Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БПЦ абверглі паведамленьні аб магчымай адстаўцы мітрапаліта Паўла


Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі
Мітрапаліт Менскі і Слуцкі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі

Прэсавы сакратар Беларускай праваслаўнай царквы айцец Сяргей Лепін абверг інфармацыю, якая зьявілася на некаторых расейскіх сайтах пра тое, што ў Беларусі неўзабаве заменяць кіраўніка Царквы мітрапаліта Паўла, а на яго месца прызначаць зноў расейца — мітрапаліта Казанскага і Татарстанскага Феафана.

«Па-першае, пра тое, што мітрапаліт зьменіцца, пішуць ужо гадоў 5, з таго моманту, як яго толькі прызначылі.

Па-другое, мы з вамі чытаем адны і тыя ж тэлеграм-каналы і сайты.

На маю думку, ім трэба шукаць афіцыйныя крыніцы інфармацыі, а ня нейкія ананімныя крыніцы. Чаму пішуць зараз пра мітрапаліта Татарстанскага і Казанскага Феафана, трэба спытацца ў аўтараў. Раней фігуравалі іншыя асобы, цяпер нешта новенькае зьявілася. Я ня ведаю, адкуль яны гэта бяруць», — сказаў Сяргей Лепін.

Мітрапаліт Павел узначаліў БПЦ напрыканцы 2013 года. Яго папярэднік, мітрапаліт Філарэт, быў адпраўлены на спачын рашэньнем сіноду Рускай праваслаўнай царквы ад 25 сьнежня «ў сувязі з дасягненьнем 75-гадовага ўзросту». Беларускай праваслаўнай царквой Філарэт кіраваў з 1990 года.

Хто такі мітрапаліт Павел

Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі, патрыяршы экзарх Павел — у сьвецкім жыцьці Георгій Панамароў — нарадзіўся 19 лютага 1952 году ў Карагандзе, што ў Казахстане, у сям’і ссыльных. Пасьля службы ў войску скончыў прафтэхвучэльню, працаваў сьлесарам і кіроўцам, але пасьля пайшоў у Маскоўскую духоўную сэмінарыю, а ў 1977 годзе пастрыгся ў манахі пад імем Павел.

У 1981-м выпраўлены з духоўнай місіяй у Ерусалім, у 1988-м вернуты ў СССР і прызначаны намесьнікам Пскова-Пячэрскага манастыра. У 1992 годзе стаў кіраўніком патрыяршых прыходаў РПЦ у ЗША і Канадзе, у 1999-м — япіскапам Венскім і Аўстрыйскім (затым Венскім і Будапэшцкім). У 2003 годзе быў вернуты ў Расею — на пасаду архіяпіскапа Разанскага (пазьней — мітрапаліта Разанскага). Празь 10 гадоў быў прызначаны ў Беларусь.

Вядомыя беларусы ў 2014 годзе асудзілі прызначэньне мітрапалітам замежнага грамадзяніна, які не валодае беларускай мовай і ня мае беларускага грамадзянства.

Спачатку Павел абяцаў атрымаць беларускі пашпарт і вывучыць беларускую мову, але пазьней займеў ад Аляксандра Лукашэнкі дазвол не атрымліваць беларускага грамадзянства (хоць гэта не адпавядае закону, і ў ім няма ніякіх дадаткаў аб праве на такі дазвол кіраўніка дзяржавы). Падобна, што і моўнымі пытаньнямі ён не цікавіўся: у 2017 годзе яшчэ ня ведаў, што існуе ўжо некалькі перакладаў Новага Запавету на беларускую.

Павел зрабіў шэраг неадназначных выказваньняў як да прызначэньня ў Менск, так і падчас службы патрыяршым экзархам у Беларусі. У 2011 годзе ён выказваўся супраць акцыяў пратэсту, заяўляў пра гатоўнасьць Расеі ўжыць ядзерную і бактэрыялягічную зброю, «адкрыць чарнобыльскі кранік», каб пакараць праціўнікаў. Пазьней ён казаў, што яго няправільна зразумелі, але словаў пра «кранік» не тлумачыў.

Мітрапаліт Павел пра Канчыту: Не люблю сьлізкага

Павел выказваўся супраць нацыянальнай беларускай царквы: называў гэтую ідэю «спакусай д’ябла» і заяўляў, што «для Беларускай праваслаўнай царквы аўтакефалія — сьмерць». Пра ўніятаў ён казаў, што ў іх «свой Бог» — ня той, што ў праваслаўных.

Летам 2018 году Павел прызнаўся, што жыве ў «элітным» раёне Дразды (але зарэгістраваны ў эпархіяльным упраўленьні на вуліцы Вызваленьня) і езьдзіць на люксавай машыне «Майбах», якую яму падарылі на 65-годзьдзе.

12% беларускіх праваслаўных насамрэч атэісты. І яшчэ шмат лічбаў аб праваслаўі ў Беларусі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG