Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Кіева-Пячорскай лаўры зьніклі 10 каштоўных экспанатаў


Восем абразоў, драўляны пацір і крыж не знайшлі пры інвэнтарызацыі каштоўнасьцяў у Кіева-Пячорскай лаўры, сьцьвярджае намесьнік старшыні Ўкраінскага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, былы член грамадзкай рады пры Міністэрстве культуры Ўкраіны Багдан Кажушка.

«Адсутнічаюць восем абразоў. Усе іконы 19 стагодзьдзя. Адсутнічае таксама драўляны пацір (чаша). І крыж», — распавёў Кажушка ў камэнтары Радыё Свабода, спасылаючыся на сьпіс інвэнтарызацыі. Пры гэтым ён дадаў, што не валодае інфармацыяй аб кошце зьніклых рэчаў.

«У тым сьпісе, што мне далі, няма ацэнкі кошту зьніклых рэчаў», — сказаў Багдан Кажушка.

Старшыня cынадальнага інфармацыйна-асьветніцкага аддзелу Ўкраінскай праваслаўнай царквы (МП) арцыбіскуп Клімэнт у эфіры ўкраінскай рэдакцыі Радыё Свабода заявіў, што не існуе ніводнага афіцыйнага дакумэнта, які б пацьвярджаў наяўнасьць у Мінкульту прэтэнзіяў да Кіева-Пячорскай лаўры з нагоды зьнікненьня царкоўных каштоўнасьцяў.

9 студзеня прэс-сакратар Міністэрства культуры Юлія Дацэнка заявіла, што рэвізія міністэрства не змагла высьветліць месцазнаходжаньня дзесяці прадметаў, якія ўяўляюць культурную каштоўнасьць. Заява аб зьнікненьні каштоўнасьцяў накіраваная ў праваахоўныя органы.

8 студзеня міністар культуры Яўген Нішчук распавёў, што інвентарызацыяў ў Кіева-Пячорскай лаўры выявіла страту некалькіх каштоўных абразоў. Ён адзначыў, што страты маглі адбыцца «яшчэ да 2003 году».

Кіева-Пячорскі манастыр быў заснаваны ў 1051 годзе. Лаўра занесеная ў сусьветную спадчыну ЮНЭСКА. Цяпер яна падкантрольная Ўкраінскай праваслаўнай царкве (Маскоўскага патрыярхату).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG