Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп не пагадзіўся са сваёй выведкай наконт глябальных пагрозаў


Дональд Трамп
Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп не пагадзіўся са сфармуляванай кіраўнікамі амэрыканскіх выведвальных службаў ацэнкай пагрозы з боку Паўночнай Карэі і выказаў значна больш аптымістычны прагноз, адзначыўшы, што ёсьць «нядрэнныя шанцы на дэнуклеарызацыю» Карэйскага паўвострава.

Паўночная Карэя

30 студзеня падчас слуханьняў у сэнацкім Камітэце па выведцы, кіраўнікі амэрыканскіх выведвальных структураў заявілі, што пагроза з боку Пхэньяну за мінулы год не зьмянілася, а паўночнакарэйскае кіраўніцтва лічыць сваю ядзерную праграму неабходнай для выжываньня рэжыму і наўрад ці ад яе адмовіцца.

«Адносіны паміж Паўночнай Карэяй і ЗША цяпер лепшыя, чым калі-небудзь. Выпрабаваньні не праводзяцца, парэшткі вяртаюць, закладнікаў адпускаюць. Ёсьць нядрэнныя шанцы на дэнуклеарызацыю», — напісаў Трамп у Твітэры, падкрэсьліўшы адрозьненьні цяперашняй сытуацыі ад «жахлівых» адносінаў з КНДР у пэрыяд прэзыдэнцтва Барака Абамы.

«Цяпер зусім іншая справа. Я зь нецярпеньнем чакаю сустрэчы з Кім Чэн Ынам у бліжэйшы час. Ідзе прагрэс — вялікая розьніца!» — заявіў Трамп.

Сустрэча Дональда Трампа з Кім Чэн Ынам, Сынгапур, чэрвень 2018
Сустрэча Дональда Трампа з Кім Чэн Ынам, Сынгапур, чэрвень 2018

Аднак дырэктар Нацыянальнай разведкі Дэн Коўтс і дырэктар ЦРУ Джына Гаспэл напярэдадні заявілі ў Сэнаце, што Паўночная Карэя па-ранейшаму нацэленая на распрацоўку ядзернай ракеты, здольнай стварыць пагрозу для ЗША.

Выступаючы на слуханьнях, Коўтс сказаў, што Паўночная Карэя «наўрад ці цалкам адмовіцца ад ядзернай зброі і вытворчых магутнасьцяў, паколькі ў канчатковым выніку яе лідэры лічаць ядзерную зброю крытычна неабходным для выжываньня рэжыму».

Сырыя

Трамп таксама выказаўся ў абарону свайго рашэньня вывесьці 2 000 амэрыканскіх вайскоўцаў з Сырыі на падставе таго, што «ісламская дзяржава» больш не ўяўляе пагрозы. «Халіфат неўзабаве будзе зьнішчаны, што было немагчыма ўявіць два гады таму», — напісаў прэзыдэнт у Твітэры.

Абстрэл пазыцый «ісламскай дзяржавы» сырыйскімі ўрадавымі сіламі, верасень 2018
Абстрэл пазыцый «ісламскай дзяржавы» сырыйскімі ўрадавымі сіламі, верасень 2018

Кіраўніцтва амэрыканскай выведкі лічыць, што «ісламская дзяржава» будзе і далей зьдзяйсьняць атакі з тэрыторыі Сырыі і Іраку супраць рэгіянальных і заходніх апанэнтаў, у тым ліку ЗША.

Іран

Трамп таксама раскрытыкаваў пазыцыю выведкі наконт Ірану. Кіраўнікі выведвальных структураў заявілі, што, паводле іх прагнозаў, Ірану спатрэбіцца ня менш за год, каб стварыць ядзерную зброю. Прэзыдэнт заявіў, што выведка «вельмі пасіўная і наіўная, калі гаворка ідзе пра пагрозы з боку Ірана». «Яны ня маюць рацыі!» — падкрэсьліў ён. «Магчыма, выведцы варта вярнуцца да вучобы», — дадаў Трамп.

Аўганістан

Трамп таксама дапусьціў магчымасьць завяршыць кампанію ў Аўганістане, якая была распачатая ў адказ на тэракты 11 верасьня 2001 году.

Паводле яго слоў, перамовы паміж ЗША і Талібанам «ідуць добра». «Сутыкненьні працягваюцца, але народ Аўганістану хоча міру ў гэтай бясконцай вайне. Хутка ўбачым, ці перамовы закончацца посьпехам», — напісаў ён.

Чалец камітэту па выведцы сэнатар Ангус Кінг выказаў занепакоенасьць з нагоды камэнтараў Трампа. «Выклікае непакой, што прэзыдэнт, падобна, не жадае прыслухоўвацца да людзей, чыя праца заключаецца ў тым, каб даваць яму гэтую інфармацыю», — сказаў ён ў інтэрвію CNN.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG