Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За здраду дзяржаве — 13 гадоў зьняволеньня». Суд у Кіеве завочна пакараў экс-прэзыдэнта Ўкраіны Януковіча


Віктар Януковіч у Маскве ў сакавіку 2018
Віктар Януковіч у Маскве ў сакавіку 2018

Выказваньні Аляксандра Лукашэнкі, якія гучалі з судзе, Януковічу не дапамаглі.

Абалонскі раённы суд Кіева, які з траўня 2017 году завочна разглядаў справу аб дзяржаўнай здрадзе былога прэзыдэнта Ўкраіны, вынес свой вэрдыкт — прызнаць Віктара Януковіча вінаватым і прысудзіць яму 13 гадоў зьняволеньня. Абвінавачаньне прасіла 15 гадоў пазбаўленьня волі.

«Суд высьветліў: Януковіч зрабіў дзеяньні, якія ў выніку прывялі да анэксіі Крыму, парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны і нанясеньня шкоды ў памеры 1,3 трыльёны грыўняў (амаль 50 мільярдаў даляраў — РС). Сваімі наўмыснымі дзеяньнямі Януковіч зрабіў злачынства супраць міру. Вызначаючы пакараненьне грамадзяніну Януковічу, суд улічвае цяжкасьць злачынства, узрост ды стан здароўя абвінавачага. Суд пастанавіў: прызнаць Януковіча вінаватым і прызначыць яму пакараньне ў выглядзе 13 гадоў пазбаўленьня волі», — заявіў судзьдзя Ўладзіслаў Дзявятка, які старшыняваў на судовых пасяджэньнях у справе Віктара Януковіча.

Суд таксама пастанавіў спагнаць на карысьць дзяржавы выдаткі за працэсуальныя дзеяньні ў памеры 98 тысяч грыўняў (3,5 тысячы даляраў). Арышт на маёмасьць і ягоныя банкаўскія рахункі застаюцца дзейнымі.

Згодна з заканадаўствам Украіны, адвакаты могуць абскардзіць прысуд на працягу 30 дзён з моманту яго абвяшчэньня. Адвакаты заявілі пра несправядлівы судовы працэс, бо, паводле іх, рабіўся палітычны ціск і на іх, і на сьведкаў, і на судзьдзяў. Яны кажуць, што найбліжэйшым часам абскардзяць прысуд.

  • Суд прызнаў належнымі доказы пракуратуры, і неабгрунтаванымі аргумэнты, сабраныя адвакатамі Віктара Януковіча для зьняпраўджваньня яго абвінавачаньня. Адным з галоўных доказаў па справе быў зварот былога прэзыдэнта да расейскіх уладаў з просьбай аб уводзе войскаў ва Ўкраіну.
  • Паводле заявы адвакатаў экс-прэзыдэнта, у больш як дваццацітомную справу быў далучаны відэазапіс, зроблены з расейскага інфармацыйнага тэлеканалу RT, з выказваньнем беларускага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі з ацэнкаю дзеяньняў украінскіх уладаў пад час крымскіх падзеяў. Аднак суд не прызнаў гэтыя матэрыялы доказам невінаватасьці Віктара Януковіча.
  • Суд правёў 89 пасяджэньняў, аднак Віктар Януковіч адсутнічаў на ўсіх, у тым ліку і на абвяшчэньні прысуду — паводле адвакатаў былы прэзыдэнт перанёс апэрацыю і знаходзіцца на рэабілітацыі. На працягу ўсяго судовага працэсу праз сваіх адвакатаў і ў часе публічных выступаў у Расеі ён неаднаразова заяўляў, што ня лічыць сябе вінаватым, а судовы разгляд яго справы называў «прафанацыяй».
  • У часе разгляду справы суд дапытаў звыш 100 сьведкаў, у тым ліку 54 — з боку абароны Віктара Януковіча.
  • Былы кіраўнік Украіны і шэраг ягоных паплечнікаў уцяклі з Украіны ў 2014 годзе пасьля расстрэлу пратэстоўцаў на Майдане.
  • У 2014 годзе супраць Віктара Януковіча адкрылі пяць крымінальных спраў — аб стварэньні злачыннай групоўкі, незаконнае прыўласьненьне маёмасьці і бюжэтных коштаў, датычнасьць да расстрэлаў на Майдане, але потым усе яны былі аб’яднаныя ў адну. Экс-прэзыдэнту інкрымінавалі дзяржаўную здраду, дапамогу наўмысным дзеяньням, учыненым з мэтай зьмены межаў тэрыторыі і дзяржаўнай мяжы Ўкраіны, а таксама спрыяньне ў вядзеньні агрэсіўнай вайны. Януковіча прызналі вінаватым у дзяржаўнай здрадзе, але апраўдалі ў частцы абвінавачаньня, якая тычылася пасобніцтва ў вядзеньні агрэсіўнай вайны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG