Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што і з кім змагаліся каліноўцы?


156 гадоў таму, 22 студзеня 1863 году, Цэнтральны нацыянальны камітэт у Варшаве пачаў паўстаньне супраць расейскага царызму. Праз 10 дзён да яго далучыліся паўстанцы Беларусі і Літвы пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Тэме паўстаньня Каліноўскага быў прысьвечаны адзін з выпускай перадачы «Новая Атляндыта» у 2016 годзе.

Гісторыя бязь мітаў губляе прывабнасьць. Гістарычных мітаў патрабуюць нацыянальная сьвядомасьць і нацыянальны інтарэс. ХХ стагодзьдзе зь яго пакручастым, канфліктным, трагічным шляхам беларусаў як ніякі іншы адрэзак у гісторыі нацыі патрабавала міталягізацыі і гераізацыі яе мінуўшчыны, узьвядзеньня на пʼедэстал яе герояў.

Антырасейскае паўстаньне 1863-1864 гадоў і яго кіраўнік Кастусь Каліноўскі акурат і сталі найпрыгажэйшым мітам айчыннае гісторыі. Мітам ня ў сэнсе няпраўды, а ў сэнсе мэтафарычнага, сымбалічнага абагульненьня падзеяў, іх сакралізацыі. Такія міты, заснаваныя на гістарычнай праўдзе, падбіваюць чалавека да актыўнага чыну дзеля рэалізацыі ў новых умовах ідэі міту.

Як ставіцца да міту пра Кастуся Каліноўскага ўжо ў ХХІ стагодзьдзі? Ці варта яго пераглядаць, дапаўняць, актуалізаваць? І ці гатовае, ці здатнае да гэтага сучаснае беларускае грамадзтва? Гутарка з гісторыкам Цімафеем Акудовічам.

— Цімафей, міт пра Каліноўскага паўстаў у мінулым стагодзьдзі, калі ён, мякка кажучы, ня ўпісваўся ў дзяржаўную ідэалёгію імпэрскай, камуністычнай дзяржавы — СССР. У той дзяржаве была мэта зьліць усе нацыі і народы ў адну — савецкую. Гісторыя народаў, якія насялялі тую краіну, ці замоўчвалася, ці пісалася скрозь прызму інтарэсаў Расеі. Калі не было грунтоўных гістарычных дасьледаваньняў, з чаго паўставалі ў беларусаў уяўленьні пра паўстаньне і яго правадыра і як, у якіх творах выяўляліся?

— Міт — гэта ў першую чаргу вельмі плоскае ўспрыняцьце падзеі. У нас у ХХ стагодзьдзі плянава фармаваліся два такіх міты — беларускі і «заходнерускі». Уяўленьне сярэднестатыстычнага беларуса пра паўстаньне 1863 году выяўленае на карцінах Пётры Сергіевіча «Кастусь Каліноўскі і Валер Урублеўскі робяць агляд паўстанцаў» і «Кастусь Каліноўскі сярод паўстанцаў 1863 году». Зіма, Каліноўскі палымяна прамаўляе да паўстанцаў, а тыя слухаюць свайго камандзера з захапленьнем. І не адрозьніш у гэты момант паміж імі ні пана, ні халопа. А побач верны сябра і паплечнік — Валер Урублеўскі. Заўтра яны пойдуць у бітву супраць царскіх карнікаў і загінуць за свабоду. «Западнарусы» ж малююць адваротную карціну. Праблема ў тым, што, як і ўсякая карціна, яна пляскатая і з абʼектыўных прычынаў не адлюстроўвае ўсёй глыбіні ўзаемасувязяў, уплываў, якія фармавалі падзеі ў далёкім 1863 годзе.

А жыцьцё — яно ж больш складанае.

Пётра Сергіевіч . Кастусь Каліноўскі і Валеры Ўрублеўскі робяць агляд паўстанцаў
Пётра Сергіевіч . Кастусь Каліноўскі і Валеры Ўрублеўскі робяць агляд паўстанцаў

— Выдатна памятаю, як у школе і ва ўнівэрсытэце мы вывучалі тое паўстаньне. Перадусім тады гаварылася, што паўсталі мужыкі супраць царскага самадзяржаўя. Пазьней сталі пісаць пра яго антырасейскасьць. Якая насамрэч была матывацыя ў паўстанцаў? Супраць чаго і за што яны змагаліся?

— Гэта банальная праўда, якую ведаюць усе гісторыкі і якая, здаецца, ня будзе адкрыцьцём для любога болей-меней абазнанага чалавека, але якую прынцыпова не заўважаюць у ідэалягічных дыскусіях: паўстаньне 1863 году мела адначасна дзьве розныя мэты.

На тэрыторыях былых Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага ў ХІХ стагодзьдзі, нягледзячы на прыналежнасьць гэтых земляў да Расейскай імпэрыі, існавала паўнавартасная сыстэма выхаваньня патрыётаў Польшчы паводле шаблёнаў часоў Рэчы Паспалітай — добрыя хатнія бібліятэкі, выхавальнікі, гімназіі ў гарадох зь вялікай прысутнасьцю польскіх настаўнікаў, свае гурткі ўва ўнівэрсытэтах, шматлікія касьцёлы з апантанымі ксяндзамі і дзядоўская шабля дома на сьцяне. Таму, скончыўшы ўнівэрсытэт і займаючы самыя розныя пасады ў цывільным ці вайсковым апараце Расейскай імпэрыі, большасьць тутэйшых шляхцічаў марыла пра вызваленьне свае радзімы ад расейскага панаваньня. І гэта была першая мэта.

У той жа час сярод гэтай самай маладой шляхты актыўна пульсавалі новыя ідэі пра тое, што ўсе людзі павінны быць роўныя паміж сабой. Навучаньне ў расейскіх унівэрсытэтах, куды ехала па веды большасьць моладзі зь земляў былога ВКЛ, удзел у шматлікіх студэнцкіх гуртках — усё гэта прымушала задумвацца пра вызваленьне сялянаў, роўнасьць і братэрства як пра першасную задачу маладых пакаленьняў. Незалежнасьць радзімы ў такой сытуацыі не станавілася малаістотнай, але была хутчэй адным з элемэнтаў усеагульнага шчасьця і дабрабыту. У выніку з самых цэнтраў «дзяржавы-акупанткі» на радзіму вярталіся студэнты, натхнёныя творамі Аляксандра Герцэна, Мікалая Дабралюбава і Мікалая Чарнышэўскага. Менавіта яны прагнулі ўсеабдымнай рэвалюцыі, якая зробіць усіх людзей без адрозьненьня нацыяў і станаў роўнымі і шчасьлівымі. Незалежнасьць іхнае радзімы стане вынікам гэтай глябальнай дзеі. І гэта была другая мэта.

Фота паўстанца Леана Плятэра. Менск. Фотамайстэрня Альфонса Дэплясэ
Фота паўстанца Леана Плятэра. Менск. Фотамайстэрня Альфонса Дэплясэ

— Такія мэты ня будзе ставіць неадукаваны мужык. І ня вельмі іх зразумее. Дый ідэі гэтыя шырэйшыя за ідэі банальнага паўстаньня. Тут насамрэч патыхае ідэямі рэвалюцыі. Кім былі яны, кіраўнікі паўстаньня?

— Каліноўскі, Бакшанскі, Козел-Паклеўскі, браты Трусавы ды іншыя былі выпускнікамі Маскоўскага і Пецярбурскага ўнівэрсытэтаў. Свае ідэі яны фармавалі ў студэнцкіх гуртках, куды ўваходзілі і расейцы, і палякі, і «маларосы». Вялікае значэньне для іх мелі працы Герцэна і Дабралюбава. Для іх не было настолькі ўжо прынцыповым поўнае аддзяленьне ад Расеі. Яны верылі, што свабодныя народы без цара могуць жыць супольна. Яўген Кавалеўскі, паўстанец зь Вялейшчыны, узгадваў у сваіх мэмуарах, што грошы, каб зьехаць зь Пецярбургу дадому ў сакавіку 1863 году, яму і ягоным сябрам далі аднагрупнікі — усе расейцы. Яны цудоўна разумелі, куды едуць «палякі», і верылі, што гэта пачатак супольнага змаганьня супраць царызму.

Цімафей Акудовіч
Цімафей Акудовіч

— Апошнім часам прарасейскія сілы ў Беларусі, я ўжо не кажу пра гісторыкаў — ідэолягаў «рускага міру» ў самой Расеі, зноў гераізуюць асобу віленскага губэрнатара Мураўёва. Гэтую асобу яшчэ ў ХХ стагодзьдзі мы бачылі дый нават у падручніках гісторыі нам яе падавалі як душыцеля паўстаньня, вешальніка, карніка. Што ў матывацыях і дзеяньнях Мураўёва было такога, што дазваляе раптам яго абяляць, гераізаваць?

— Не адмаўляючы важнасьці гэтай асобы ў задушэньні паўстаньня, варта адзначыць, што дзейнасьць гэтага чалавека моцна скажаецца, калі разглядаць яго толькі ў дыскурсе 1863 году. Калі паглядзець шырэй, дык Мураўёў, як гэта ні дзіўна, не выконваў аж настолькі вялікай ролі ў задушэньні «мяцяжу». Мураўёў ехаў у Вільню не паўстаньне душыць, у яго ад пачатку была больш глябальная мэта — «абрусеньне» краю. І паўстаньне тут было толькі падставай, каб зрабіць гэта хутка і радыкальна. Усе пастановы, якія прымаў віленскі губэрнатар, былі накіраваныя на памяншэньне польскіх уплываў на гэтай зямлі.

Думаецца, правільным будзе хаця б дзеля экспэрымэнту разьдзяліць тыя захады, якія Мураўёў праводзіў дзеля падаўленьня паўстаньня, і тыя, што служылі ягонай галоўнай мэце. У дасягненьні галоўнай мэты — ліквідацыі «польскага пытаньня» — якраз і праявілася ва ўсім маштабе злачыннасьць Мураўёва ды апраўдалася ягоная мянушка «Вешальнік», хоць яна і не перадавала ўсяго характару захадаў. Больш за 10 тысяч чалавек былі сасланыя ў глыб Расеі, шматлікія маёнткі сканфіскаваныя, астатнія гаспадаркі абкладзеныя дадатковым падаткам, які мог даходзіць да 10% ад прыбытку. Ініцыятары яго добра разумелі, што выплачваць падатак часта будуць вымушаныя жанчыны, чые мужы апынуліся ў Сыбіру. Зачыненыя школы, скасаваныя манастыры, забароненая купля зямлі для каталікоў і гэтак далей — такі даробак Мураўёва. Большасьць гэтых дзеяньняў не патрэбная была ані для падаўленьня паўстаньня, ані для папярэджаньня наступнага. Як пакараньне гэтыя захады закранулі і шмат невінаватых людзей. «Ліквідацыя польскага пытаньня» — маштабная трагедыя, якая мусіць разглядацца асобна ад паўстаньня 1863 году.

Генэрал-губэрнатар Міхаіл Мураўёў
Генэрал-губэрнатар Міхаіл Мураўёў

— А мужыкі, сяляне? Якая ў іх была матывацыя? Зь якімі заклікамі, ідэямі выходзілі да іх кіраўнікі паўстаньня?

— Матывацыя сялянаў у 1863 годзе — гэта тугі вузел абсалютна індывідуальных памкненьняў, крыўдаў, страхаў, жаданьняў, дзе вельмі рэдка сустракаліся ніткі абавязку перад кімсьці або чымсьці абстрактным. Найчасьцей гэтыя ніткі перапляталіся вакол асобы мясцовага пана, а не цара, войска ці сьвятой Русі (Польшчы), проста таму, што пан быў блізка і ён ня быў абстрактнай ідэяй. У разуменьні пазыцыі сялянаў вялікую ролю адыгрываюць падзеі 1862 году, пра якія чамусьці ніхто асабліва ня ўзгадвае аж да нашых дзён. Ня ўзгадвалі іх і ў юбілейныя дні тры гады таму. Тыя падзеі, натуральна, з пэўнай доляй перабольшваньня, можна было б назваць «паўстаньнем 1862 году», і паводле сацыяльнага складу яны былі марай усякага беларускага патрыёта — паўстаў беларускі народ у чыстым выглядзе. Сяляне аказаліся не задаволенымі ўмовамі маніфэсту 1861 году.

У выніку цягам 1862 году, паводле няпоўных зьвестак, у Беларусі было зафіксавана больш за 150 сялянскіх выступаў! Гэтыя выступы душылі прысланыя казакі на просьбу мясцовых паноў.

— Ці Каліноўскі да гэтых бунтаў апэляваў? Ці ўлічваў іх?

— Думаецца, што прычына вялікай азлобленасьці Каліноўскага на паноў і выкарыстаньня гэтага фактару дзеля актывізацыі сялянаў была якраз тая, што малады рэвалюцыянэр бачыў на свае вочы, як у 1862 годзе пачыналася менавіта сялянскае паўстаньне і як яго задушылі самі памешчыкі пры дапамозе расейскіх войскаў. Калі ў 1863 годзе паўсталі ўжо абшарнікі, сяляне натуральным чынам прыйшлі на дапамогу царскай арміі.

Паўстанцы з Варшаўскай губэрні. Фота з тагачаснай прэсы
Паўстанцы з Варшаўскай губэрні. Фота з тагачаснай прэсы

— Што ўяўлялі зь сябе карнікі — імпэрскае войска? Яны былі нечым матываваныя ці проста выконвалі загад — біць, душыць, забіваць, паліць?

— Імпэрскае войска нават у калянавуковых тэкстах паўстае нейкай безаблічнай «сілай цемры» — наляцелі зь ніадкуль, памахалі шашкамі, пазабівалі і зьніклі. Між тым у людзей, якія яе складалі, былі імёны, і гэта немалаважна для разуменьня тых падзеяў. Вось, напрыклад, прозьвішчы некаторых загінулых салдатаў Вялікалуцкага пяхотнага палку (частка зь іх загінула ў бітве пад Уладыкамі): «Берещук Степан, Горошко Андрей, Журневич Антон, Максимович Июзефат, Минкевич Семён, Пашкул Леон, Попович Андрей, Пухальский Александр, Силеневич Викентий, Скорлубович Флориан»...

Капліца на полі пад Мілавідамі, пабудаваная ў 1933 г. у гонар паўстанцаў Каліноўскага
Капліца на полі пад Мілавідамі, пабудаваная ў 1933 г. у гонар паўстанцаў Каліноўскага

— Гэтыя прозьвішчы ды імёны больш пасуюць паўстанцам, чым «карнікам». Беларусы ў расейскім войску?

— Тое, што шматлікія беларусы праз сыстэму рэкрутчыны на працягу ХІХ стагодзьдзя служылі ў расейскім войску, ня ёсьць таямніцай. Але чамусьці пра гэта зусім ніяк ня ўзгадваецца, калі гаворка заходзіць пра 1863 год. Не выкарыстоўваюць гэтага нават «заходнерускія» ідэолягі, хоць тэма для іх вельмі пэрспэктыўная. Ды яна і для ўсіх вельмі істотная.

— А колькі рэкрутаў зь Беларусі было ў расейскім войску? Колькі ўдзельнічала ў задушэньні паўстаньня? Ці ёсьць нейкія лічбы?

— Такіх лічбаў няма. Але рэкруты — людзі паднявольныя. Асобнае пытаньне пра афіцэраў. На працягу ўсяго ХІХ стагодзьдзя моладзь са шляхотных семʼяў актыўна ішла на службу ў войска Расейскай імпэрыі.

Вялікая трагедыя сытуацыі 1863 году была ў тым, што сумленныя афіцэры мусілі рабіць выбар паміж здрадай сваё прысязе і здрадай радзіме. Часовы намесьнік Царства Польскага Мікалай Сухазанет адкрыта прапанаваў у 1863 годзе афіцэрам-каталікам перавесьціся на час паўстаньня ва ўнутраныя губэрні Расеі, каб пазьбегнуць «маральнага дыскамфорту».

Мікалай Сухазанет
Мікалай Сухазанет

Але Мікалай Ганецкі, вайсковы кіраўнік Вількамірскага і Панявескага паветаў, забараніў сваім афіцэрам рабіць гэта. Ён палічыў, што вайсковец мусіць быць адданым свайму слову ў кожнай сытуацыі, нават у такой драматычнай. Час неміласэрна абышоўся з пахаваньнямі расейскіх салдатаў і афіцэраў, палеглых у тых бітвах. А магілы паўстанцаў, нягледзячы на 60 гадоў занядбаньня (да 1920 году), а пасьля яшчэ 40 гадоў іх маўклівага ігнараваньня, цяпер ушанаваныя крыжамі і кветкамі.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG