Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманага расейскага сэнатара абвінавацілі ў забойствах


Расейскія ўлады 30 студзеня абвінавацілі прадстаўніка Карачаева-Чаркесіі ў Савеце Фэдэрацыі Раўфа Арашукова ў двух забойствах. Абвінавачаньні былі таксама выстаўленыя ягонаму бацьку.

Крыху раней гэтага самага дня Арашукоў быў затрыманы падчас закрытага пасяджэньня верхняй палаты расейскага парлямэнту.

Паводле вэрсіі РБК, падзеі разгортваліся наступным чынам. У пачатку пасяджэньня старшыня Савету Фэдэрацыі Валянціна Мацьвіенка абвясьціла яго закрытым, пасьля чаго трансьляцыя для прэсы была адключаная. Потым у залю ўвайшлі генэральны пракурор Расеі Юры Чайка і кіраўнік Сьледчага камітэту РФ Аляксандр Бастрыкін. Бастрыкін зачытаў пастанову аб зьняцьці недатыкальнасьці з Арашукова.

Раўф Арашукоў
Раўф Арашукоў

Пасля гэтага Арашукоў пабег уверх па лесьвіцы залі пасяджэньняў, але Мацьвіенка «ледзяным голасам» параіла яму не супраціўляцца, распавялі суразмоўцы агенцтва.

«Ён спрабаваў, сапраўды так і было, ён спрабаваў падняцца наверх і сысьці з паседжаньня. Я сказала яму, каб ён сеў на месца», — пацьвердзіла Мацьвіенка. Пасьля таго, як сэнатар вярнуўся на сваё месца, яна прапанавала яму ўзяць слова, каб даць тлумачэньне. «Ён ад гэтай магчымасьці адмовіўся. Гэта таксама яго права», — адзначыла Мацьвіенка.

Пасьля гэтага Чайка зачытаў сьпіс выстаўленых Арашукову абвінавачаньняў: заказныя забойствы і дэстабілізацыя абстаноўкі ў Карачаева-Чаркесіі шляхам закліку да зьвяржэньня ўлады.

У чым абвінавачваюць Арашукова

Афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту Сьвятлана Пятрэнка пацьвердзіла, што гаворка ідзе пра забойства ў 2010 годзе намесьніка старшыні грамадзкага моладзевага руху «Адыгэ-Хасэ» Карачаева-Чаркесіі Аслана Жукава, забойства дарадцы прэзыдэнта Карачаева-Чаркесіі Фраля Шэбзухова «і іншыя злачынствы».

Забойства Жукава было зьдзейсьненае ў 2010 годзе. У верасьні 2018 году абвінавачваны ў забойстве назваў Арашукова заказчыкам гэтага злачынства.

Паводле дадзеных РБК, у 2012 і 2017 гадах два чалавекі назвалі Арашукова заказчыкам іншага забойства, таксама зьдзейсьненага ў 2010 годзе. Тады кандыдата на пасаду прэзыдэнта Карачаева-Чаркесіі Фраля Шэбзухова зьбілі бэйсбольнай бітай і застрэлілі.

Адвакат пацярпелых Ільля Лебедзеў заявіў, што акрамя забойства Шэбзухова і Жукава Арашукоў можа быць датычны да арганізацыі яшчэ двух падобных злачынстваў.

Пятрэнка паведаміла, што абвінавачаньні таксама выстаўленыя бацьку сэнатара, Раўлю Арашукову. Сьледчы камітэт сьцьвярджае, што ён мае дачыненьне да крадзяжоў прыроднага газу «Газпраму» на агульную суму больш як 30 мільярдаў рублёў.

У справе Раўфа Арашукова і яго бацькі ідуць ператрусы ў некалькіх гарадах, у тым ліку ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Стаўрапалі, Махачкале, Будзёнаўску, Астрахані.

Арашукоў займаў пасаду ў Савеце Фэдэрацыі ад 2016 году. Да гэтага ён працаваў у структурах «Газпраму».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG