Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп прадставіў новую стратэгію ЗША ў космасе


Дональд Трамп
Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 17 студзеня апублікаваў у Пэнтагоне аналітычны даклад аб нацыянальнай супрацьракетнай абароне (Missile Defence Review). Ён уключае новую стратэгію ЗША ў космасе, якая названая абарончай і прадугледжвае пашырэньне супрацьракетнага арсэналу. У прыватнасьці, яна прапануе разьмясьціць у космасе новае пакаленьне спадарожнікаў раньняга апавяшчэньня аб ракетнай атацы.

У справаздачы гаворыцца, што ЗША ня будуць абмяжоўваць сябе ў распрацоўцы проціракетнай абароны супраць краін, якія не прызнаюць міжнародных нормаў. Нягледзячы на нядаўнія перамовы з Паўночнай Карэяй, у справаздачы гаворыцца, што КНДР прадстаўляе «надзвычайную пагрозу» для ЗША. Супернікі Злучаных Штатаў — Кітай і Расея — працягваюць разьвіваць свой арсэнал, гаворыцца ў дакладзе.

«Нашы супернікі! Мы бачым, што вы робіце, і мы прымаем адпаведныя захады», — сказаў выканаўца абавязкаў міністра абароны Патрык Шэнахэн падчас прэзэнтацыі дакладу.

І Трамп, і аўтары агляду робяць адну і тую ж выснову: сёньня для адэкватнай абароны ЗША ад патэнцыйных ваенных пагроз неабходна больш актыўна выкарыстоўваць касьмічныя тэхналёгіі — для больш хуткага выяўленьня, адсочваньня і паразы ракет. Акцэнт робіцца на тое, што варожыя ракеты павінны быць выяўленыя адразу пасьля запуску, калі яшчэ працуюць іх разгонныя рухавікі.

Каб рэалізаваць канцэпцыю абароны на «разгонным участку», Трамп прапануе пачаць адсочваць ракеты патэнцыйнага праціўніка з дапамогай групоўкі касьмічных спадарожнікаў, якія разьмесьцяць на арбіце Зямлі.

Сетка касьмічных датчыкаў на гэтых спадарожніках дазволіць рэагаваць, напрыклад, на такія сучасныя пагрозы як Гіпергукавая або лазэрная зброя (у сакавіку 2018 году наяўнасьцю ў Расеі такой зброі ў ходзе чарговага пасланьня пахваліўся прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін). Таксама плянуецца абсталяваць лазэрнай зброяй беспілётнікі.

Даклад Трампа — працяг апублікаванай ім жа ў сьнежні 2017 году стратэгіі нацыянальнай бясьпекі. У ёй ён называў «узмоцненую» супрацьракетную абарону прыярытэтным напрамкам для Пэнтагону.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG