Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У цені хакею. Чаму беларусам няма за каго заўзець на хатнім чэмпіянаце Эўропы ў фігурным катаньні


Прыватны клюб фігурнага катаньня Figurist у Менску і ягоны трэнэр Вадзім Пляханаў
Прыватны клюб фігурнага катаньня Figurist у Менску і ягоны трэнэр Вадзім Пляханаў

Беларусь упершыню прымае чэмпіянат Эўропы ў фігурным катаньні. Спаборніцтвы стартуюць 21 студзеня ў Менску. Чаму беларусам няма за каго заўзець​ на хатнім першынстве? Свабода пагутарыла з былым фігурыстам, а цяпер трэнэрам Вадзімам Пляханавым — дырэктарам прыватнага клюбу фігурнага катаньня Figurist у Менску.

Пра што тэкст. Сьцісла

  • Гаспадары на хатнім чэмпіянаце Эўропы выступяць толькі ў двух дысцыплінах
  • Фігурнае катаньне ў Беларусі існуе паводле нарматываў савецкага часу
  • Бальшыня пэрспэктыўных спартоўцаў зьяжджаюць на заробкі за мяжу
  • Перад Эўрагульнямі прыпыняюць працу дзіцячыя сэкцыі ў школах і ў «Менск Арэне»​
  • Першыя крокі ў прафэсійным спорце алімпійская чэмпіёнка Тацяна Наўка рабіла ў зборнай Беларусі

Цырымонія адкрыцьця заплянаваная на 23 студзеня, два дні да гэтага гледачы могуць наведваць афіцыйныя трэніроўкі фігурыстаў. Галя-выступы з удзелам прызэраў прызначаныя на 27 студзеня.

Абанэмэнт на ўсе выступы каштуе ад 100 да 250 рублёў. На асобныя дні, у тым ліку на трэніроўкі, — ад 5 да 50 рублёў.

Прыватны клюб фігурнага катаньня Figurist
Прыватны клюб фігурнага катаньня Figurist

Фаварыты і аўтсайдэры

У жаночым адзіночным катаньні лідэрам лічыцца алімпійская чэмпіёнка Пхёнчхану Аліна Загітава, якая нядаўна стала срэбнай прызэркай фіналу Гран-пры 2018/2019 у Канадзе.

У мужчынскім фігурным катаньні галоўнай зоркай — гішпанец Хавіер Фэрнандэс. Ён чэмпіён сьвету 2015 і 2016 гадоў, бронзавы прызэр Алімпійскіх гульняў-2018 і дзейны чэмпіён Эўропы, шэсьць разоў запар выйграваў кантынэнтальнае першынство і мае шанец зноў палепшыць асабістую статыстыку.

Гішпанскі фігурыст Хаўер Фэрнандэз
Гішпанскі фігурыст Хаўер Фэрнандэз

У парных спаборніцтвах фаварытамі лічацца французы Марган Сыпрэ і Ванэса Джэймс, якія выйгралі золата фіналу Гран-пры 2018/2019. Таксама ўвага аматараў будзе прыцягнутая да выступаў у танцах на лёдзе францускага дуэту Гіёма Сізэрона і Габрыэлі Пападакіс — чэмпіёнаў сьвету 2015, 2016 і 2018 гадоў, срэбных прызэраў Алімпійскіх гульняў-2018.

Прадстаўнікоў Беларусі сярод фаварытаў няма. На хатніх спаборніцтвах беларусы прадстаўленыя толькі ў двух відах — Якаў Зянько ў мужчынскім адзіночным катаньні і Ганна Кублікава з Юрыем Гуліцкім у парных танцах на лёдзе.

У Беларусі пабудавана каля 40 лядовых палацаў, у большасьці зь іх ёсьць сэкцыі фігурнага катаньня. У Менску існуе больш за 10 школаў, якія прапануюць навучаньне асновам фігурнага катаньня. Але на выніках прадстаўнікоў Беларусі гэта не адбілася.

80% беларускіх фігурыстаў зьяжджаюць за мяжу

Вадзім Пляханаў — дырэктар прыватнага Клюбу фігурнага катаньня Figurist у Менску. Ён чэмпіён Беларусі ў парным катаньні, прызэр міжнародных спаборніцтваў, удзельнік папулярнага брытанскага лядовага шоў Imperial Ice Stars Тоні Мэрсэра. Мае 10-гадовы трэнэрскі досьвед, працаваў у Аўстраліі, Вялікай Брытаніі, Новай Зэляндыі, Расеі ды іншых краінах.

Ён перакананы: праблемы беларускага фігурнага катаньня — у адсутнасьці сыстэмнага падыходу да гэтага віду спорту.

Вадзім Пляханаў
Вадзім Пляханаў

«Усё пачынаецца з таго, што дзяржаўныя ўстановы закансэрваваліся нават не ў 1990-х, а ў 1980-х, — кажа трэнер Свабодзе. — Хоць наш клюб прыватны, мы вымушаныя адштурхоўвацца ад іншых сыстэмаў. Але ж сьвет памяняўся. Нашы трэнэры шмат працавалі за мяжой — там ужо зусім іншы падыход!

У нас усе нарматыўныя акты, якія тычацца спорту, як былі пры СССР, так і засталіся. Дзяцей набіраюць з 4-5 гадоў і яны „кучай“ катаюцца па 45 хвілін тры разы на тыдзень. За мяжой стаўка робіцца на індывідуальны падыход».

Фігурнае катаньне не хакей, кажа Пляханаў, не гульнявая дысцыпліна: вынік нараджаецца доўга і складана.

Заняткі ў клюбе фігурнага катаньня Figurist
Заняткі ў клюбе фігурнага катаньня Figurist

Яшчэ адна праблема, працягвае Вадзім Пляханаў, — малая пэрспэктыўнасьць заняткаў фігурным катаньнем у Беларусі для саміх спартоўцаў. Здольныя намагаюцца хутчэй зьехаць з краіны, каб здабыць месца ў папулярных лядовых шоў.

«Цяпер у 14 гадоў выйграюць Алімпіяду, а беларусы ў гэтым узросьце ня могуць толкам зрабіць двайны скачок. Сыстэма правакуе, што нядрэнныя спартоўцы ў 20 гадоў заканчваюць выступаць, а то і раней. Але ж у кожнага свой рэсурс: нехта можа стаць чэмпіёнам у 14, а хтосьці толькі ў 25. З чым гэта зьвязана? Са статусам, з прыбыткамі.

У той жа Расеі фігурыст паралельна зарабляе выступамі ў шоў. Што нашы? Мінімальныя стыпэндыя, якой хапае хіба на праезд. Хлопцу 21 год, яму ж таксама жыць хочацца! А калі ў яго заробак 100 даляраў, дык які спорт? Таму зьяжджаюць за мяжу: 80% нашай моладзі катаецца з шоў у розных краінах».

Фігурыстаў адсунулі, прыярытэт Эўрагульням

Клюб фігурнага катаньня Figurist
Клюб фігурнага катаньня Figurist

​Вадзім Пляханаў кажа, што літаральна напярэдадні старту кантынэнтальнага першынства адзін з двух каткоў спэцыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзэрву ў Менску, дзе трэніруюцца юныя фігурысты, вырашылі «растапіць» і перадаць пад сталоўку для ўдзельнікаў ІІ Эўрапейскіх гульняў.

Перад Новым годам адміністрацыя сабрала бацькоў на сход і паставіла перад фактам: заняткі 129 дзяцей спыняюцца. У лютым плянуецца закрыць і другую пляцоўку. Як і дзе будуць займацца дзеці, невядома. няма. Пэрспэктыва вяртаньня — не раней за канец лета.

Акрамя таго, у сакавіку ўсім арандатарам загадана вызваліць «Менск Арэну» — тут таксама пачнецца пераабсталяваньне магутнасьцяў пад Эўрагульні. Фактычна зімовыя дысцыпліны сама меней на паўгода будуць прынесеныя ў ахвяру летнім, пры такім падыходзе пэрспэктываў у фігурнага катаньня няма, канстатуе Вадзім Пляханаў.

Прыватны клюб фігурнага катаньня Figurist
Прыватны клюб фігурнага катаньня Figurist

«Каб выбіць лёд пад заняткі фігурным катаньнем — праблема касьмічнага маштабу, ня меней, — працягвае ён. — Вы ж самі ведаеце, у якой краіне мы жывём і які ў нас стратэгічны від спорту — зусім іншыя прыярытэты. Дзе хакей і дзе наш від?

Плюс маральна і фізычна ўстарэлае кіраўніцтва, якое сядзіць у розных дзяржаўных установах. Чаму пасыходзілі многія трэнэры? Таму што па 20-30 гадоў кіруюць людзі, якіх на гэтыя крэслы проста пасадзілі».

Спадзеў на прыватную ініцыятыву

За тры гады дзейнасьці Клюбу фігурнага катаньня пад яго дахам сабраліся ўсе найлепшыя трэнэрскія кадры краіны, кажа Пляханаў.

Вадзім Пляханаў
Вадзім Пляханаў

«Мы першы прыватны клюб у краіне, — гаворыць ён. — Сабралі найлепшых спэцыялістаў, якія сёньня ёсьць. Гэта і колішні трэнэр зборнай Міхаіл Каралюк, і былыя кіраўнікі СДзЮШАР, якія спрабавалі нешта рабіць. Паглядзім, што будзе.

Бяром дзяцей, пачынаючы ад 2 гадоў зь невялікім. Можа, гадоў праз 10 з тых дзетак, якія пачалі рана катацца, штосьці і выйдзе — калі нас саміх не закрыюць. Каму патрэбны канкурэнты? З аднаго боку, робім добрую справу: рыхтуем рэзэрв, даём заробкі, плацім падаткі. З другога, ёсьць людзі, структуры, якім наша актыўнасьць не падабаецца. Але калі састарэлая сыстэма ня зьменіцца, глябальнага скачка чакаць ня варта».

Наўка пачынала ў беларускай зборнай

За апошнія чвэрць стагодзьдзя за Беларусь выступала практычна адна зорка міжнароднай велічыні, і тое асіміляваная — Тацяна Наўка. На пачатку 1990-х, ня маючы шанцаў канкураваць у камандзе Расеі, яна прыняла прапанову паехаць на Алімпіяду-1994 у Лілегамэр у складзе беларускай зборнай. Тады ў пары з Самвэлам Гезалянам яны фінішавалі на 11-м месцы, на наступны год былі пятымі на чэмпіянаце сьвету, а яшчэ праз год — чацьвёртымі на чэмпіянаце Эўропы.

Тацяна Наўка
Тацяна Наўка

Перад Алімпіядай у Нагана ў Наўкі памяняўся партнэр, ім стаў Мікалай Марозаў. Алімпіяда не прынесла высокіх вынікаў, але ў той жа год беларуская пара перамагла на Мэмарыяле Карла Шэфера ў Вене. Там яе і ўгаварыў перайсьці пад расейскія сьцягі трэнэр Аляксандар Жулін. Стаўка згуляла: на Алімпіядзе 2006 году ў Турыне ў пары з Раманам Кастамаравым яна ўзяла золата.

Цяпер Тацяна Наўка зьяўляецца прадусаркай лядовых шоў, у якіх танцуе. Нядаўна яна стала саўладальніцай вытворчасьці солі ў акупаваным Крыме. Яе другі муж — Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Выхаванцы клюбу Figurist
Выхаванцы клюбу Figurist

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG