Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чалавекам году» паводле вэрсіі Time стаў забіты журналіст


Джамаль Хашокджы
Джамаль Хашокджы

Амэрыканскі часопіс Time ў аўторак абвясьціў пэрсонай году савудаўскага журналіста Джамаля Хашокджы.

Хашокджы, савудаўскі журналіст і аглядальнік Washington Post, зьнік 2 кастрычніка на тэрыторыі кансуляту Савудаўскай Арабіі ў Стамбуле і, як сьцьвярджаюць турэцкія сьледчыя, быў жорстка забіты супрацоўнікамі савудаўскіх спэцслужбаў. Ягонае цела дагэтуль ня знойдзенае.

Улады Савудаўскай Арабіі доўгі час адмаўлялі дачыненьне да забойства журналіста, але ў выніку ўзялі пад варту 21 чалавека і прадʼявілі ім абвінавачваньні ў забойстве. Забойства Хашокджы таксама стала прычынай глыбокага палітычнага крызісу ў адносінах ЗША і Савудаўскай Арабіі.

Разам з Джамалем Хашокджы званьне «Чалавека году» падзялілі:

  • амэрыканская газэта The Capital Gazette, дзе летам 2018 году ў рэдакцыі ў выніку нападу былі забітыя пяць журналістаў,
  • філіпінская журналістка Марыя Рэса (Maria Ressa),
  • два журналісты агенцтва Reuter, якія пісалі пра тое, што ўлады М’янмы перасьледуюць мусульманаў, і якія былі засуджаныя на сем гадоў турмы.

Усіх пералічаных людзей Time называе «guardians» («вартавыя»), падкрэсьліваючы, што гэтыя журналісты «стаяць на варце праўды».

У артыкуле Time таксама згадваецца расейскі журналіст Аркадзь Бабчанка, які інсцэніраваў уласную сьмерць, каб знайсьці тых, хто арганізаваў яго забойства.

Пра яго часопіс піша: «Прынамсі пяць журналістаў расейскай „Новой газэты“ загінулі ад 2000 году і Бабчанка ведаў іх асабіста. Таму калі супрацоўнікі СБУ папярэдзілі яго, што на яго рыхтуецца замах, ён успрыняў гэтую пагрозу вельмі сурʼёзна. Яму сказалі, што адзіны спосаб раскрыць змову і „зьняць“ пагрозу для астатніх магчымых ахвяраў з „чорнага сьпісу“ — інсцэнаваць яго ўласную сьмерць».

Time вызначае «Чалавека году» ад 1927 году. Гэта асоба або група людзей, якія зрабілі значны станоўчы ці нэгатыўны ўплыў на сусьветныя падзеі ў адыходзячым годзе. У мінулым годзе Чалавекам году паводле вэрсіі Time сталі «парушальнікі маўчаньня», людзі, якія распавялі пра сэксуальныя дамаганьні, у тым ліку актывісты руху #MeToo. У 2016 годзе «чалавекам году» паводле вэрсіі Time стаў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, а ў 2007 годзе «чалавекам году» стаў расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін.

Франклін Рузвэльт быў «чалавекам году» паводле вэрсіі Time тройчы — у 1932,1934 і 1941 гадах, двойчы атрымалі гэтае званьне Іосіф Сталін (1939 і 1942), Уінстан Чэрчыль (1940 і 1949), Міхаіл Гарбачоў (1987 і 1989), Біл Клінтан (1992 і 1998), Джордж Буш—малодшы (2000 і 2004) і Барак Абама (2008 і 2012). У 1938 годзе «чалавекам году» Time назваў Адольфа Гітлера.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG