Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Сямашка: інтэграцыя Расеі і Беларусі можа заняць 1,5-2 гады


Уладзімер Сямашка

Амбасадар Беларусі ў Расеі Уладзімер Сямашка заявіў у інтэрвію ТАСС, што выхад на рашэньні аб паглыбленьні эканамічнай інтэграцыі Расеі і Беларусі можа заняць «магчыма, 1,5-2 гады».

Паводле Сямашкі, Расея і Беларусь павінны ў бліжэйшыя гады працаваць адразу па некалькіх кірунках, адзін з асноўных – супрацоўніцтва ў рамках «саюзнай дзяржавы».

Паводле амбасадара, ёсьць пэўныя праблемы ў эканамічнай і сацыяльнай сфэрах. Створаная група пад сустаршыньствам міністра эканомікі Беларусі Дзьмітрыя Крутога і міністра эканамічнага разьвіцьця Расеі Максіма Арэшкіна зробіць «аналіз выкананьня дамовы, выпрацуе прапановы аб далейшым разьвіцьці беларуска-расейскай інтэграцыі».

«Трэба думаць пра плюсы і мінусы ўвядзеньня адзінай валюты, адзінага эмісійнага цэнтра, адзінага падатковага кодэксу. Але гэта ўсё складаныя пытаньні», – заявіў Сямашка.

Што тычыцца ўніфікацыі падаткаабкладаньня, то паводле амбасадара, «трэба браць пад увагу, што ў нас розная структура напаўняльнасьці бюджэтаў».

«У Расеі пераважае нафта і газ, у нас – вытворчасьць, БелАЗ, МАЗ, МТЗ», – сказаў ён.

Таксама Уладзімер Сямашка сказаў, што Масква і Менск урэгулююць рознагалосьсі ў нафтагазавай сфэры.

«Я ня думаю, што ёсьць пагаршэньне ў стасунках»

«Я ня думаю, што ёсьць пагаршэньне ў стасунках, асобныя расейскія СМІ гіпэртрафавалі вядомыя разыходжаньні ў падыходах дзьвюх краін», – сказаў амбасадар.

Сямашка назваў прыярытэтам сваёй працы ў Маскве выпраўленьне «рэзка адмоўнага» балянсу зьнешняга гандлю паміж дзьвюма краінамі.

«У нас зьнешнія даўгі складаюць каля 40% ВУП. Гэта яшчэ не небясьпечны ўзровень, але блізка да гэтага, у асноўным, за кошт таго, што мы маем адмоўнае гандлёвае сальда з Расеяй», – сказаў Сямашка.

Адмоўнае сальда вырасла на 3,5 мільярда даляраў

За першыя 10 месяцаў 2018 года адмоўнае сальда параўнальна з першымі 10 месяцамі 2017 года вырасла на 3,5 мільярда даляраў. Гэта адбылося з-за таго, што нафта і нафтапрадукты істотна падаражэлі.

«У выпадку рэалізацыі ў поўным аб'ёме падатковага манэўру мы вымушаны будзем пераплачваць яшчэ 3 мільярды даляраў штогод», – сказаў Уладзімер Сямашка.

Беларускі бок спадзяецца, што да моманту стварэньня адзінага рынку энэрганосьбітаў у 2025 годзе цана на газ будзе «блізкай да расейскай».

Пастаўкі мяса-малочнай прадукцыі зьменшыліся на 650 мільёнаў даляраў

Сямашка таксама наракаў на дыскрымінацыю адносна беларускага тавару на расейскім рынку.

«Гэта ж не справа, калі расейскі Рассельгаснагляд уводзіць санкцыі, у выніку чаго зьменшыліся пастаўкі нашай мяса-малочнай прадукцыі на 650 мільёнаў даляраў, ёсьць пытаньні і з пастаўкай тэхнікі», – сказаў Сямашка.

Былы віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімер Сямашка быў прызначаны амбасадарам у лістападзе 2018 года

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG