Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі ўдзельнік пра дыскусіі ў Давосе: Усясьветны парадак цяпер у найгоршым стане з часоў вайны


Госьць «Інтэрвію тыдня» — дасьледчы дырэктар цэнтру «EAST», беларускі палітоляг Андрэй Елісееў, адзін з двух беларусаў, якія бяруць удзел у мерапрыемствах у рамках усясьветнага эканамічнага форуму ў Давосе. Ён адказвае на пытаньне, якія праблемы ўсясьветная эліта сёньня лічыць найважнейшымі ў сьвеце, распавядае, як мяняюцца прынцыпы прыёму на працу ў міжнародных кампаніях, і канстатуе, што сярод сотняў сэсіяў у Давосе ніводная не прысьвечаная Беларусі.

Сьцісла

  • Ад Беларусі ў Давосе прысутнічаюць толькі два чалавекі, яны не прадстаўляюць дзяржаўныя структуры
  • Будучыня інтэрнэту і бясьпека прыватных дадзеных сталі адной з галоўных тэмаў дыскусіяў
  • У адрозьненьне ад мінулых гадоў, у Давосе ўсё менш прадстаўленая расейская тэматыка

Тэхналягічныя кампаніі глядзяць цяпер не на рэзюмэ, а на вынікі групавых заданьняў

— Вы, напэўна, адзін зь нямногіх беларусаў, якія прысутнічаюць на Ўсясьветным эканамічным форуме ў Давосе. Паводле якой праграмы вы там прысутнічаеце і якія тэмы абмяркоўваюцца ў вашай сэкцыі?

Андрэй Елісееў, архіўнае фота
Андрэй Елісееў, архіўнае фота

— Сёлета ў Давосе ад Беларусі два чалавекі. Я знаходжуся тут як дасьледчы дырэктар цэнтру «East», запрошаны на канфэрэнцыю ў сфэры мэдыя-тэхналёгій. І паралельна карыстаюся мажлівасьцю наведаць шэраг мерапрыемстваў Давоскага саміту. Напрыклад, сэсію пра будучыню Ўкраіны з удзелам братоў Клічко, ці сэсію па ўзаемаадносінах бізнэсу і супрацоўнікаў у тэхналягічны век.

Беларуска Людміла Батура, якая працуе ў рэгіянальным офісе ААН, запрошаная менавіта Ўсясьветным эканамічным форумам на штогадовы саміт, яна мае доступ да ўсіх сэсіяў. Людміла і я — калегі па менскім хабе Global Shapers, гэта міжнародная сетка маладых прафэсіяналаў пад эгідай Усясьветнага эканамічнага форуму. Тое, што Людміла запрошаная, — гэта высокая ацэнка нашага праекту па прасоўваньні гендэрнай роўнасьці ў Беларусі.

— Галоўныя тэмы Давоса — гэта звычайна галоўныя праблемы чалавецтва — прынамсі, як іх бачыць усясьветная эканамічная і палітычная эліта. Ці можна сказаць, што на сёньня ў Давосе прэвалююць наступныя тэмы — міграцыя, крызіс лібэралізму і экалёгія?

— Так, менавіта гэтыя тэмы сярод прыярытэтаў. Ёсьць і іншыя, напрыклад, усясьветная харчовая бясьпека, бо ў найбліжэйшыя дзесяцігодзьдзі насельніцтва Зямлі перавысіць 9 мільярдаў чалавек. Гэта і праблемы новай глябальнай сыстэмы аховы здароўя, бо хутка мільярды людзей будуць жыць у сталым веку і трэба забясьпечыць ім годную сыстэму аховы здароўя. Гэта і будучыня інтэрнэту і бясьпека прыватных дадзеных.

Саміт у Давосе — гэта літаральна сотні мерапрыемстваў, сэсіяў па самых розных тэмах. Усясьветны эканамічны форум пэрыядычна робіць агляды ўсясьветных праблемаў і прапануе ідэі дзеля іх вырашэньня.

​— Апошнія гады зьявіўся новы тэрмін — дэглябалізацыя. Разварот ад працэсу глябалізацыі, пратэкцыянізм у палітыцы і эканоміцы. Наколькі гэта хвалюе ўсясьветную эліту?

— Акурат учора была адна з асноўных сэсіяў, прысьвечаных гэтай праблеме. І на ёй канадзкая міністарка замежных спраў Хрысьця Фрыланд (Chrystia Freeland) казала, што ўсясьветны парадак цяпер у найгоршым стане з часоў Другой Усясьветнай вайны. Але гэтыя геапалітычныя праблемы не засланяюць і рэгіянальных, краінавых праблемаў. Мноства сэсіяў скіраваныя даволі аптымістычна, яны абмяркоўваюць, як мяняецца сьвет, якія тэндэнцыі перамагаюць.

Напрыклад, на сэсіі, дзе я прысутнічаў, з удзелам кіраўніцы кампаніі Walmart, гаварылі пра тое, што цяпер у ЗША самая вялікая адукацыйная арганізацыя (пасьля амэрыканскіх вайскоўцаў) — якраз гэтая кампанія. Яе супрацоўнікі ідуць у кампанію працаваць не пасьля заканчэньня коледжаў — а вучацца ў акадэміях Walmart і атрымліваюць тыя навыкі, якія ім спатрэбяцца. І так летась кампанія адукавала ў ЗША паўмільёна чалавек.

Давос
Давос

У Беларусі, як і, у прынцыпе, у большасьці краін, лічыцца, што традыцыйныя ўнівэрсытэты знаходзяцца на вышэйшай прыступцы, чым дадатковая адукацыя. У рэальнасьці гэта мяняецца, і мяняецца падыход працадаўцаў да набору супрацоўнікаў. Цяпер тэхналягічныя кампаніі глядзяць не на рэзюмэ і прымаюць на працу не на падставе пэрсанальнага інтэрвію, а на падставе групавых заданьняў, хакатонаў. Бо менавіта яны дазваляюць лепей бачыць, ці мае чалавек патрэбныя навыкі — навык каапэрацыі і супрацоўніцтва зь іншымі людзьмі, працы ў стрэсавай сытуацыі, эмпатыі.

Сярод сотняў сэсіяў ніводная не прысьвечаная наўпрост Беларусі

— У адрозьненьне ад мінулых гадоў, выглядае, што ў Давосе ўсё менш увагі прыцягвае расейская тэматыка. І дэлегацыя Расеі ўжо не такая прадстаўнічая, і расейская тэма ўжо не выклікае такой увагі. Ці так гэта, ці ёсьць пэўная стомленасьць ад Расеі?

— Сапраўды, з маіх назіраньняў, цяпер меней стала аддавацца ўвагі Расеі — яшчэ тры гады таму такіх сэсіяў было болей. Сёлета адна-дзьве сэсіі, і дэлегацыя з Расеі не такая прадстаўнічая. Але калі ў рамках саміту мала сэсіяў — то штогод расейскі бок арганізуе працу так званага Расейскага дому ў Давосе. На базе яго адбываюцца паралельныя мерапрыемствы, прысьвечаныя Расеі. Сёньня, напрыклад, сэсія пра эканоміку Расеі з удзелам міністра эканамічнага разьвіцьця Расеі Максіма Арэшкіна. То бок наяўнасьць гэтага мэханізму — Расейскага дому — дазваляе людзям, зацікаўленым у гэтай тэматыцы, удзельнічаць у дыскусіях.

Гэтаксама ў Давосе маюць такія ўстановы і нашы суседзі — палякі і ўкраінцы.

Выступ прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі ў Давосе
Выступ прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі ў Давосе

— Вы ўзгадалі нашых суседзяў — Расею, Польшчу, Украіну. А ці гучыць на Давоскім форуме хоць у якім аспэкце Беларусь?

— Як я ўжо казаў, на штогадовым саміце Ўсясьветнага эканамічнага форуму Беларусь прадстаўленая Людмілай Батурай. Болей ніякіх прадстаўнікоў ад Беларусі на саміце няма. Летась ад Беларусі ўвогуле не было нікога.

Беларуская тэма ня мае ніякай прадстаўленасьці на сэсіях Давосу. Сярод сотняў сэсіяў ніводная не прысьвечаная наўпрост Беларусі. Беларусь можа ўскосна ўзгадвацца на нейкіх сэсіях, прысьвечаных нашаму рэгіёну. На нейкіх дыскусіях, якія тычацца Расеі ці Ўкраіны, Беларусь можа ўзгадвацца ў гэтым кантэксьце. Такімі падзеямі абмяжоўваюцца магчымыя ўзгадкі Беларусі ў Давосе.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG