Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што беларускія палітыкі і праваабаронцы кажуць пра затрыманьне Насьці Рыбкі


Анастасія Вашукевіч падчас судовага працэса ў Тайляндзе
Анастасія Вашукевіч падчас судовага працэса ў Тайляндзе

Як ставаіцца да затрыманьня грамадзянкі Беларусі Анастасіі Вашукевіч (вядомая як Насьця Рыбка) у транзытнай зоне аэрапорту Шарамецева падчас дэпартацыі з Тайлянду ў Беларусь? І ці адэкватныя дзеяньні прадстаўнікоў беларускай дзяржавы? Пра гэта выказваюцца вядомыя ў Беларусі палітыкі, праваабаронцы і блогеры.

19 студзеня Нагацінскі суд Масквы падоўжыў затрыманьне Вашукевіч яшчэ на 72 гадзіны. Разгляд пытаньня аб яе арышце працягнецца 22 студзеня.

«Гэта была палітычная замова»

На сваёй старонцы ў фэйсбуку былы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Саньнікаў назваў яе адпраўку менавіта ў Маскву «палітычнай замовай».

«Яе прывезьлі на закланьне. Нічога агульнага з дэпартацыяй гэта ня мае. Грамадзянку Беларусі даставілі на расправу крамлёўскай мафіі, напэўна, не за проста так. Напэўна, менавіта такі маршрут быў праплачаны».

Паводле Андрэя Саньнікава, у такіх выпадках консульскія работнікі павінны загадзя дамовіцца аб доступе да грамадзяніна сваёй краіны, забясьпечыць усё неабходнае для абароны правоў затрыманага, патрабаваць сустрэчу, мэдычнага агляду, доступу адваката.

Ён мяркуе, што Анастасіі Вашукевіч пагражае небясьпека, што пацьвярджае відэа затрыманьня.

Падчас затрыманьня ў транзытнай зоне аэрапорту Шарамецева Анастасія Вашукевіч адмовілася падпарадкоўвацца «людзям у цывільным», але не супраціўлялася — яе зьнесьлі на інвалідным вазку.

«Заклікаю МЗС разабрацца»

Адзін зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў заклікаў Міністэрства замежных спраў Беларусі разабрацца, што адбываецца з беларускімі грамадзянамі Анастасіяй Вашукевіч і Аляксандрам Кірылава (вядомы як Алекс Лэсьлі. Ён сам называе сябе грамадзянінам Расеі. — РС.).

«Яны грамадзяне нашай краіны, а за сваіх трэба ўпісвацца. У любым пункце сьвету. Трэба, каб прадстаўнік амбасады Беларусі наведаў іх у месцы ўтрыманьня, аказаў неабходную юрыдычную дапамогу. Трымаў справу на кантролі».

У беларускіх праваабаронцаў не дастаткова інфармацыі

Прадстаўнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta Аляксей Казьлюк сказаў Свабодзе, што ня ведае падрабязнасьцяў справы і затрыманьня.

«Прынамсі мы не займаемся гэтай тэмай. У нас іншая спэцыфіка і да нас ніхто не зьвяртаўся. Транзытная зона — гэта ўсё роўна тэрыторыя РФ. Але ці былі падставы? Няма інфармацыі, каб гэта камэнтаваць».

Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч сказаў Свабодзе, што калі грамадзянін Беларусі зьдзейсьніў злачынства на тэрыторыі Расеі, то яго затрымліваюць і асуджаюць.

«Але каб нешта камэнтаваць, трэба дакладна ведаць інфармацыю. Вядома толькі, што распачатая крымінальная справа за арганізацыю прастытуцыі. Наколькі я разумею адвакаты ў яе ёсьць. Мы ніякіх заяваў рабіць ня будзем. Калі будзе інфармацыя пра жорсткае абыходжаньне зь ёй, катаваньні, то будзем рэагаваць», — сказаў прадстаўнік «Вясны».

Насьця Рыбка перамаўляецца з адвакатам
Насьця Рыбка перамаўляецца з адвакатам

Чаму мы пішам пра Насьцю Рыбку?​

Насьця Рыбка стала вядомая пасьля расьсьледаваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага пра магчымыя карупцыйныя сувязі мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі.

Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Насьця Рыбка. Пазьней пра тое, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі, яна расказала ў сваёй кнізе і ў сацыяльных сетках.

Анастасія Вашукевіч, Аляксандар Кірылаў і яшчэ 7 чалавек былі затрыманыя ў Патаі ў канцы лютага 2018 году. Паводле ўладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», ня маючы дазволу працаваць у Тайляндзе. Большасьць удзельнікаў сэмінараў былі мужчыны.

Аляксандар Кірылаў заяўляе, што супраць яго і Анастасіі Вашукевіч была праведзеная сакрэтная апэрацыя. Паліцыя распавяла The New York Times, што «замежны шпіён» быў у канфэрэнц-залі падчас трэнінгу і што шпіён кантактаваў з афіцэрамі, якія чакалі пачатку апэрацыі па затрыманьні ўдзельнікаў «трэнінгу».

Ганароваму консулу Беларусі ў Тайляндзе Рыбка заявіла, што ня хоча вяртацца ў Беларусь, сказаў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG