Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выведніцкая супольнасьць крытыкуе пазыцыю Дональда Трампа


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

ЦРУ, Выведнае ўпраўленьне Міністэрства абароны і Агенцтва нацыянальнай бясьпекі адмовіліся даваць камэнтары з нагоды твітаў Трампа пра міжнародныя пагрозы ў адрас ЗША, аднак яго выказваньні выклікалі нэгатыўную рэакцыю ў некаторых заканадаўцаў і былых супрацоўнікаў выведкі, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Чалец камітэту выведкі, незалежны сэнатар Ангус Кінг выказвае сумневы наконт камэнтароў Трампа. «Непакоіць, што прэзыдэнт, падобна, не жадае прыслухоўвацца да людзей, чыя праца заключаецца ў тым, каб даваць яму гэтую інфармацыю», — сказаў ён у сераду ў інтэрвію CNN.

«У прэзыдэнта ёсць небясьпечная звычка падрываць аўтарытэт выведніцкай супольнасьці, — заявіў віцэ-старшыня сэнацкага камітэту выведкі дэмакрат Марк Уорнэр. — Людзі рызыкуюць жыцьцём дзеля выведных дадзеных, ад якіх ён проста адмахваецца ў „Твітэры“».

Экс-дырэктар ЦРУ Джон Брэнан назваў твіты прэзыдэнта сведчаньнем «маштабаў ягонага інтэлектуальнага банкруцтва» і напісаў, што амэрыканцы павінны разумець, наколькі сур’ёзную пагрозу ён уяўляе для нацыянальнай бясьпекі ЗША.

Былы дырэктар Нацыянальнай выведкі Джэймс Клэепэр у інтэрвію «Голасу Амэрыкі» назваў выказваньні прэзыдэнта «дылетанцкімі».

«Яму б варта было прачытаць пісьмовую ацэнку, — сказаў Клэппер. — Я думаю, ён рэагуе на тое, што СМІ факусуюць увагу на разыходжаньні паміж ацэнкамі выведніцкай супольнасьці і тым, што кажа яму ягоны „нюх“, таму, вядома, давялося даць яму адпор».

Многіх былых супрацоўнікаў выведкі не зьдзівіла рэакцыя Трампа.

«Антыпатыя прэзыдэнта да выведніцкай супольнасьці добра вядомая і зьвязаная ў асноўным з тым, што незадоўга да пачатку прэзыдэнцтва Трампа выведка адкрыта гаварыла пра расейскае ўмяшаньне ў выбары 2016 году, — адзначае былы супрацоўнік ЦРУ Пол Пілар, які цяпер працуе ў Цэнтры дасьледаваньня праблем бясьпекі пры Джорджтаўнскім унівэрсытэце. — Зрэшты, ягоныя крытычныя твіты з нагоды новай справаздачы аб глябальных пагрозах зьвязаныя хутчэй не з агульнай антыпатыяй, а з тым, што гэтая ацэнка зьмяшчае нязручныя факты, якія разыходзяцца з няслушнымі сьцьвярджэньнямі адміністрацыі».

«Асабіста для мяне пытаньне ў тым, калі гэтыя кіраўнікі выведслужбаў пойдуць у адстаўку, — адзначае былы супрацоўнік ЦРУ Джон Сайфэр. — Адна справа, калі прэзыдэнт прытрымліваецца іншых поглядаў. І зусім іншая — калі ён адкрыта крытыкуе або прыніжае выведніцкую супольнасьць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG