Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне зафіксавалі парушэньні 6 кандыдатаў у прэзыдэнты і 5 «яшчэ не кандыдатаў»


Палітычная рэкляма ва Ўкраіне, 4 сьнежня 2018 году
Палітычная рэкляма ва Ўкраіне, 4 сьнежня 2018 году

Міністар унутраных справаў Украіны Арсэн Авакаў расказаў на Facebook аб выяўленых парушэньнях выбарчага заканадаўства па стане на 18 студзеня.

Першы тур выбараў прэзыдэнта Ўкраіны мае прайсьці 31 сакавіка. На гэты момант ва Ўкраіне зарэгістраваныя 10 кандыдатаў у прэзыдэнты.

Але пакуль толькі два кандыдаты — мэр Львова Андрэй Садовы і экс-міністар прыроды Ігар Шаўчэнка — адкрылі выбарчыя фонды, зь якіх мае фінансавацца выбарчая кампанія. Ды парушэньні знайшлі і ў іх. Таксама парушэньні выявілі на карысьць кандыдатаў Сяргея Капліна, Анатоля Грыцэнкі, Яўгена Мураўёва і Валянціна Налівайчанкі.

З пачатку выбарчай кампаніі (31 сьнежня 2018 году) складзены шэраг адміністрацыйных пратаколаў: 29 за выраб або распаўсюд матэрыялаў агітацыі без выходных зьвестак, 1 за няправільнае разьмяшчэньне агітацыі, а таксама 2 за хуліганства. Праводзяцца праверкі па яшчэ 51 эпізодзе.

Білборд, верагодна зьвязаны з акторам Уладзімірам Зяленскім, які выконваў галоўную ролю ў сэрыяле «Слуга народу». 5 студзеня 2019 году
Білборд, верагодна зьвязаны з акторам Уладзімірам Зяленскім, які выконваў галоўную ролю ў сэрыяле «Слуга народу». 5 студзеня 2019 году

Акрамя таго, фіксуюцца магчымыя парушэньні выбарчага заканадаўства на карысьць асобаў, яшчэ не зарэгістраваных кандыдатамі афіцыйна: Юрыя Бойкі, Юліі Цімашэнкі, Ільлі Ківы, Аляксандра Вілкулы і дзейнага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі.

«Прашу кандыдатаў і кіраўнікоў выбарчых штабоў уважліва паставіцца да інфармацыі аб выяўленых парушэньнях — ліквідаваць парушэньні закону і ўвесьці агітацыйны працэс у строгае законнае рэчышча, — піша Арсэн Авакаў. — Хай нават гэта тычыцца нязначных парушэньняў. З малых парушэньняў складваюцца сыстэмныя памылкі».

У ліку «недапушчальных выпадкаў» Авакаў назваў бойку з ужываньнем траўматычнай зброі і сьлезацечнага газу, па выніках якой быў затрыманы кіраўнік абласной арганізацыі штабу Ківы — яго падазраюць у хуліганстве.

Таксама Авакаў заявіў, што «ёсьць шматлікія сыгналы» аб фармаваньні незаконных сетак і арганізацыі «каруселяў» па скупцы галасоў — міністар паабяцаў не дапусьціць подкупу выбарнікаў і дзейнічаць жорстка «незалежна ад яскравасьці і грамадзкага статусу кандыдата, ступені ягонай апазыцыйнасьці або праўладнасьці».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG