Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зноў згадаў відэа з «выгнаньнем казака з мэтро»


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 24 студзеня правёў сустрэчу з губэрнатарам Навасыбірскай вобласьці Расеі Андрэем Траўнікавым. Сярод заяваў, якія перадае ягоная прэс-служба, шэраг эканамічных прапановаў, ад зборкі тралейбусаў да будаўніцтва аграгарадкоў.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, у дачыненьнях з Расеяй «разважаньні пра братэрства саступаюць месца выключна партнэрскім стасункам». Ён сказаў, што ня супраць і такога, партэры дык партнэры, але выступіў супраць «усялякіх фэйкаў, укідаў, раскручваньня розных тэмаў у СМІ».

«А апошнім часам мне давялося рэагаваць на тое, што нібыта беларусы б’юць у Менску расейцаў, — сказаў Лукашэнка навасыбірскаму чыноўніку і паўтарыў заяву аб тым, што канфлікт адбыўся між двума беларусамі. — А з інтэрнэту ўзялі і выкацілі на цэнтральныя сродкі масавай інфармацыі, што нібыта хтосьці пабіў рускага чалавека. Той чалавек наогул далёка ад расейцаў стаіць.

Значыць, ёсьць попыт на гэтыя тэмы. І ваш прыезд якраз сьведчыць пра тое, што цьвярозы розум заўсёды пераможа і расейцаў зь беларусамі стукнуць ілбамі не атрымаецца. Ніколі не атрымаецца. Прынамсі, пакуль я прэзыдэнт».

Таксама Лукашэнка заявіў:

  • «Падтрымліваючы Беларусь, найперш Расея падтрымлівае сябе».
  • «[Беларусь] — гэта фінішная вытворчасьць вялізнага комплексу расейскай эканомікі».
  • «Калі палічыць, вы пабачыце, хто каго падтрымлівае».
  • «Вызначаўшы больш як 20 гадоў таму курс Беларусі, у якім напрамку нам рухацца, мы ўсё ж адназначна вырашылі, што Расея ня проста партнэр, а прыязная нам дзяржава» [на рэфэрэндум 1995 году выносілася сярод іншых пытаньне аб падтрымцы дзеяньняў Лукашэнкі ў эканамічнай інтэграцыі з Расеяй; рэфэрэндум праводзіўся з парушэньнем працэдур, законаў і Канстытуцыі. — РС].
  • «Мы вельмі ўдзячныя расейцам перш за ўсё за тое, што яны нас навучылі будаваць падобныя аб'екты [як БелАЭС]. Думаю, што нашыя будаўнікі і спэцыялісты на ключавых кірунках будаўніцтва будуць вам карысныя ва ўсім сьвеце. Расейцы добра адгукаюцца аб працы нашых спэцыялістаў на АЭС».
  • «Расеі нікуды не падзецца ад гэтага варыянту разьвіцьця сельскай гаспадаркі [з будаўніцтвам аграгарадкоў]. Вы выдатна разумееце і бачыце лепш за мяне, што Расея там, дзе раней вырабляўся хлеб, апусьцела. Так было б і ў нас, калі б мы не схапіліся за гэтае пытаньне».
  • «Мы поўныя рашучасьці з нашымі старэйшымі братамі супрацоўнічаць. Але я заўсёды толькі папярэджваю: па-чалавечы. І заўсёды вы знойдзеце водгук у нашай душы. Калі вам трэба дзесьці пляцоўка для працы на захадзе з вашымі таварамі, лічыце, што гэта вашая зямля: прыяжджайце і будуйце, разьвівайце свой інтарэс».
  • «Беларусы адразу адчулі, што да нас прыехалі не чужыя нам людзі з Сыбіры. Надворʼе нармалізавалася. Стала бліжэйшай да сыбірскай. Гэта для нас вялікая карысьць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG