Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крытык Канта і Пане Каханку. 10 фактаў пра вернутага з забыцьця філёзафа зь Беларусі


Салямон Майман
Салямон Майман

Выдавецтва «Эканомпрэс» апублікавала на беларускай мове ўспаміны славутага філёзафа XVIII стагодзьдзя Салямона Маймана, які паходзіў зь Вялікага Княства Літоўскага.

Паводле выдаўцоў, імя Салямона Маймана (1753–1800) заслужана займае месца сярод такіх выдатных філёзафаў эпохі Асьветніцтва, як Кант і Мэндэльсон, Шылер і Гётэ.

Але акрамя вялікай філязофскай спадчыны Майман пакінуў свае мэмуары — «Аўтабіяграфію». Гэты ўнікальны твор сёлета выйшаў у выдавецтве «Эканомпрэс» пад рэдакцыяй кандыдата філязофскіх навук Антона Бархаткова ў перакладзе і з прадмовай Мітрафана Патоцкага. 18 студзеня а 18-й гадзіне «Аўтабіяграфія» будзе прэзэнтаваная ў «Акадэмкнізе».

Гэты твор — каштоўная крыніца па гісторыі побыту і нораваў Вялікага Княства Літоўскага — ня мае роўных ні ў эўрапейскай, ні ў беларускай мэмуарнай літаратуры XVIII стагодзьдзя.

Свабода сабрала 10 фактаў пра Салямона Маймана.

1. Назваў сябе Майманам у гонар выдатнага сярэднявечнага філёзафа Майманіда

Габрэйскі асьветнік-філёзаф Салямон Майман паходзіў зь Беларусі. Нарадзіўся ў мястэчку Жукаў Барок каля Міра ў 1753 годзе. Ягоныя дзед і бацька былі арандатарамі ў адным з маёнткаў князя Радзівіла. Сапраўднае імя і прозьвішча — Шлойме Гайман. Пазьней, з глыбокай павагі да сярэдневяковага філёзафа Майманіда (Рабі Мошэ бэн Маймон, 1135 — 1204), Гайман бярэ прозьвішча Майман.

2. Пачатковую адукацыю атрымаў дома, вучыў яго бацька

Салямон скончыў габрэйскую школу ў Міры, працягваў навучаньне ў Івянецкай тальмудычнай школе і к 9 гадам спасьціг усе «прамудрасьці тальмудычнай вучонасьці». Вельмі рана пачаў чытаць гістарычныя і астранамічныя кнігі, якіх было багата ў хатняй бібліятэцы і якія спадабаліся яму больш, чым Тальмуд.

3. У 11 гадоў Маймана ажанілі, у 14 у яго нарадзіўся сын Давід

Салямон Майман. Ілюстрацыя з Габрэйскай энцыкляпэдыі Бракгаўза і Эфрона (1906-1913)
Салямон Майман. Ілюстрацыя з Габрэйскай энцыкляпэдыі Бракгаўза і Эфрона (1906-1913)

Салямону Майману было крыху больш за 11 гадоў, калі яго ажанілі з дачкой гаспадыні заезнага двара ў Нясьвіжы. А ягоныя бацькі за сына яшчэ і вялікі калым атрымалі — два разы па дзьвесьце гульдэнаў (50 польскіх талераў). Яму перадалі і невялікія падарункі: ярмолку з чорнага аксаміту з залатымі карункамі, Біблію, пераплеценую ў зялёны аксаміт са срэбрам, і яшчэ шмат прыемных дробязяў.

«Мая жаніцьба на адзінаццатым годзе робіць мяне рабом маёй жонкі і забясьпечвае мне ад маёй цешчы лупцоўку», — так Салямон Майман успамінае пачатак свайго дарослага жыцьця ў «Аўтабіяграфіі».

У 14 гадоў будучы філёзаф стаў бацькам — у яго нарадзіўся першы сын Давід. Салямон зарабляў на хлеб выкладаньнем Тальмуду.

4. Пешшу зь Міра пайшоў у Слуцак да рабіна за кнігамі

Вывучыўшы, хоць і недасканала, нямецкую мову, ён адправіўся пешшу ў Слуцак да галоўнага рабіна, які атрымаў адукацыю ў Нямеччыне, узяў у яго навуковыя творы па фізыцы, оптыцы і мэдыцыне. «Калі я прачытаў гэтыя кнігі, — успамінаў пазьней Майман, — то мне адкрыўся новы сьвет. Я лічыў, што цяпер валодаю ўжо ключом да ўсіх тайнаў прыроды... Я ганарліва глядзеў на ўсіх тых, хто яшчэ ня ведаў гэтага, сьмяяўся зь іх забабонаў і выказаў гатоўнасьць аспрэчыць іх паняцьці і розум».

5. З дасьціпным гумарам апісваў норавы габрэйскага мястэчка

«Дзедава эканомія», «Мая сям’я заганяецца ў галечу, а стары слуга праз сваю вялікую адданасьць застаецца без хрысьціянскага пахаваньня», «Імкненьне да духоўнага ўдасканаленьня ў вечнай барацьбе зь нястачамі ўсялякага кшталту», «Барацьба за мяне, я атрымліваю адразу дзьвюх жонак, і мяне ўрэшце ўвогуле выкрадаюць» — так называюцца разьдзелы мэмуараў Салямона Маймана.

6. Жорстка крытыкуе Пане Каханку

Караль Станіслаў Радзівіл (Пане Каханку)
Караль Станіслаў Радзівіл (Пане Каханку)

Пане Каханку «навязаў на свой карак расейцаў, якія плюндравалі ягоныя маёнткі і даводзілі ягоных падданых да жахлівае нястачы і галечы», піша ў «Аўтабіяграфіі» Салямон Майман пра Караля Станіслава Радзівіла, больш вядомага як Пане Каханку.

«Таямніцы сужэнства. Князь R., альбо Што толькі ў Польшчы не дазволена» — так называецца разьдзел пра Пане Каханку.

«Паўнавартаснага занятку ў яго не было, што зьявілася непазьбежным вынікам занядбанага ўдасканальваньня свайго густу і пашырэньня сваіх ведаў, ён паддаваўся п’янству, праз што яго спакушалі на самыя сьмехатворныя і вар’яцкія ўчынкі. Ён паддаваўся самым ганебным пажадлівым жарсьцям, ня маючы асаблівай схільнасьці да іх і ня будучы бязьлітасным, чыніў у дачыненьні сваіх падданых найвялікшыя зьверствы», — успамінае Салямон легендарнага Пане Каханку.

Дарэчы, «Аўтабіяграфія» Салямона Маймана заканчваецца беларускім пэрыядам ягонага жыцьця.

7. У 25 гадоў Майман паехаў у Нямеччыну вывучаць мэдыцыну, філязофію, фізыку, матэматыку.

Некаторы час жыў у Кёнігсбэргу і Шчэціне, потым перабраўся ў Бэрлін. Адтуль яго выслалі незадаволеныя кіраўнікі габрэйскай грамады, якія палічылі ягоныя намеры ерэтычнымі, і Салямон пасяліўся ў Познані. Цягам двух гадоў быў настаўнікам у багатай габрэйскай сям’і, але ў 1780 годзе пад націскам рэлігійных фанатыкаў Познані быў вымушаны пакінуць горад і вярнуцца зноў у Бэрлін.

У Бэрліне Майман пазнаёміўся зь вядомым філёзафам і пісьменьнікам Мозэсам Мэндэльсонам, якому спадабалася напісаная на габрэйскай мове філязофская манаграфія. Майман настойліва вывучаў філязофію і фізыку, праявіў здольнасьці ў матэматыцы, авалодаў францускай мовай.

8. Здрадзіў юдаізму, перайшоў у хрысьціянства

У 1782 годзе Майман выправіўся ў Галяндыю, але расчараваўся і вярнуўся ў Гамбург. Тут, каб атрымаць матэрыяльную падтрымку, ён перайшоў у хрысьціянства, хоць лічыў юдаізм у дагматычным пляне больш чыстай рэлігіяй. Жывучы ў Гамбургу ў беднасьці, Майман моцна хварэў, але ў 30-гадовым узросьце паступіў у гімназію ў Альтане, вывучаў філязофію, матэматыку, лацінскую, ангельскую мовы.

З Гамбургу Майман пераехаў у Бэрлін, а адтуль у Брэслаў (Уроцлаў). Тут ён пераклаў «Ранішнія гадзіны» Мэндэльсона, напісаў «Дапаможнік да прыродазнаўства і пачаткаў» Ньютана.

9. Крытыкаваў Імануэля Канта, які высока ацэньваў Маймана

Імануэль Кант
Імануэль Кант

Пасьля некалькіх гадоў вандраваньняў і распаду сямʼі Майман зноў вярнуўся ў Бэрлін, і ў 1790 годзе выдаў грунтоўную працу «Спроба трансцэндэнтальнай філязофіі» на нямецкай мове. У гэты пэрыяд пашыраюцца яго сувязі зь вядомымі філёзафамі, вучонымі і пісьменьнікамі канца XVIII стагодзьдзя. Творы Маймана чыталі і высока ацэньвалі Імануэль Кант, Ёган Вольфганг Гётэ, Фрыдрых Шылер, Гумбальт; Імануэль Гэрман Фіхтэ.

Адным зь першых Майман крытыкаваў Канта, адзначаючы супярэчнасьці паняцьця «рэч у сабе». Пра гэта пісаў Мікалай Бярдзяеў у сваім дасьледаваньні «Спроба эсхаталягічнай мэтафізыкі».

Аднак Кант вельмі высока ацэньваў Маймана. У лісьце да Маркуса Гэрца, нямецкага лекара і філёзафа эпохі Асьветніцтва, 26 траўня 1789 году Кант сьведчыў: «Ніводзін з маіх апанэнтаў не разумеў так добра ні мяне, ні галоўнага пытаньня, толькі мала хто можа мець гэтулькі празорлівасьці ў глыбокіх дасьледаваньнях, як пан Майман».

10. Шмат твораў Маймана спаліла габрэйская грамада

Свае апошнія гады — з 1795-га па 1800-ы — Салямон Майман правёў у маёнтку графа Калькрайта (каля Познані), высланага з Бэрліна за вальнадумства. Пахаваны ў польскім Глогаве. Ёсьць зьвесткі, што ўсе рэчы і творы Маймана, якія знаходзіліся ў мясцовай габрэйскай грамадзе, былі ёю спаленыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG