Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Інстытуту гісторыі зьнік унікальны скарб манэтаў Х стагодзьдзя. Калі і куды — загадка


Ракавецкі скарб, знойдзены ў 1987 годзе
Ракавецкі скарб, знойдзены ў 1987 годзе

Краязнаўца са Смаргоншчыны Аляксандар Камінскі ў аўтарскім блогу «Крэўскае мора» дакопваецца да розных цікавінак, якія тычацца ягонай славутай радзімы — Крэва. А днямі зьявілася нагода заглыбіцца ў дэтэктыўную гісторыю, зьвязаную са зьніклым скарбам.

Школьнік Саша і 800 арабскіх дырхемаў

Мястэчка і ваколіцы Крэва маюць найбагацейшую гісторыю і, апроч прыгожых мітаў, раз-пораз цешаць матэрыяльным увасабленьнем — тут знаходзяць унікальныя скарбы. Іншая справа, што сьляды некаторых загадкавым чынам губляюцца. І не абы-дзе, а ва ўстановах, дзе яны мусяць быць як за каменнай сьцяной.

Спрабуем супаставіць факты разам з краязнаўцам, блогерам Аляксандрам Камінскім і кандыдатам гістарычных навук, старшым навуковым супрацоўнікам Інстытуту гісторыі НАН, экспэртам па Крэўскім краі Алегам Дзярновічам.

Аляксандар Камінскі
Аляксандар Камінскі

​«Увосень 1971 году 6-клясьнік Ракавецкай школы (Ракаўцы — вёска побач з Крэвам. — РС) Аляксандар Шахновіч натрапіў на скарб, — расказвае Аляксандар Камінскі. — Натрапіў выпадкова, бо капацца ў зямлі нават не давялося: за яго гэтую справу зрабіў калгасны трактар, які ачышчаў поле ад камянёў. Ссунуўшы са свайго месца адзін з валуноў, заадно вывернуў і раструшчаную бронзавую пасудзіну з мноствам бліскучых круглякоў з незразумелымі надпісамі і знакамі. Хлопчык, можа, і не здагадаўся, што гэта старажытныя манэты, але набраў іх поўныя кішэні і вярнуўся дахаты. Хутка пра знаходку ведала ўся вёска».

Паводле Аляксандра Камінскага, настаўнікі мясцовай школы пастанавілі, што пра знаходку трэба паведаміць у Менск, вучоным. Так манэты трапілі ў нумізматычны кабінэт Белдзяржунівэрсытэту. Вядомы нумізмат Валянцін Рабцэвіч вызначыў, што знойдзеныя артэфакты старажытныя, ажно IX-X стагодзьдзяў. Срэбныя дырхемы былі адбітыя ў Самаркандзе, Бухары, Андарабе, Шыразе ды іншых гарадах Арабскага халіфату і мелі хаджэньне на беларускіх землях яшчэ да прыняцьця хрысьціянства. Траплялі такія грошы з Усходу праз купцоў, якія вялі тут свой гандаль па славутым шляху «з варагаў у грэкі». Манэты ў колькасьці 826 штук былі апісаныя і перададзеныя на захоўваньне ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук Беларусі.

Прынамсі так лічыў крэўскі дасьледнік, пакуль не апублікаваў свой блог, прысьвечаны здабыткам сівой даўніны. Тым часам нехта з камэнтатараў, які падпісаўся Іванам Пятровічам, пад перапостам у «Фэйсбуку» пакінуў шакуючы допіс: першы ракавецкі скарб зьнік («першы», бо быў ня меней каштоўны другі, пра яго крыху пазьней. — РС). У Акадэміі навук ніхто пра яго ня ведае, ніякіх сьлядоў не засталося.

«Узяў так проста і зьнік? — не паверыў прачытанаму Аляксандар Камінскі. — У такой сур’ёзнай установе? У зборніку „Культура Гарадзенскага рэгіёну: праблемы разьвіцьця ва ўмовах поліэтнічнага сумежжа“ (Горадня, 2003 год) у працы Валянціна Рабцэвіча „Два скарбы X стагодзьдзя з Гарадзенскай вобласьці“ ўказана, што ракавецкі скарб 1971 году захоўваецца менавіта ў Акадэміі навук, і даецца яго падрабязнае апісаньне. У галаве ня ўкладваецца. А калі страта пацьвердзіцца, узьнікае лягічнае пытаньне: ці варта здаваць падобныя знаходкі дзяржаве, калі яна ня ў стане іх захаваць?», — задаецца рытарычным пытаньнем краязнаўца.

Бульдазэрыст Стась і 7 кіляграмаў круглякоў

Арабскія манэты Х стагодзьдзя
Арабскія манэты Х стагодзьдзя

Аляксандар Камінскі неадкладна зьвярнуўся да экспэрта па старажытным Крэве Алега Дзярновіча. Адказ адмыслоўца паставіў у тупік — скарбу ў інстытуцкіх нетрах сапраўды няма, ён зьнік. Калі і пры якіх абставінах, паспрабавала высьветліць у навукоўца Радыё Свабода:

«Так, зьніклі сьляды, — пацьвярджае экспэрт найгоршыя чаканьні. — Паспрабаваў высьветліць у калегаў — сапраўды не праходзіць гэты скарб як на захаваньні. Нават калі ўзяць манаграфію Шаміля Бекцянеева „Грашовае абарачэньне на тэрыторыі Беларусі“, дзе ён дае апісаньне ўсіх скарбаў, дык месца захоўваньня ракавецкага скарбу пазначанае пад пытаньнем. А паколькі ён ператрымаў у руках практычна ўсе скарбы, атрымліваецца, што акурат гэтага няма. Прынамсі невядома, дзе ён захоўваецца, — відаць, так правільней будзе казаць».

Аднак спадар Камінскі зьвяртае ўвагу: ракавецкі скарб працягваюць «апісваць» у энцыкляпэдыях і навуковых зборах, не перастаюць заяўляць, што ён зьберагаецца ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі («Археалёгія і нумізматыка Беларусі» (Менск, 1993), «Культура Гарадзенскага рэгіёну: праблемы разьвіцьця ва ўмовах поліэтнічнага сумежжа» (Горадня, 2003) ды іншыя навуковыя крыніцы). Выглядае, што першапачаткова ў акадэмічнай структуры — як мінімум савецкага пэрыяду — ён усё ж быў:​

Алег Дзярновіч
Алег Дзярновіч

«Не магу дакладна ведаць, у якім статусе яго апісваў Валянцін Рабцэвіч, — гаворыць Алег Дзярновіч. — Не бяруся нічога сьцьвярджаць, бо, можа быць, потым яго і перадалі ў Інстытут гісторыі. Прынамсі Бекцянееў схіляецца да таго, што скарб захоўваецца менавіта там; адзінае, пакідае пад знакам пытаньня. Але сёньня гэтага скарбу ў інстытуце няма дакладна. Зразумейце: усё гэта гісторыя 1970-х, не сучасная. Зараз такое ўявіць папросту немагчыма: каб такія каштоўнасьці, здадзеныя на дзяржаўнае захаваньне, зьніклі безь сьлядоў. Там жа велізарная колькасьць тых дырхемаў!»

Як мяркуе Аляксандар Камінскі, праз Ракаўцы ў старажытныя часы праходзіў ажыўлены гандлёвы шлях. Інакш чым растлумачыць той факт, што ў 1987 годзе тут быў знойдзены яшчэ адзін падобны скарб? Гэтым разам на яго натрапіў смаргонскі бульдазэрыст Станіслаў Буйноўскі. Не сьпяшаўся паведамляць пра знаходку, бо прыняў манэты за нейкія «алюмініевыя бляшкі». Кінуў 7,5 кіляграма «жалеза» на балькон, час ад часу раздаючы круглякі сябрам і знаёмым.

Потым прызнаваўся, што зьбіраўся выкінуць непатрэбны баляст у сьметнік, але адна з манэт выпадкова трапіла на вочы супрацоўніку Смаргонскага краязнаўчага музэю. Так была вызначана сапраўдная каштоўнасьць знаходкі, якая неўзабаве заняла пачэснае месца сярод экспанатаў Нацыянальнага музэю гісторыі і культуры Беларусі. Удалося захаваць 2,5 тысячы дырхемаў — бязь дзьвюх манэтак.

Арабскія манэты Х стагодзьдзя
Арабскія манэты Х стагодзьдзя

Абодва ракавецкія скарбы лічацца найбуйнейшымі знаходкамі арабскіх манэтаў на тэрыторыі Беларусі. Але калі другому пашчасьціла заняць месца ў музэйнай прасторы, то сьляды першага губляюцца. Якія вэрсіі зьнікненьня лічыць прыярытэтнымі Алег Дзярновіч?

«З археолягамі абмяркоўвалі такую вэрсію. Некалі ў нашага вядучага археоляга Леаніда Побаля была ідэя стварыць Інстытут археалёгіі — скажам, у Кіеве ёсьць такая ўстанова, у іншых сталіцах. І пры ім арганізаваць музэй археалёгіі (апошні гадоў 10 таму нарэшце зрабілі). Вось пад гэтыя мэты скарб маглі ўзяць. Але з пэртурбацыямі куды што падзелася — пытаньне. Можа, дзе і ляжыць, прынамсі тэарэтычна варта дапусьціць. Бо як скарб ён нікуды не перадаваўся, недзе абавязкова ўсплыў бы. Незаўважна прыстроіць такую колькасьць немагчыма, хіба асобнымі манэтамі. На калекцыянэрскіх аўкцыёнах скарб дакладна ня пройдзе незаўважаным: калі 1500 дырхемаў зьяўляюцца на рынку, гэта адразу выклікае пытаньні».

Беларускія артэфакты на саюзную пераплаўку

Зь іншага боку, у 1970-1980-х, калі яшчэ не існавала кампутарнага ўліку, інтэрнэт-аўкцыёнаў ды «закальцаванай» базы артэфактаў, пусьціць грамадзкую думку падманным шляхам было куды прасьцей:

«Тады — так. Але быў чорны рынак, ён і цяпер у той ці іншай форме існуе, — працягвае Алег Дзярновіч. — Бо няма „легальнай скупкі“ скарбаў, немагчыма ўявіць узаконенага абарачэньня такіх рэчаў. Хоць той жа знакаміты мсьціслаўскі корд (меч), наколькі ведаю, у свой час са дна Віхры збольшага бесьперашкодна паднялі чорныя капальнікі з Масквы... Такім чынам, факт застаецца фактам: ракавецкага скарбу ў нас няма. У тым ліку гэта прызнаецца афіцыйна. Дзе ён, ніхто ня здолеў адказаць, бо ніхто толкам ня ведае».

Факт загадкавага зьнікненьня першага ракавецкага скарбу ўсплыў выпадкова — дзякуючы перадусім краязнаўчай актыўнасьці Аляксандра Камінскага і пільнасьці невядомага добразычліўца. Ці ёсьць падстава рабіць выснову, што гэткім жа чароўным чынам зь дзяржаўных сховішчаў маглі зьнікнуць і іншыя бясцэнныя знаходкі? За савецкім часам найбольш каштоўныя рэчы намагалася прысабечыць Масква. Аднак, мяркуе Алег Дзярновіч, нават у тым выпадку наўрад ці гэта адбывалася як «экспрапрыяцыя»:

Ілюстрацыйнае фота. Скарб канца ІХ стагоддзя з Брылёўскага поля
Ілюстрацыйнае фота. Скарб канца ІХ стагоддзя з Брылёўскага поля

«Так, за савецкім часам практычна ўсе значныя скарбы забіраліся ў Маскву, у так званы „Госхран“. Перадусім рэчавыя, але манэтныя ў тым ліку. Многія зь іх, ёсьць такая інфармацыя, пераплаўляліся. У нас са знойдзенага заставалася вельмі мала, пераважна тое, што прабівалася для музэяў. Вядома, ад пачатку 1990-х сытуацыя радыкальна зьмянілася, усё застаецца ў нас. Але тут сытуацыя якая: каб ракавецкі скарб таксама перадавалі ў Маскву, усё ж нейкія паперы засталіся б. Гэта значыць, не маглі здаць проста так, без аніякага афармленьня... Цьмяная гісторыя, ёсьць толькі вэрсіі, ня маю чаго пэўнага сказаць. Галоўная праблема, што гэта 1970-я. Каб хоць 1990-я, то ведалі б, як працаваць, па якіх ісьці сьлядох».

Паводле афіцыйных зьвестак, ад пачатку XIX стагодзьдзя на тэрыторыі Беларусі зарэгістравана каля 1500 скарбаў — манэтных, манэтна-рэчавых, рэчавых.

Згодна з Грамадзянскім кодэксам Беларусі, у выпадку, калі знаходка зьмяшчае прадметы, якія адносяцца да помніка гісторыі і культуры, яна падлягае перадачы ў дзяржаўную ўласнасьць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG