Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Герой-расеец, адважны беларус і баязьлівы ўкраінец — у новым расейскім фільме пра вайну. ТРЭЙЛЕР


«Т-34» — новы расейскі фільм пра савецкі танк, які, паводле стваральнікаў стужкі, адыграў ключавую ролю на Ўсходнім фронце Другой сусьветнай вайны.

Гэта апошні на дадзены момант у сэрыі буйнабюджэтных фільмаў на гістарычную ваенную тэматыку. Ён быў шчодра разрэклямаваны расейскай дзяржаўнай тэлевізіяй. Спонсарам стужкі выступіла Міністэрства культуры Расейскай Фэдэрацыі.

Фільм расказвае аб пэрыядзе 1941-1945 гадоў і аб малаверагоднай для рэальнага жыцьця спробе лейтэнанта Чырвонай арміі Мікалая Івушкіна ўцячы зь нямецкага лягеру для ваеннапалонных на танку Т-34. У канцы фільму на мосьце ў нямецкай вёсцы паблізу чэхаславацкай мяжы адбываецца эпічная танкавая бітва з запаволенымі палётамі снарадаў і сучаснымі эфэктамі. Вядома ж, пераможцам застаецца расейскі салдат Івушкін.

Паводле рэжысэра Аляксея Сідарава, мэта фільму — «расказаць гісторыю вайны так, каб захапіць моладзь і ня выклікаць пярэчаньняў у тых, хто яшчэ захоўвае Вялікую Айчынную вайну ў сваёй памяці». Міністэрства культуры Расеі прыводзіць гэтую цытату ў прэс-рэлізе.

Такая формула выкарыстоўваецца ў дзясятках падобных расейскіх фільмаў і, прынамсі ў гэтым выпадку, дасягнула сваёй мэты. З моманту агульнанацыянальнай прэм’еры 1 студзеня фільм сабраў больш за мільярд рублёў (амаль 15 млн даляраў), заняўшы першае месца ў расейскім кінапракаце. Больш за 4 мільёны гледачоў, паводле статыстыкі расейскіх кінафондаў, ужо паглядзелі стужку.

Магутная падтрымка адыграла сваю ролю. Прадусар «Т-34» — Лен Блаватнік, бізнэсоўца-мільярдэр, які паходзіць з Украіны і мае сувязі з Крамлём, — кажа, што для яго «Т-34» «ня проста бездакорна прыдуманы прыгодніцкі фільм».

«Мой дзед — франтавік, перамога ў Вялікай Айчыннай вайне — частка сямейнай гісторыі. Я вельмі ўважліва адбіраю праекты, і выбраў гэты фільм зь вельмі вялікай колькасьці прапаноў. Часткова гэта абумоўлена, у тым ліку і асабістымі матывамі», — сказаў Блаватнік журналістам на Канскім кінафэстывалі ў траўні 2017 году, дзе бюджэт фільму ацэньвалі ў 600 000 000 рублёў (у пераліку — амаль 9 млн даляраў).

Другая сусьветная вайна забрала жыцьці больш як 26 мільёнаў савецкіх грамадзян і стала аб’ектам нацыянальнага гонару.

Антон Долін падчас акцыі ў Маскве ў абарону ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова.
Антон Долін падчас акцыі ў Маскве ў абарону ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова.

Памяць аб гераічнай савецкай кампаніі, накіраванай на выцясьненьне нямецкіх захопнікаў, часта выкарыстоўвалася як падстава для прапаганды, адзначае расейскі кінакрытык Антон Долін.

Але ў сваім аглядзе для незалежнага інфармацыйнага сайту Meduza Долін сьцьвярджае, што «T-34» пазьбягае простых мэтадаў, якія дэманструюцца ў іншых фільмах на ваенную тэматыку, што былі спансаваныя ўрадам Расеі.

«Дзякуй аўтарам за тое, што зрабілі высокабюджэтны ваенны блокбастэр, амаль ачысьціўшы яго ад прапагандысцкага і ідэалягічнага складніка. Магчыма, пры яго апісаньні нават можна будзе абысьціся бяз слова „патрыятычны“», — піша Долін, зьвяртаючы ўвагу на тое, што нават слова «Сталін» тут згадваецца «толькі адзін раз, ды й тое жартам, што зьяўляецца рэдкасьцю».

Але «Т-34», падобна, ня цалкам свабодны ад алюзій да сучаснай геапалітыкі, кажа кінакрытык. «Сярод чальцоў экіпажу першага танка, які амаль адразу гіне, украінец і беларус — квота „братэрскіх народаў“ выкананая. Баязьлівы ўкраінец амаль адразу гіне, а вось моцны грунтоўны мэханік-вадзіцель беларус дажывае разам з Івушкіным да кульмінацыі», — заўважае Долін.

«Т-34» — гэта трэцяя расейская стужка, пачынаючы з 2012 году, прысьвечаная танкам пэрыяду Другой сусьветнай вайны. Але, у адрозьненьне ад сваіх папярэднікаў («Белы тыгар» 2012 году і «Танкі» 2018 году), ён аказаўся галоўным хітом расейскай аўдыторыі.

Згаданы фільм «Танкі» рэжысэра Кіма Дружыніна ня стаў пракатнай сэнсацыяй у Расеі, нават нягледзячы на тое, што ім асабіста займаўся міністар культуры Расеі Ўладзімір Мядзінскі. Ён наведваў здымкі гэтага фільму, які меў рабочую назву «Ўбачыць Сталіна». Першай аўдыторыяй, якая паглядзела гэтую стужку, паводле расейскай «Новай газэты», былі вайскоўцы расейскай авіябазы «Хмэймім» у Сырыі.

Фільм «Танкі», які крытыкі моцна хвалілі, аказаўся правальным у касавых зборах, а «T-34» пераплюнуў сваіх канкурэнтаў.

«Вайне дазволена быць прадметам навагодняй забавы. Што можа быць весялей, чым урэзаць фрыцам і раздушыць фашысцкую гадзіну, закусіўшы перамогу мандарынамі і запіўшы шампанскім?» — разважае расейскі кінакрытык Антон Долін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG