Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лічу Лукашэнку дыктатарам», — аўтар расьсьледаваньня забойства Шарамета балятуецца ў прэзыдэнты Ўкраіны


Дзьмітро Гнап

Інтэрвію з журналістам Дзьмітром Гнапам, які вылучаецца на выбары прэзыдэнта Ўкраіны 31 сакавіка.

Украінскі журналіст Дзьмітро Гнап ідзе ў прэзыдэнты — ён перамог на ўнутраных праймэрыз маладой украінскай партыі «Сіла людзей», створанай актыўнымі ўдзельнікамі Эўрамайдану ў жніўні 2014 году. Цяпер гэтая палітычная сіла ўжо мае 14 абласных і амаль тысячу мясцовых арганізацый.

Большасьць экспэртаў даволі скептычна ставяцца да магчымых вынікаў удзелу Дзьмітра Гнапа ў прэзыдэнцкіх выбарах. Але відавочна, што першая выбарчая кампанія гэтай партыі ёсьць добраю магчымасьцю вымераць яе электаральны патэнцыял перад наступнымі парлямэнцкімі выбарамі, якія адбудуцца ва Ўкраіне сёлета ўвосень.

Цяпер і Дзьмітро Гнап, і партыя «Сіла людзей» зьбіраюць грошы на заклад — гэта адна з галоўных умоў для афіцыйнай рэгістрацыі кандыдатам на прэзыдэнты і пачатку агітацыйнай кампаніі.

«Мы ўсіх уразім сваёй выбарчай кампаніяй»

«Я настроены толькі на перамогу, нягледзячы на тое, якія б складанасьці ў часе гэтай кампаніі не былі, — кажа Дзьмітро Гнап у інтэрвію Свабодзе.— У нас ёсьць плян правесьці несыстэмную, вельмі драйвовую і цікавую выбарчую кампанію.

Як бы там ні было, мы — і партыя, якая мяне вылучыла, і я — ужо сталі свайго роду пераможцамі: я прайшоў праз адзіныя ва Ўкраіне сапраўдныя праймэрыз, і я адзіны кандыдат, які адкрыта і празрыста зьбірае грошы на заклад, так, як гэта робіцца ў сучасных дэмакратыях, у разьвітых краінах. Зьбяром грошы — і далей да барацьбы. Паверце, мы ўсіх уразім сваёй выбарчай кампаніяй».

Дзьмітро Гнап — аўтар незалежнага журналісцкага расьсьледаваньня забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета. Але паўгода таму ён пакінуў журналістыку дзеля палітыкі — цяпер ягоную справу працягваюць калегі па праекце «Слідство.Інфо».

«Улада па-сур’ёзнаму не расьсьледуе забойства Шарамета»

«Мы бачым, што ўкраінская ўлада па-сурʼёзнаму і не расьсьледуе забойства Паўла Шарамета. Не магу сказаць „на жаль“, бо я і не чакаў ад улады эфэктыўнага расьсьледаваньня гэтага злачынства.

Яе дзеяньні пацьвярджаюць мае пэсымістычныя ацэнкі — эфэктыўнага расьсьледаваньня ня будзе, ня будуць названыя імёны ні выканаўцаў, ні арганізатараў, ні замоўнікаў, нягледзячы на тое, што ўлады неаднаразова падкрэсьлівалі, што гэта справа іхнага гонару.

Мая задача на пасадзе прэзыдэнта будзе забясьпечыць вяршэнства права і правасудзьдзя, стварыць такую сыстэму, пры якой асабліва і ў першую чаргу рэзанансныя злачынствы будуць расьсьледавацца, а вінаватыя будуць паўставаць перад судом.

Мая задача — стварыць сыстэму, каб злачынцы несьлі пакараньне і каб гэта стала папярэджаньнем для ўсіх іншых зламысьнікаў, што закон лепш не парушаць і не забіваць людзей, бо сядзеш надоўга за краты», — заявіў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны.

«Улады Беларусі мусяць паважаць правы і свабоды грамадзян»

Паводле Гнапа, Беларусь для Ўкраіны зьяўляецца стратэгічным партнэрам, але беларускім уладам трэба навучыцца паважаць правы і свабоды грамадзян:

Дзьмітро Гнап
Дзьмітро Гнап

«Я лічу прэзыдэнта Лукашэнку дыктатарам, які ўстанавіў у Беларусі прынамсі аўтарытарызм, а то і таталітарны рэжым, рэжым поўнага кантролю. Для мяне, чалавека, які зьяўляецца перакананым прыхільнікам дэмакратычных і лібэральных каштоўнасьцяў, дзеяньні цяперашняй беларускай улады цалкам непрымальныя. Гэта ганьба для такой вялікай эўрапейскай краіны, вялікага эўрапейскага народу, якімі ёсьць Беларусь і беларускі народ.

У выпадку перамогі, зразумела, мы будзем выбудоўваць стратэгічныя дачыненьні, але ўсё роўна настойваць і патрабаваць ад беларускіх уладаў, каб яны паважалі правы і свабоды грамадзян. І будзем кожны раз гэта казаць».

«Па другім туры пакуль яснасьці няма»

Дзьмітро Гнап заявіў, што гатовы быў падтрымаць адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў.

«Гаворка ідзе пра Андрэя Садовага (мэр Львова. — РС) і Анатоля Грыцэнку (лідар партыі „Грамадзянская пазыцыя“. — РС). Калі яны паміж сабой дамовяцца, я гатовы зьняцца з выбараў. Калі нехта зь іх выйдзе ў другі тур, то, напэўна, яго і падтрымаем. Але па другім туры пакуль яснасьці няма. Мы ўсё ж чакаем іхнага абʼяднаньня да першага туру, хоць шанцаў на гэта вельмі-вельмі мала, практычна не засталося, таму мы і пачалі разам з партыяй уласную выбарчую кампанію», — патлумачыў ён.

Паводле апытаньняў фонду «Дэмакратычныя ініцыятывы», ва ўкраінскай прэзыдэнцкай гонцы лідзіруюць

  • Юлія Цімашэнка (16,1%)
  • Пятро Парашэнка (13,8%).

Далей ідуць

  • гумарыст Уладзімер Зяленскі (8,8%),
  • прадстаўнік папярэдняй партыі ўлады Юры Бойка (8,4%),
  • экс-міністар абароны Анатоль Грыцэнка (6,8%),
  • лідэр Радыкальнай партыі Алег Ляшко (6,9%),
  • яшчэ адзін прадстаўнік былой партыі ўлады Яўген Мураеў (3,1%),
  • сябра партыі «УКРОП» Аляксандар Шаўчэнка (2,9%),
  • сьпявак Сьвятаслаў Вакарчук (2,6%),
  • мэр Львова Андрэй Садавы (2,4%).

У пераліку прэтэндэнтаў і два былыя амбасадары Ўкраіны ў Беларусі — Раман Бясьсьмертны і Валянцін Налівайчанка. Аднак паводле сацыялягічных апытаньняў, яны не набіраюць нават аднаго адсотка галасоў выбарнікаў.

Электаральны патэнцыял Дзьмітра Гнапа сацыёлягі зафіксавалі на нулявой адзнацы.

Аднак і лідэрства ў сацыялягічных апытаньнях не гарантуе перамогі на выбарах: за апошнія чатыры гады зьменшылася колькасьць грамадзян, якія ўпэўнена заяўляюць пра свой удзел у выбарах. Перад выбарамі-2014 пра намер прагаласаваць заяўлялі 60% выбарнікаў, цяпер — 42%. Адпаведна, павялічылася і колькасьць грамадзян, якія яшчэ ня вызначыліся або дакладна ня пойдуць на выбары — цяпер іх 23% супраць 20% у 2014-м.

Згодна з вынікамі апытаньняў, 69,7 % грамадзян лічаць, што падзеі ва Ўкраіне разьвіваюцца ў няправільным кірунку, і толькі 18,1 % мяркуюць, што ў правільным. Яшчэ 12,2 % рэспандэнтаў цяжка было адказаць на гэтае пытаньне.

Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбудуцца 31 сакавіка.

Вылучэньне кандыдатаў на выбары прэзыдэнта Ўкраіны завяршаецца 3 лютага. Да 8 лютага будзе працягвацца іх рэгістрацыя ў Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Ад пачатку студзеня пасьведчаньне кандыдата на прэзыдэнта атрымалі 22 з 40 палітыкаў, яшчэ дзевяці прэтэндэнтам Цэнтральная выбарчая камісія ў рэгістрацыі адмовіла з прычыны няпоўнага пакету дакумэнтаў або адсутнасьці грашовага закладу ў памеры 2,5 мільёна грыўняў (каля 100 тысяч даляраў у эквіваленце) — адной з галоўных умоў рэгістрацыі.

Чакаецца, што сёньня пра свой удзел у прэзыдэнцкай кампаніі абвесьціць дзейны кіраўнік Украіны Пятро Парашэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG