Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Аркуш: «Чаму нас не навучылі расьціць з жалудоў сапраўдныя дрэвы?»


Алесь Аркуш, архіўнае фота

Лепшыя творы пішуцца з болю. Гэтую сэнтэнцыю ярка ілюструе новая кніга паэзіі Алеся Аркуша «Возера Вялікае», якая нядаўна пабачыла сьвет дзякуючы выдавецкай ініцыятыве «Полацкае ляда».

Алесь Аркуш пачынаў свой літаратурны шлях вершамі, але ў апошнія гады амаль цалкам пераключыўся на прозу. Адзін за адным ён выдаў пяць раманаў. І вось новая кніга паэзіі — «Возера Вялікае». Яна прысьвечаная бацькам аўтара, якія ня так даўно пакінулі гэты сьвет.

пабачыліся абняліся
і разьвіталіся
да наступнай Радаўніцы

Возера Вялікае — гэта родныя мясьціны маці паэта, куды ў маленстве ён часта прыяжджаў. Гукі, пахі, відзежы тых ваколіцаў асабліва выразна абудзіліся пасьля таго, як хата продкаў абязьлюдзела. Але ў падсьвядомасьці ўсё захавалася нязьменным.

упарта згадваю
адну і тую ж відзежу
па вузкакалейцы
едзе цягнічок
гружоны торфам
так выразна яго бачу
што магу
распазнаваць лічбы
на бартах вагонаў
грукоча цягнічок коламі
мільгаціць у вачах лічбамі
ужо і сьледу не засталося
ад той вузкакалейкі
а цягнічок усё некуды
сьпяшаецца

Ці вось яшчэ:

чаму я заўсёды
пазнаю цябе
вецер з аеравым пахам

Незваротны сыход родных абвастрае ўнутраны зрок, выхоплівае з краявіду ня бачныя раней праявы.

ля драўлянай капліцы
якая хутчэй награваецца
ад веснавога сонца
шчыльным гуртом
грэюцца замшэлыя
уросшыя ў зямлю
надмагільныя камяні

Душа, збалелая ў суме па страчаных крэўных, робіць простыя, здавалася б, адкрыцьці.

раптам усьведамляеш
у гэтай капліцы
сумоўнічалі з Хрыстом
тры пакаленьні тваіх продкаў

На ўласным шляху да вечнасьці паэта часта наведвае пачуцьцё дарогі ў нікуды.

бляклае сьвятло месяца
ледзь прыкметная дарога
і ўсё
і больш нічога
толькі поле і дарога
у нікуды
да месяца
і зор

Вярэдзіць паэтаву душу і марнасьць многіх ведаў і ўмельстваў, калі ніхто ў свой час не навучыў галоўнаму — гадаваць жыцьцё.

калі зьбіраў пад дзедавым
дубам жалуды
згадаў як у школе
на ўроках працы
нас вучылі рабіць
зь іх чалавечкаў
і цэлы дзень
думка не давала
мне спакою
чаму нас не навучылі
расьціць з жалудоў
сапраўдныя дрэвы

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG