Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гане забіты журналіст-дасьледчык, які супрацоўнічаў з BBC


У Гане забіты журналіст-дасьледчык, які супрацоўнічаў з ВВС. Яго расьсьледаваньне дапамагло раскрыць карупцыйны скандал у мясцовым футболе, які прывёў да адстаўкі кіраўніка футбольнай фэдэрацыі і роспуску самой фэдэрацыі.

Працуючы пад прыкрыцьцём журналіст Ахмэд Хусэйн-Суале быў застрэлены ў сталіцы краіны Акрэ ў ноч на пятніцу, паведамляе сайт мясцовага Трэцяга каналу тэлебачаньня.

Журналіст быў застрэлены двума матацыклістамі, калі ехаў дадому, паведамляе тэлеканал. Яму двойчы выстралілі ў грудзі і адзін раз у шыю праз шкло аўтамабіля.

Перад сьмерцю да зьвядзеньня зь ім рахункаў у тэлеэфіры публічна заклікаў член парлямэнту Ганы Кэнэдзі Аг’японг, паведамляе канал.

«Калі вы ўбачыце яго недзе — зламіце яму вушы. Я кажу вам, біце яго. Што б ня здарылася, за гэта заплачу я. Ён дрэнны хлопчык», — цытуе парлямэнтарыя Трэці канал. Пры гэтых словах у эфіры былі паказаныя фатаздымкі журналіста.

Сваёй заявайй Аг’японг адрэагаваў на паказ на ВВС фільма, дзе выкарыстоўвалася праца Хусэйна-Суале. У фільме расказвалася, як чыноўнікі Футбольнай асацыяцыі Ганы, уключаючы яе прэзыдэнта Квэсі Найантакіі, бралі хабар. Найантакіі быў зьняты ў нумары гатэлю, дзе ён атрымаў хабар памерам 65 тысяч даляраў.

Карупцыйны скандал, які закрануў многіх футбольных чыноўнікаў і судзьдзяў, прывёў да адстаўкі Найантакіі, яго пажыцьцёвай дыскваліфікацыі, і спробе ўраду распусьціць футбольную фэдэрацыю.

Напады на журналістаў досыць рэдкія ў Гане, адзначае ВВС. Да забойства Хусэйна-Суале апошняе забойства журналіста ў краіне адбылося ў 2015 годзе. Кіраўнік дзяржаўнай Камісіі ў справе мэдыяў Ганы заклікаў не пераносіць віну за напад на журналіста на Кэнэдзі, заявіўшы, што нельга асуджаць чалавека за паказ чужых фатаграфій, і трэба памятаць пра абставіны, якія прывялі дэпутата да такога кроку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG