Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спрыяў беларускай мове і аб’езьдзіў усю Беларусь. 8 фактаў пра мэра Гданьску, якога атакавалі з нажом


Павал Адамовіч
Павал Адамовіч

У нядзелю ўвечары 27-гадовы мужчына напаў з нажом на прэзыдэнта (мэра) Гданьску Паўла Адамовіча. Палітык атрымаў сур’ёзныя раненьні сэрца, аорты, дыяфрагмы і ўнутраных органаў. У другой палове дня прадстаўнікі шпіталю паведамілі, што Павал Адамовіч Памёр.

1. Мэр-рэкардсмэн

Паўлу Адамовічу 53 гады. На пасаду мэра Гданьску яго ўпершыню абралі ў 1998 годзе. Датуль ён чатыры гады ўзначальваў гарадзкую раду — орган мясцовага самакіраваньня. Летась жыхары Гданьску пераабралі яго на пасаду прэзыдэнта гораду ў пяты раз.

Гданьск
Гданьск

2. Адкрыты палітык. Запрашаў у Гданьск працаўнікоў зь Беларусі

Павал Адамовіч — вялікі прыхільнік адкрытасьці і талерантнасьці. Ён неаднаразова публічна запрашаў на працу ў Гданьск грамадзянаў Беларусі. У 2016 годзе ў горадзе пачала дзейнічаць Рада імігрантаў, якая дае мэру парады што да інтэграцыі новых жыхароў Гданьску. У горадзе працуе таксама Рада ў пытаньнях роўнасьці, якая сочыць, каб у Гданьску не было выпадкаў дыскрымінацыі.

3. Бабуля са Смаргоні, бацькі зь Віленшчыны

Бабуля Адамовіча па матчынай лініі — Юлія — паходзіла са Смаргоні, там дагэтуль жывуць ягоныя сваякі. Бацька мэра Рышард Адамовіч родам зь Вільні. У Гданьск сям’я Адамовічаў пераехала ў 1946 годзе. Як узгадваў у адным з інтэрвію Рышард Адамовіч, прычынаю сталі новыя савецкія парадкі ў родным горадзе і «літоўскі нацыяналізм».

4. Аб’ехаў Беларусь і назваў яе «захапляльнай краінай»

Павал Адамовіч неаднаразова бываў у Беларусі. Візыт у 2009 годзе ён падрабязна апісаў у тэксьце «Беларусь — у нас», які можна прачытаць на ягоным сайце. Падчас той паездкі Адамовіч навязаў партнэрскую супрацу з Полацкам і Наваполацкам. За некалькі дзён Адамовіч з дэлегацыяй з Гданьску наведаў Горадню, Наваградак, Менск (і Курапаты), Полацак, Наваполацак, Віцебск.

«Беларусь — гэта захапляльная краіна. Краіна адкрытых людзей, гасьцінных і цёплых. Але пра гэта мала хто ў Польшчы ведае. Звычайны паляк думае пра гэтую краіну стэрэатыпамі. Я таксама так думаў і мне за гэта трошкі сорамна. Кожны, хто хоча лепш зразумець культуру і гісторыю Эўропы і Польшчы, павінен туды паехаць», — напісаў тады мэр Гданьску.

Дарэчы, ягоны тагачасны намесьнік Мацей Лісіцкі таксама мае карані ў Беларусі і падчас паездкі ў 2009 годзе правёў з мэрам Гданьску дзень у сям’і сваякоў у вёсцы пад Менскам.​

5. Дапамагаў беларускім палякам

Павал Адамовіч з польскімі дзецьмі зь Беларусі
Павал Адамовіч з польскімі дзецьмі зь Беларусі

Падчас візыту ў Беларусь у 2009 годзе Адамовіч сустракаўся у Горадні з чальцамі Саюзу палякаў Беларусі і старшынёй арганізацыі Анжалікай Борыс. Ад таго часу працягваецца супраца Гданьску і Саюзу палякаў. Штогод Гданьск прымае групы польскіх дзяцей зь Беларусі на адпычынак. Падчас апошняга візыту ў Горадню, у 2015 годзе, Адамовіч падараваў Саюзу палякаў больш за 1000 падручнікаў для навучаньня польскай мове.

6. Спрыяў беларускай мове

Коласаўскі ліцэй (Беларускі гуманітарны ліцэй, які вымушана працуе ў падпольлі)
Коласаўскі ліцэй (Беларускі гуманітарны ліцэй, які вымушана працуе ў падпольлі)

Павал Адамовіч падчас візыту ў Беларусь сустракаўся з вучнямі і настаўнікамі зачыненага ўладамі Коласаўскага гуманітарнага ліцэю. Праз два гады дзякуючы ягонаму спрыяньню ў International school of Gdansk адкрылася беларускае адзяленьне (дзейнічае да сёньня). Празь яго прайшло 160 чалавек, у тым ліку і вучні Беларускага ліцэю, якія атрымоўвалі там атэстацыю. Мэр гораду Павал Адамовіч асабіста спрыяў гэтай ініцыятыве і запрасіў беларускіх ліцэістаў у Гданьск. Вучні бывалі ў мэрыі, ён прыходзіў на сустрэчы з ліцэістамі.

«Ён польскі патрыёт, але вельмі шчыра спрыяў беларускай мове і адукацыі», — узгадвае дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімер Колас.

7. Супрацоўнічаў зь беларускімі чыноўнікамі

Падчас кожнага візыту ў Беларусь мэр Гданьску сустракаецца з афіцыйнымі службоўцамі. Некалькі гадоў таму ён сустракаўся з кіраўніком Горадзенскага гарвыканкаму Мечыславам Гоем, наведаў прадпрыемствы «ГроднаАзот», «БелДрэў», фірму з польскім капіталам «Тайфун». Улады Горадні паказалі Адамовічу, як працуюць мясцовыя ўстановы службы аховы здароўя і навучальныя ўстановы. Адамовіча ўразіў старшыня Полацкага гарвыканаму, які чытаў яму вершы, і старшыня Наваполацкага, адзіная ў той час жанчына на такой пасадзе, былая баскетбалістка.

Аднаго разу Адамовіч наведаў Беларусь з мэтаю вывучыць спартыўны досьвед. Мэр плянаваў стварыць у Гданьску хакейную каманду для КХЛ. У Беларусі ён тады размаўляў на гэты конт зь беларускімі чыноўнікамі, але ідэя наконт гданьскай каманды так і не рэалізавалася.

8. Адкрываў помнік Купалу ў Гданьску

Адкрыцьцё помніка Купалу ў Гданьску, 2007
Адкрыцьцё помніка Купалу ў Гданьску, 2007

​Улетку 2007 году ў Гданьску быў адкрыты мэмарыяльны знак да 125-годзьдзя з дня нараджэньня Янкі Купалы. На вялікім камяні шыльда з надпісам па-беларуску, прычым паводле клясычнага правапісу, і па-польску: «Янка Купала — беларускі пясьняр» і «...сьняцца сны аб Беларусі».

Дачка тагачаснага віцэ-мэра Гданьска Мацея Лісіцкага
Дачка тагачаснага віцэ-мэра Гданьска Мацея Лісіцкага

На адкрыцьці прысутнічаў Павал Адамовіч. Мэр Гданьску тады сказаў, што ганарыцца тым, што ў ягоным горадзе паўстаў такі помнік.

«У кожным з вас цячэ значная частка беларускай крыві, бо ў Гданьску сапраўды шмат людзей, якія паходзяць зь Беларусі. Мы гэтым ганарымся і дзякуючы Купалу яшчэ раз гэта ўсьведамляем».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG