Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Альгерд Бахарэвіч: «Я жахнуся іхнай несвабодзе. І захачу напісаць гэтую кнігу»


Альгерд Бахарэвіч, архіўнае фота

Пры канцы мінулага году ў выдавецтве «Янушкевіч» пабачыла сьвет новая кніга Альгерда Бахарэвіча «Мае дзевяностыя». Гэта аўтабіяграфічны аповед знанага пісьменьніка пра маладосьць і свабоду.

«Цяпер мне сорак тры.

Зь дзесяці галоўных хрысьціянскіх запаветаў я парушыў роўна палову. Думаю, на гэтым пакуль што варта спыніцца. Ня буду ўдакладняць, якімі менавіта божымі законамі я пагрэбаваў — важна тое, што ўсе пяць былі парушаныя яшчэ ў 90-я.

Менавіта на гэтыя гады і прыпала мая маладосьць».

Так пачынаецца першы разьдзел, які аўтар назваў «Найлепшы час для памылак». Далей у ім чытаем:

«Эпоха 90-х была ідэальным часам для памылак і экспэрымэнтаў — межы свабоды пашырыліся настолькі, што ты ня ведаў, за што хапацца, што яшчэ кінуць на пажыву ненаеднаму ўласнаму „я“. 90-я — бясконцая чарада спакусаў на выбар, гэта адпушчаныя на свабоду рэцэптары, нэрвы, думкі, жаданьні, гэта амаль „дастаеўскае“ адчуваньне, што бога няма і можна ўсё — і трэба пакаштаваць як мага болей, бо заўтра гэты рай могуць прыкрыць».

Бахарэвіч рэканструюе гэты «ліхі» час, распавядаючы, якім быў родны горад пісьменьніка Менск у тую раніцу беларускай нацыянальнай свабоды, якімі былі тады яе маладыя носьбіты, што яны сьпявалі, пілі, як любілі — і пра што марылі.

Вачыма вучня сярэдняй школы, а затым студэнта аўтар паказвае яскравыя карцінкі першых гадоў дзяржаўнай незалежнасьці, унівэрсытэцкае свавольнае жыцьцё, беларускі панк-рок, маленькую літаратурную рэвалюцыю, асабістыя драмы і камэдыі.

Адначасова ён разважае над тым, ці вартыя дзевяностыя гады мінулага стагодзьдзя — такія блізкія, але ўжо і такія далёкія — нашай настальгіі па іх? Адказ у прадчуваньнях хуткіх пераменаў, якія чакацьмуць і ягонае, і наступныя пакаленьні:

«Наступнаму пакаленьню будзе ўжо значна цяжэй. Памылкі і экспэрымэнты каштавацьмуць яму даражэй, а выхад з ачмурэньня акажацца балючым і цяжкім. Парушаць, экспэрымэнтаваць, кідаць выклік і выходзіць за межы зробіцца ў гэтай краіне злачынствам „па змоўчаньні“ — і з такімі людзьмі я сустрэнуся, калі генэрацыйны разрыў паміж намі зробіцца непазьбежным.

Я жахнуся іхнай несвабодзе.

Я раззлуюся на іхнае няведаньне.

Я пашкадую іх за іхную сьлепату.

І пазайздрошчу іх мэтанакіраванасьці і здольнасьці ня браць нічога блізка да сэрца.

І захачу напісаць гэтую кнігу».

«Мае дзевяностыя» зьявіліся на сьвет пад самыя Каляды ў выдавецтве «Янушкевіч».

Аўтограф-сесія аўтара пройдзе 17 студзеня (чацьвер) у Менску ў «Акадэмкнізе» (праспэкт Незалежнасьці, 72). Пачатак а 17-й гадзіне. 17 і 18 студзеня «Мае дзевяностыя» будуць прадавацца за адмысловую, ніжэйшую, цану.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG