне, чаму СК вырашыў усё ж прыпыніць таксама і справы зьніклых палітыкаў, як было са справай яе мужа, Сьвятлана Завадзкая адказала гэтак:

«Цяжка за іх казаць. Можа, паўплывалі абставіны палітычныя, можа, зьнешнепалітычныя. Мне відавочна, што для прафэсійных сьледчых гэта сарамоцьце — 20 гадоў расьсьледаваць і нічога не знайсьці. І для сьледчых, і для пракуратуры, для ўсіх, хто гэтым прафэсійна займаўся, гэта ганьба. Ім даўно гэтыя справы замінаюць выглядаць прыстойна.

У нас жа ўвесь час ідуць паказальныя працэсы, што злачынцаў знайшлі ледзь не за два-тры дні, а тут такія справы — і нічога. Тым больш калі ўсе ведаюць людзей, якія датычныя да гэтых зьнікненьняў, на іх вісяць санкцыі, ёсьць рэзалюцыі міжнародных арганізацый па гэтых людзях, а нашы сьледчыя органы столькі год гэта ігнаруюць — дык як да гэтага ставіцца? Як да фарсу, цырку. Вось цяпер чарговы антракт».

«Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар» нагадвае, што ў датычнасьці да зьнікненьняў Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага падазраюцца Віктар Шэйман, Уладзімер Навумаў, Юры Сівакоў і Дзьмітры Паўлічэнка, адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG